9 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на парадзе ў гонар 81-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які праходзіў на Краснай плошчы ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка прыбыў на Красную плошчу разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік беларускай дзяржавы разам з іншымі лідарамі размясціўся на цэнтральнай трыбуне побач з ветэранамі.
Пасля ваеннага парада Аляксандр Лукашэнка і кіраўнікі дэлегацый усклалі кветкі да Магілы Невядомага Салдата ла сцен Крамля, ушанаваўшы памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.
Ва ўрачыстасцях з выпадку 81-й гадавіны Перамогі ў Маскве таксама прынялі ўдзел прэзідэнты Казахстана, Узбекістана, Лаоса, вярхоўны правіцель Малайзіі.






Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Маскву 8 мая. Напярэдадні ўрачыстасці ў гонар гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. У ходзе сустрэчы беларускі лідар выказаўся аб значэнні свята і назваў Перамогу вялікім здабыткам.
"Гэта такое наша дасягненне. Нашы продкі ў свой час выратавалі ад карычневай чумы не толькі Еўропу - увесь свет. Зразумела, што было б не толькі з намі, прайграй гэту вайну нашы папярэднікі. Гэта наш вялікі здабытак. Мы з гэтага зыходзім. Гэта здабытак і расіян, і беларусаў, і ўсіх рэспублік Савецкага Саюза. Ваявалі ж усе (хай не да ўсіх вайна дайшла) і гінулі дзясяткамі, сотнямі, тысячамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля вяртання ў Мінск Прэзідэнт прыме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія пройдуць у беларускай сталіцы.