У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Чэр 2020

Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату

Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату

30 чэрвеня, Ржэў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час цырымоніі кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, а затым усклалі кветкі да мемарыяла. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.

"Вайна - гэта заўсёды кроў, жах і смерць. У гэтай нечалавечай, жорсткай рэальнасці бываюць рубяжы, процістаянне на якіх аплачана неймавернай цаной. Ржэў - менавіта такое месца, таму што за ім была сталіца нашай Радзімы і ўся наша вялікая краіна. Тут гарэла зямля, плавіўся камень і крышылася браня, але не здаваўся савецкі салдат. Ішоў урукапашную ў жорсткай схватцы з ворагам, калі заканчваліся патроны. Сыходзіў крывёю на снезе ў люты мароз. Паміраў, але стаяў насмерць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пада Ржэвам паляглі сотні тысяч герояў, і для кожнага з іх гэта была апошняя пядзя яго роднай зямлі. Гэтак жа, як для іншых воінаў, - Брэсцкая крэпасць, Неўскі выступ пад Ленінградам, Буйніцкае поле пад Магілёвам або Мамаеў курган у Сталінградзе, дадаў Прэзідэнт.

"Сёння мы адкрываем помнік воінам, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх народаў Савецкага Саюза. Мы аддаём ім свой сыноўскі абавязак, абавязак святой памяці. Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем, мы пазбегнем гэтай страшнай трагедыі. Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых святых мясцін - мы абавязкова будзем ваяваць. У гэтым сэнс нашых дзеянняў у гэтыя светлыя святы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў стваральнікам гэтага грандыёзнага помніка, а таксама кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, ураду Цвярской вобласці, Расійскаму ваенна-гістарычнаму таварыству, творчаму калектыву і ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у будаўніцтве.

Прэзідэнт упэўнены, што мемарыял Савецкаму салдату пада Ржэвам заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы паміж Расіяй і Беларуссю, месцам усеагульнага гонару і пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у міжнароднай акцыі "Сад памяці". Ён і расійскі лідар пасадзілі саджанцы елкі. Акцыя стартавала ў сакавіку 2020 года і прадугледжвае высадку 27 млн дрэў у Расіі і іншых краінах СНД у памяць аб загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з валанцёраў прапанавала кіраўнікам дзяржаў завяршыць гэту акцыю 22 чэрвеня 2021 года - у дзень 80-годдзя пачатку вайны - у Брэсцкай крэпасці, пасадзіўшы дрэвы ў гонар усіх загінулых там. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову. "Чакаем", - сказаў ён.

Затым прэзідэнты наведалі філіял Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны Ржэўскай бітве, дзе для іх правялі кароткую экскурсію.

Мемарыяльны комплекс узведзены ля вёскі Харошава Ржэўскага раёна Цвярской вобласці паблізу федэральнай аўтамабільнай трасы М9 Масква - Рыга. Ён створаны на народныя ахвяраванні па ініцыятыве ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Праект рэалізаваны Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, Мінкультуры Расіі і ўрада Цвярской вобласці. Мемарыял прысвечаны памяці савецкіх салдат, якія загінулі ў баях пада Ржэвам у 1942-1943 гадах.

Цэнтральным аб'ектам комплексу з'яўляецца 25-метровая скульптура салдата на 10-метровым насыпным кургане.

У комплекс уваходзіць музейна-гістарычны павільён. Музей аснашчаны мультымедыйным абсталяваннем, з дапамогай якога наведвальнікі могуць азнаёміцца з фатаграфіямі, франтавымі пісьмамі, расказамі, успамінамі ўдзельнікаў Ржэўскай бітвы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі