Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Ліс 2020

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы апостальскага нунцыя і паслоў шасці дзяржаў

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы апостальскага нунцыя і паслоў шасці дзяржаў

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння даверчыя граматы апостальскага нунцыя і паслоў шасці дзяржаў. Цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч, пасол Венесуэлы Франклін Рамірэс Араке, пасол Ірана Саід Яры, пасол КНДР Зу Зен Бон, пасол Сірыі Махамад аль-Умрані, пасол Турцыі Мустафа Азджан, пасол Японіі Хірокі Такунага.

Па традыцыі кіраўнік дзяржавы выказаўся аб супрацоўніцтве Беларусі з кожнай з дзяржаў, якія прадстаўляюць дыпламаты.

Аб Ватыкане

"Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Ватыкан. На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна развіваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, процідзеянне насіллю ў адносінах да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівае месца ў двухбаковым парадку дня займаюць пытанні міжканфесійнага міру. "Разлічваем на кансалідуючую і канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым прастолам.

Аб Турцыі

Кіраўнік дзяржавы назваў Турцыю важным саюзнікам, яна першай прызнала незалежнасць Беларусі. "У час майго візіту ў Анкару ў мінулым годзе мы з Прэзідэнтам Эрдаганам намецілі шэраг крокаў, якія прызначаны ўмацаваць гандлёвыя і гуманітарныя сувязі, пашырыць кантакты паміж грамадзянамі нашых краін", - адзначыў беларускі лідар.

"Мінск і Анкара адзіныя ў меркаванні, што рэзультатыўны эканамічны дыялог - ключ да поспеху і прагрэсу. Таму важна, каб дасягнутыя намі дамоўленасці не засталіся на паперы, а ўжо ў бліжэйшы час былі ўвасоблены ў жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Іране

Прэзідэнт адзначыў, што Іран з'яўляецца адным са значных эканамічных і палітычных партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе. "У нас вялікі патэнцыял, які, без сумнення, раскрыты далёка не цалкам", - сказаў ён.

Беларускі бок вітае прыпыненне шэрага абмежаванняў у адносінах да Ірана з боку ААН і спадзяецца на далейшыя канструктыўныя крокі, накіраваныя на стабілізацыю ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе.

"Удзячны вашай краіне за падтрымку Беларусі на шматбаковых пляцоўках. Мы таксама будзем адказваць узаемнасцю і гатовы да прадаўжэння ўзаемадзеяння з Іранам у міжнародных арганізацыях", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб Сірыі

"Трывалыя сувязі, якія характарызуюцца высокім даверам, шчырай дружбай, устаноўлены паміж Мінскам і Дамаскам. Беларусь актыўна падтрымлівае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і выступае за неўмяшанне ва ўнутраныя справы Сірыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў перакананне, што намаганні сірыйскага кіраўніцтва, накіраваныя на хутчэйшае ўрэгуляванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, аднаўленне эканомікі і сацыяльнай сферы, будуць садзейнічаць актывізацыі ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.

Аб Венесуэле

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Лацінскай Амерыцы ў Беларусі напрацаваны значны вопыт двухбаковых адносін з Венесуэлай.

"Мы будзем і далей аказваць вашай краіне пасільную падтрымку. Вельмі спадзяюся, што новы пасол будзе ўсяляк садзейнічаць актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёвай і гуманітарнай сферах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб КНДР

Беларусь разлічвае на ўмацаванне адносін з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай.

"Неапраўдана нізкі ўзровень адносін у нас, нам трэба актыўней працаваць у гэтым напрамку. Мы ўважліва сочым за развіццём абстаноўкі на Карэйскім паўвостраве, падтрымліваем усе намаганні па забеспячэнні міру і вырашэнні існуючых супярэчнасцей у гэтым рэгіёне ў цэлым, - сказаў Прэзідэнт. - Зацікаўлены прадаўжаць канструктыўныя кантакты ў міжнародных арганізацыях. Просім новага кіраўніка дыпмісіі звярнуць увагу на такія сферы супрацоўніцтва, як вытворчасць лякарстваў і прадуктаў харчавання, прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі".

Аб Японіі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, узаемадзеянне з Японіяй мае значныя рэзервы ў гандлі, прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве, у галіне навукі і тэхналогій.

"Мы вельмі высока цэнім навуковую і гуманітарную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыля. Са свайго боку гатовы і далей дапамагаць вашай краіне пасля аварыі на Фукусіме і прадоўжыць аздараўленне японскіх дзяцей у Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што маючыя адбыцца летняя Алімпіяда і Паралімпійскія гульні ў Токіа ў 2021 годзе стануць не толькі яркім святам спартыўных дасягненняў, але і будуць садзейнічаць з'яднанню народаў.

Звяртаючыся да ўсіх дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны прадстаўляюць краіны, якія знаходзяцца на розных кантынентах. "Але ўсіх нас аб'ядноўвае адно натуральнае імкненне зрабіць свет больш бяспечным, эканоміку больш устойлівай, а жыццё простых людзей лепшым. Беларусь умее цаніць шчырасць, давер і заўсёды адкрыта для любых канструктыўных ініцыятыў", - запэўніў беларускі лідар.

"Перакананы, што вы не проста будзеце добразычлівымі і непрадузятымі наглядальнікамі за працэсамі, якія адбываюцца, а будзеце аказваць усялякае садзейнічанне фарміраванню раўнапраўных, узаемавыгадных адносін з Беларуссю. Вам пад сілу зблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, дапамагчы пашырэнню гуманітарнага супрацоўніцтва і міжасобасных кантактаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі