Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

2 Sep 2019

Лукашэнка правёў для старшакласнікаў першы ўрок

Лукашэнка правёў для старшакласнікаў першы ўрок

2 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, наведваючы школу-новабудоўлю ў Мінску, правёў для старшакласнікаў першы ўрок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тэма першага ўрока, як і ў іншых школах краіны, - "Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!". Ён прысвечаны таму, як вучні бачаць сучаснае і будучае дзяржавы, свой удзел у яе развіцці.

Аляксандр Лукашэнка зайшоў у адзін з класаў і далучыўся да вучэбнага працэсу, выклікаў некалькі вучняў да дошкі, каб абмяняцца думкамі. Размова ішла пра вучобу, выбар будучай прафесіі, заняткі спортам, пытанні экалогіі і шмат іншае.

"Адразу сэрца дрыжыць, калі заходзіш у клас. Некалі я таксама пачынаў так (працаваў настаўнікам у школе. - Заўвага БЕЛТА), таму вельмі прыемна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, увайшоўшы ў клас.

Дзеці якраз абмяркоўвалі са сваім настаўнікам, як развіваецца Беларусь, і што зрабіць, каб гэты працэс ішоў сямімільнымі крокамі. "Сямімільнымі складана. Дай бог, я буду рады, калі вы са сваім аптымістам-настаўнікам нададзіце большую дынаміку развіццю Беларусі. Тое, што ён вам задачы такія ставіць, гэта правільна!" - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым канстатаваў, што вырабіць у краіне могуць многае, але важна прадаць гэтыя тавары на знешніх рынках. "Канкурэнцыя вельмі моцная. Я буду рады, калі нават пасля мяне, калі я ўжо не буду Прэзідэнтам, наша краіна будзе развівацца сямімільнымі крокамі", - падкрэсліў ён.

Школьнікам было прапанавана задаць кіраўніку дзяржавы свае пытанні, аднак Аляксандр Лукашэнка выбудаваў дыялог па-іншаму. Ён узяў спіс вучняў класа і сам пачаў выклікаць дзяцей да дошкі для падрабязнай гутаркі.

Аб працы ў вучобе

Першы выбар прыпаў на вучаніцу па імені Ганна. Яна расказала, што ёй хацелася б, каб больш людзей займаліся спортам, мелі менш шкодных звычак, каб больш развівалася ІТ-сфера.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на практычны аспект: спортам можна займацца, асабліва высокатэхналагічным, толькі тады, калі на гэта ёсць грошы. "Для таго каб былі грошы, патрэбна добрая вытворчасць. Нам трэба атрымаць гэтыя веды, перш за ўсё гэта цяжкая праца", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падрабязна на ўласным прыкладзе расказаў аб напружанай вучобе, дзякуючы чаму школу скончыў на выдатна. "У вытворчасці будзе цяжка, калі вы не атрымаеце асноўных ведаў", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што многае ў жыцці залежыць не столькі ад дзяржавы, колькі ад стараннасці і імкнення саміх людзей, і школьныя гады - вельмі важны этап. "Не згубіце гэты дарагі час", - дадаў ён.

Аб ІТ-сферы

"Што датычыцца ІТ, мы пераціснулі ў грамадстве гэту тэму. Усе хочуць быць айцішнікамі. Але ўсе вы не будзеце айцішнікамі. У гэтай сферы (я яе ствараў з нуля ў Беларусі і добра яе ведаю) не ўсё так добра. Але галоўнае - не ў кожнага да гэтага схільнасці і здольнасці", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што не менш важныя і іншыя напрамкі ў структуры эканомікі краіны і для жыцця людзей у цэлым. "Любы айцішнік пасля работы куды ідзе? У магазін. А там пакуль не ІТ, а селянін, рабочыя (адзенне, абутак, прадукты). ІТ сёння з'яўляецца добрым памочнікам - каб прадукцыйнасць была лепшай, якасны быў тавар, танней. Пакуль гэта як дапаможны (элемент. - Заўвага БЕЛТА). Недзе з дапамогай ІТ больш рушылі наперад - у космасе, высокіх тэхналогіях, атамнай энергетыцы. Толькі не стаўце перад сабой мэту: абавязкова ІТ. Вы проста будзеце перад сабой ставіць памылковыя мэты".

Аб грашах і смартфонах

Наступнага вучня, які выйшаў да дошкі, - Елісея - Прэзідэнт спытаў, што ён хацеў бы змяніць з таго, што бачыць у краіне, вакол сябе. Вучань адразу адказаў, што было б нядрэнна зрабіць яшчэ больш зручнай сістэму разлікаў за пакупкі - не наяўнымі грашамі або пры дапамозе карткі, а, напрыклад, на падставе адпячатка пальцаў.

"Гэта значыць спрасціць жыццё...", - адзначыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён успомніў, якія цяжкія былі часы ў яго дзіцячыя гады: "Бедната была страшная. Грошай не хапала. Даводзілася працаваць усё лета, каб зарабіць нейкую капейку, нармальна адзецца".

Што датычыцца разлікаў па адпячатку пальцаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы да гэтага ідзём".

Яшчэ адна навацыя, якую хацелася б бачыць школьніку, гэта каб прыпынкі грамадскага транспарту былі абсталяваны ўстройствамі для зарадкі смартфонаў. Прэзідэнт адказаў, што гэта не праблема, але параіў быць акуратнымі пры выкарыстанні смартфонаў, думаць пра бяспеку персанальных даных. "У школу, калі вы і прынеслі, яны не павінны вам перашкаджаць. Вы трапляеце ў жорсткую залежнасць ад гэтага прагрэсу нашага грамадства. Не губляйце кантакт з традыцыйным носьбітам ведаў - кнігай. Не забывайце аб гэтым", - заклікаў беларускі лідар.

Аб адзенні

Прэзідэнт параіў школьнікам апранацца акуратна і з густам. "Не расходуйце лішнія грошы", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Захадзе многія палітыкі і багатыя людзі апранаюцца вельмі проста: "З цягам часу я зразумеў, што яны на гэтым не зацыкліваюцца. Гэта дрэнны стыль, калі ты пачынаеш прыбіраць сябе незразумела як".

Аб электратранспарце і экалогіі

Адна з вучаніц папрасіла, каб у Беларусі актыўней развіваўся каршэрынг - арэнда аўтамабіляў, а таксама аналагічныя паслугі па пракаце веласіпедаў, самакатаў і іншага транспарту. "Гэта было б добра для экалогіі", - адзначыла яна.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што сам з'яўляецца паклоннікам электратранспарту. "Самы любімы - электраматацыкл. Наш мінскі завод ужо робіць. Добрая штука. Вядома, ён не ляціць на 180 км/гадз, як "Тэсла". Але вельмі прыемна. І цябе ў гэтым падтрымліваю. Мы будзем усё больш пераходзіць на электрамабілі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ёсць шмат людзей, якія хацелі б жыць і працаваць у цэнтры сталіцы, а тэрыторыі ўздоўж кальцавой лічаць не вельмі добрымі з пункту гледжання экалогіі з-за вялікай колькасці машын. Аднак сітуацыя іншая, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Машына (па МКАД. - Заўвага БЕЛТА) перамяшчаецца на вялікай скорасці. Спальваецца ўсё паліва. Няма гэтага бруду, які выкідваецца на праспектах у горадзе. Калі няма ветру, збіраецца шмат неадпрацаваных газаў, і ўвесь гэты бруд, гадасць вывальваецца на цэнтральных праспектах. А ты там працуеш і жывеш. Глупства абсалютнае. Лепш жыць дзе-небудзь далей ад цэнтра з пункту гледжання экалогіі", - сказаў беларускіх лідар.

Ён таксама падкрэсліў важнасць азелянення тэрыторый, чаму ўдзяляецца павышаная ўвага ў тым ліку ў рамках трохгоддзя Года малой радзімы.

Аб спорце

Другі вучань прыцягнуў увагу кіраўніка дзяржавы да пытання развіцця інфраструктуры для заняткаў спортам, асабліва на перыферыі. У адным з населеных пунктаў ён звярнуў увагу, як хлопцы гулялі ў футбол на няроўнай паляне, выкарыстоўваючы замест штанг варот свае партфелі. "Не ўсюды гэта зробіш. Таму што дзеці ёсць дзеці. Яны ідуць, ім захацелася дзесьці пагуляць. Рукзакі паставілі і пачалі. Мне гэта знаёма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў свой час менавіта на такой пляцоўцы пашкодзіў калена, займаючыся футболам.

Разам з тым ён згадзіўся, што яшчэ ёсць недапрацоўкі і ў плане наяўнасці інфраструктуры: "Ты маеш рацыю, гэта недзе наша недапрацоўка".

Прэзідэнт у якасці станоўчага моманту адзначыў, што, напрыклад, у гэтай школе ёсць магчымасць займацца лыжамі. "Вы навучыцеся бегаць на лыжах. І потым з часам гэта вам спатрэбіцца. Як мне. Я не быў хакеістам, але ў дзяцінстве гулялі зімой. Канькі да валёнкаў прывязвалі. А калі праблема з каленам (узнікла. - Заўвага БЕЛТА), я пачаў гуляць у хакей (там мякчэй рухі), я гэта ўспомніў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Ты абсалютна маеш рацыю. Добра, што ты гэта заўважаеш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка школьніку. Пры гэтым дадаў: "Калі ён бачыць гэтыя недахопы, значыць, гаспадар будзе добры".

Аб запатрабаваных прафесіях

У Прэзідэнта пацікавіліся, якія, на яго погляд, прафесіі будуць запатрабаваны ў будучыні. "Будуць усе прафесіі запатрабаваны. Вы іх бачыце. Яшчэ раз гавару, не зацыклівайцеся сёння - у IT, або касманаўт вялікі, або даследчык. Спакойна вучыцеся. Вы адчуеце свае здольнасці да чаго-небудзь. У матэматыцы - ідзіце на фізмат. Любыя прафесіі, якія вы ведаеце, будуць запатрабаваны ў будучыні. У рэшце рэшт яшчэ і самі прыдумаеце нейкую прафесію, чым займацца. Але запомніце: у вас павінны быць да гэтага здольнасці. Калі не - можна, але гэта цяжка", - падзяліўся меркаваннем Аляксандр Лукашэнка.

Для яго ж самая лепшая прафесія - гэта настаўнік або кіраўнік нейкага прадпрыемства. "Я прайшоў усе гэтыя прыступкі. Не скажу, што самая лепшая работа - Прэзідэнтам. Мне прыемна было працаваць у сельскай гаспадарцы", - расказаў беларускі лідар.

Што ж датычыцца перыяду работы настаўнікам у школе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без гэтага вопыту, без педадукацыі не быў бы і Прэзідэнтам.

"Трэба вучыцца. Абавязкова!" - заклікаў ён школьнікаў.

Аб вучэбнай праграме ў школах

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў школе неабходна закласці добрую базу ведаў, але без вузкаспецыялізаваных празмернасцей. "Не трэба даваць праз меру дзецям у школе за 11 гадоў усё. Трэба даць базу. Каб чалавек мог вызначыцца, чым займацца далей. Калі ён паступіў у ВНУ на матэматычны факультэт - вось там з раніцы да ночы. Але там лягчэй, чым у школе, таму што ты выбраў свой профіль і па ім рухаешся", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аб барацьбе са шкоднымі звычкамі

Адзін з вучняў падняў праблему распаўсюджвання шкодных звычак сярод моладзі, у тым ліку школьнікаў. "Абсалютна цябе падтрымліваю", - згадзіўся з ім Прэзідэнт.

"Пра наркотыкі проста нават гаварыць не хачу. Нядаўна мы законы прынялі вельмі строгія. Цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не такія аддаленыя, просяць змякчыць гэты закон, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта па маёй ініцыятыве былі прыняты адпаведныя законы. Прытым недзе мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі ўжывае, - хворы чалавек. І я лічыў, што іх трэба выхоўваць працай - у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваем, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачынаюць адвучваць ад гэтага".

 "Таму недзе, напэўна, мы павінны больш іх лячыць. Але не дараваць тым, хто ўжывае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Думаю, трэба сустрэцца з гэтымі бацькамі, якія хочуць са мной сустрэцца. Але ім жа трэба нешта сказаць, і адносна гэтага мы думаем, што зрабіць. А тым, хто сюды прывозіць, распаўсюджвае наркотыкі, ніякай літасці не будзе. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, здольны на ўсё. Гэта страшныя людзі. Да тых, хто з'яўляецца крыніцай гэтага страшнага зла, мы будзем адпаведным чынам ставіцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўводзіць абмежаванні і забароны, у тым ліку па курэнні ў грамадскіх месцах, у частцы продажу тытуню, трэба акуратна і паступова. "Па антынаркатычным заканадаўстве мы пераканаліся, што мы вельмі строга гэта зрабілі. Адпусцім, але крыху", - дадаў ён.

Аб дысцыпліне

Прэзідэнт у цэлым заклікаў да большай дысцыпліны ў сценах школы, арыентаванасці на вучобу і дасягненне выніку. "Школу трэба прыводзіць да прытомнасці. Школа - гэта храм. Ты прыйшоў сюды, табе тут бясплатна даюць адукацыю", - заўважыў ён.

"Не трэба баяцца забараніць лішні раз тэлефоны, розныя гаджэты. Гэта вам перашкаджае. Пацярпіце паўдня ў школе. Трэба ў школе наводзіць належны парадак. Павінна быць дысцыпліна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што, вядома, важна і асоба настаўніка, яго прафесіяналізм, каб зацікавіць вучняў і даць ім веды.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы сфатаграфаваўся з вучнямі на памяць.

Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі новай школы нумар 93 у Мінску. У прыватнасці, кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі асартымент страў школьнага харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што выбар павінен рабіцца на карысць беларускай кухні і айчынных прадуктаў. Пры гэтым харчаванне ўсіх дзяцей павінна быць арганізавана на належным узроўні і аднолькавых умовах.

"Вы карміце дзяцей як належыць, традыцыйна. Харчавацца трэба тым, што ў нас вырошчваецца. І не забывайце: тое, як вы карміць дзяцей будзеце ў дзяцінстве, тое яны будуць потым любіць і з задавальненнем есці. Я гэта ведаю па сабе. Мне могуць любую страву згатаваць, але я харчуюся вельмі проста, - адзначыў Прэзідэнт. - Грошы трэба лічыць, але так, каб смачна было дзецям, і са сваіх прадуктаў".

У школе Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў блок працоўнага навучання - майстэрні па апрацоўцы тканін і драўніны, агледзеў памяшканні для заняткаў спортам, дзе якраз праходзілі заняткі з дзяўчатамі па баскетболе, а з юнакамі - па гандболе. На памяць дзецям застаўся мяч з аўтографам кіраўніка дзяржавы.

На заканчэнне Прэзідэнту падарылі зробленыя школьнікамі сувеніры - лялькі ў вобразах першакласніка і першакласніцы. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў майстэрства і даручыў размясціць гэтыя падарункі ў музеі ў Палацы Незалежнасці, дзе захоўваюцца іншыя сувеніры ад замежных лідараў і не толькі.

Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у школьнай Кнізе ганаровых гасцей з пажаданнем, каб новая школа стала ўтульным домам для многіх пакаленняў вучняў і педагогаў: "Няхай тут заўсёды пануе атмасфера дружбы і ўзаемнай павагі, а кожны новы дзень дорыць усім радасць цікавых адкрыццяў і асабістых дасягненняў".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі