Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

12 Jun 2018

Лукашэнка прапануе Індыі больш рашуча развіваць эканамічныя адносіны

Лукашэнка прапануе Індыі больш рашуча развіваць эканамічныя адносіны

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Індыі трэба больш рашуча і актыўна развіваць эканамічныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са спікерам ніжняй палаты парламента Індыі Сумітрай Махаджан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Улічваючы наша адзінства меркаванняў па міжнародным парадку дня, узаемавыгадную падтрымку ў міжнародных арганізацыях, перш за ўсё ў ААН, нам трэба рухацца больш рашуча і актыўна ў развіцці эканамічных адносін, у сферы інвестыцый і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які нядаўна прайшоў у Кітаі, ён абмяркоўваў з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі развіццё двухбаковых адносін, бакі намецілі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Мы вельмі шмат і доўга гаварылі пра беларуска-індыйскія адносіны", - дадаў Прэзідэнт.

Візіт Сумітры Махаджан у Беларусь сведчыць аб умацаванні адносін паміж кіраўніцтвам абедзвюх краін, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Нам вельмі хацелася б, каб гэтыя палітычныя кантакты мелі пад сабой вельмі трывалую гандлёва-эканамічную аснову, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб перайсці ад звычайнага гандлю (гэта таксама, вядома, трэба) да сумеснага інвесціравання, стварэння прадпрыемстваў як у Індыі, так і на тэрыторыі Беларусі".

Беларусь раней прапанавала індыйскаму боку стварыць сумесны індустрыяльны парк для вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі па вопыце супрацоўніцтва з Кітаем. Акрамя таго, краіна прапануе выкарыстоўваць свае транспартна-лагістычныя магчымасці для гандлю індыйскімі таварамі ў рэгіёнах ЕС і ЕАЭС. "Прапановы застаюцца ў сіле. Я ведаю, што ваш бок станоўча ўспрымае такія прапановы. Хацелася б, каб мы больш аператыўна пераходзілі на рэйкі будаўніцтва гэтага парка ў Беларусі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Улічваючы ролю парламента ў Індыі, я прасіў бы вас узяць пад сур'ёзны кантроль напрамкі супрацоўніцтва вашай краіны з Беларуссю, асабліва ў сферы інвестыцый", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Парламенцкая дэлегацыя Індыі наведвае Беларусь 9-13 чэрвеня. Сумітра Махаджан правяла ўжо сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

Плануецца, што індыйскія парламентарыі наведаюць Мінскі трактарны завод, Парк высокіх тэхналогій, Беларуска-індыйскі вучэбны цэнтр у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, Нацыянальную бібліятэку і музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя таго, дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі індыйскай абшчыны, якія пражываюць у Беларусі.

Індыя - найбольш буйны і перспектыўны гандлёвы партнёр Беларусі ў Паўднёвай Азіі. У 2017 годзе тавараабарот паміж краінамі перасягнуў $455 млн, павялічыўшыся амаль на 12 працэнтаў. Пры гэтым Беларусь мае дадатнае сальда $161 млн.

У студзені-сакавіку беларускі экспарт склаў $95 млн і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 39,2 працэнта. Беларусь пастаўляе ў Індыю калійныя ўгнаенні, хімічную прадукцыю і апрацаваную скуру.

Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў верасні мінулага года краіны дамовіліся лакалізаваць у Індыі вытворчасці вядучых машынабудаўнічых брэндаў Беларусі, стварыць цэнтры дэманстрацыі беларускіх тэхналогій і падрыхтоўкі прафесійна-тэхнічных кадраў, нарасціць у Беларусі вытворчасць лякарстваў па індыйскіх тэхналогіях, павялічыць аб'ёмы ўзаемнага гандлю і пашырыць узаемадзеянне ў сферы паслуг.

Беларусь і Індыя таксама дамовіліся прапрацаваць варыянты асваення індыйскай крэдытнай лініі ў памеры $100 млн для стварэння вытворчасцей у асаблівай эканамічнай зоне "Брэміна-Орша". У чэрвені дэлегацыя інвестараў наведала Беларусь, пабываўшы ў тым ліку на гэтым аб'екце.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі