Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

18 Лют 2015

Лукашэнка прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць новыя праекты ў Беларусі

Лукашэнка прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць новыя праекты ў Беларусі

18 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць шэраг новых праектаў у Беларусі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сума Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць укладання сродкаў у праекты ў сферы ЖКГ, адзначыўшы, што ў Беларусі заняліся сур'ёзным рэфармаваннем сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - мадэрнізацыя транспартнай сістэмы. "Склалася патавая сітуацыя з транзітам з усходу на захад і наадварот, у сувязі з падзеямі ва Украіне. Такім чынам, застаецца адзін бяспечны і надзейны напрамак - Беларусь. У сувязі з павялічаным патокам транспарту праз Беларусь мы баімся перагружанасці нашай інфраструктуры, таму аператыўна і масіравана вядзём мадэрнізацыю транспартнай сістэмы, як аўтамабільнай, так і чыгуначнай", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок прасіў падтрымкі ў гэтым плане Сусветнага банка, і ён не адмаўляе, а таксама просіць аказаць дапамогу ў вырашэнні гэтага пытання і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. "Мы на працягу двух гадоў змаглі б вырашыць гэту праблему, таму што могуць надысці часы, калі мы проста не зможам такую масу транспарту прапусціць праз Беларусь", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі абазначыў яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння - аграбізнес. "Калі вы палічыце неабходным удзельнічаць у гэтых праектах, мы таксама будзем вам удзячны", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь сур'ёзна зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з ЕБРР. "Разумею, што асаблівых праблем у вас з нашым бокам няма. Калі гэта так, я вам гарантую, што і ў далейшым будзе гэтак жа. Вы не будзеце мець праблем у супрацоўніцтве з Беларуссю. І калі мы з вамі дамаўляемся, будзем гарантаваць з боку дзяржавы гэта супрацоўніцтва, будзем яго падтрымліваць, рабіць усё, каб гэта супрацоўніцтва было мэтанакіраваным, сумленным, пазбаўленым усякай карупцыі і бяспечным", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР запэўніў, што на працягу апошніх трох гадоў было добрае ўзаемадзеянне з Беларуссю. У краіну было інвесціравана больш як 700 млн еўра, нягледзячы на абмежаванні. "Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвестараў", - сказаў Сума Чакрабарці, дадаўшы, што ў першую чаргу размова ідзе аб кампаніі "Штадлер".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі