Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Крс 2021

Лукашэнка пра развіццё чарнобыльскіх тэрыторый: трэба дакладна разумець, дзе будуць жыць людзі

Лукашэнка пра развіццё чарнобыльскіх тэрыторый: трэба дакладна разумець, дзе будуць жыць людзі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе дакладнага планавання і разліку ў пытанні развіцця пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый. Аб гэтым ён заявіў 24 красавіка, наведваючы ў Нараўлянскім раёне Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Напрыклад, у Нараўлянскім раёне акрамя самога райцэнтра ёсць яшчэ шэраг населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на перспектыву важна разумець, дзе менавіта будуць жыць людзі ў гэтых рэгіёнах. Размова не толькі пра Нараўлянскі, але і пра Брагінскі, Хойніцкі раёны, іншыя тэрыторыі.

Зразумела, вакол буйных населеных пунктаў і саміх райцэнтраў трэба ў першую чаргу планаваць развіццё тых ці іншых відаў напрамкаў эканамічнай дзейнасці, стварэнне рабочых месцаў. Гэта не толькі сельская гаспадарка, але і лясная галіна, турызм, невялікія вытворчасці і іншыя сферы. Напрыклад, у рэгіёне адкрываюцца новыя радовішчы карысных выкапняў.

"Павінны быць буйныя населеныя пункты. Трэба дакладна ўяўляць, дзе будуць жыць людзі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Цяперашні стан спраў і работу ў гэтым напрамку кіраўнік дзяржавы лічыць недастаткова здавальняючымі. "Мне здаецца, мы так, ад выпадку да выпадку займаемся гэтай зонай", - сказаў Прэзідэнт, арыентуючы службовых асоб на дасягненне больш значных вынікаў.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе комплекснага падыходу і даручыў усё дадаткова прадумаць і прапісаць у адпаведнай новай праграме, аналагічнай той, якая раней была прынята адносна паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на развіцці лясной гаспадаркі, уключаючы лесааднаўленне, лесанарыхтоўку, перапрацоўку. "Трэба тут пабудаваць столькі перапрацоўчых прадпрыемстваў, колькі патрэбна. Зыходзіць трэба не з пункту гледжання рабочых месцаў, а эфектыўнасці. І па ўсіх гэтых трох раёнах, асабліва зоне, мы павінны дакладна вызначыцца", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба ў цэлым вызначыцца, што мы тут будзем рабіць. Канчаткова вызначыцца, што і дзе будзем ствараць пад інвестыцыйныя праекты. Нельга кідаць гэтыя землі", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што дзяржава не кінула гэтыя землі, шмат зроблена, але патрэбны большы вынік.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць максімум за бягучую пяцігодку. "Мы павінны за кошт поўдня Беларусі дабавіць у самой Беларусі. Гэта наш рэзерв, на які мы не звярталі ўвагі. Надышоў час і гэтыя землі - адназначна вызначыцца і падняць іх. Калі мы гэта не зробім, цяперашняе пакаленне, ніхто не зробіць яшчэ 35 гадоў", - сказаў ён.

У Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку на тэрыторыі Нараўлянскага раёна Аляксандр Лукашэнка наведаў былы населены пункт Цяшкоў, дзе арганізаваны пчальнік. Тут дзякуючы правільнай арганізацыі работы ўдаецца атрымліваць нарматыўна-чысты мёд нават ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэты напрамак можна яшчэ дадаткова развіваць, ёсць вялікі неасвоены патэнцыял. На заканчэнне наведвання пчальніка Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў мясцовую прадукцыю.

Прэзідэнт таксама паразмаўляў з майстрамі, якія займаюцца лозапляценнем, саломапляценнем, разьбой па дрэве. Кіраўнік дзяржавы выказаў нараканні ў адрас чыноўнікаў, што ў свой час дзяржава хоць і дала магчымасць для развіцця рамесніцтва, самазанятасці, але трэба яшчэ і прасоўваць адпаведную прадукцыю на рынках, імкнуцца камерцыялізаваць гэтыя народныя промыслы.

У Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў каняферму, азнаёміўся з арганізацыяй работы па развядзенні і гадоўлі племянных коней. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў цэлым гэта перспектыўны напрамак для гэтай мясцовасці, але ёсць некаторыя асаблівасці. У прыватнасці, трэба дадаткова вывучыць магчымасці для пашырэння кармавой базы.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельскай вобласці і раёна. Так, тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту ў вобласці за першы квартал бягучага года склаў 101,4 працэнта. Індэкс вытворчасці за студзень - сакавік у прамысловасці - 111,6 працэнта. Але адзначаецца зніжэнне ў сельскай гаспадарцы, ёсць недахоп фінансавых сродкаў. Губернатар, Генадзь Салавей, расказаў, што робіцца для ўстаранення існуючых недахопаў. Ідзе зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі на складах. У плюсе таксама знешні гандаль таварамі. Агульны аб'ём за студзень-люты - амаль $745 млн, прырост да аналагічнага перыяду 2020 года - $198,7 млн.

Прэзідэнту таксама далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці эксперыментальна-гаспадарчай і запаведнай зон запаведніка, перспектывах далейшага развіцця 30-кіламетровай зоны вакол Чарнобыльскай АЭС. Размова таксама ішла аб рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якая ўключае такія напрамкі, як сацыяльная абарона насельніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў, радыяцыйная абарона і адраснае прымяненне ахоўных мер.

Па выніках пяці візітаў кіраўніка дзяржавы (у 1996, 1998, 2001, 2009 і 2017 гадах) у запаведніку, згодна з яго даручэннямі, арганізаваны наступныя напрамкі дзейнасці: дрэванарыхтоўка і дрэваперапрацоўка, конегадоўля, пчалярства, пладаводства, рыбалоўная гаспадарка, турызм, паляванне. У эксперыментальнае выкарыстанне ўведзена 700 га ўгоддзяў для вытворчасці кармоў і вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

У мэтах развіцця турызму на тэрыторыі запаведніка распрацавана 7 інфармацыйна-экалагічных экскурсійных маршрутаў для групавых і індывідуальных наведванняў (6 аўтамабільных і 1 водны).

Акрамя таго, у запаведніку вядзецца навуковая работа, яна адыгрывае важную ролю ў захаванні біяразнастайнасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі