Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Ліс 2020

Лукашэнка пра адкрыццё 3-й лініі метро: гэта паказчык нашай сацыяльнай і палітычнай устойлівасці

Лукашэнка пра адкрыццё 3-й лініі метро: гэта паказчык нашай сацыяльнай і палітычнай устойлівасці

6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця трэцяй лініі мінскага метро ад станцыі "Кавальская Слабада" да "Юбілейнай плошчы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на станцыю "Кавальская Слабада", дзе яго сустракалі дырэктар Мінскага метрапалітэна Уладзімір Сотнікаў, генеральны дырэктар "Мінскметрабуда" Леанід Стухальскі, іншыя адказныя асобы, а таксама прадстаўнікі працоўных калектываў названых арганізацый.

Для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі Аляксандр Лукашэнка спусціўся на станцыю, прайшоўшы праз турнікеты па электроннай картцы, якую яму перадалі супрацоўнікі метрапалітэна.

"Сёння ў нас у краіне звычайны будзённы дзень, але тут дзякуючы вам - святочны настрой. Гэты момант, хочацца камусьці ці не, абавязкова ўвойдзе ў гісторыю нашай дзяржавы, - звярнуўся да прысутных Прэзідэнт. - Мы ўводзім у эксплуатацыю першую чаргу трэцяй лініі метро, якая якасна зменіць жыццё горада, надасць яму больш дынамікі і камфорту".

Аляксандр Лукашэнка назваў з'яўленне трэцяй лініі метро доўгачаканым праектам. "З моманту пуску і да гэтага часу метро беларускай сталіцы прайшло вялікі шлях даўжынёй 37 гадоў. Эканамічны, скорасны, а самае галоўнае, што вельмі важна сёння, экалагічна чысты - гэты від транспарту стаў самым масавым і папулярным, народным", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Штодзень паслугамі метрапалітэна карыстаюцца больш як 700 тыс. пасажыраў, або трэцяя частка ўсяго пасажырапатоку Мінска. "Новая лінія павялічыць яго, злучыўшы праз цэнтр горада паўднёвыя і паўночныя раёны сталіцы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завяршыць будаўніцтва чатырох станцый новай лініі ўдалося нават нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікалі ў гэтым годзе. "І ў гэты складаны год нішто не спыніла вас: ні пандэмія, ні заклікі да забастовак. Таму што вы былі заняты справай, як і большасць беларусаў, дзякуючы якім краіна жыве, развіваецца, становіцца больш утульнай і прыгожай. Так будзе заўсёды (нават калі камусьці не хочацца), калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прадстаўнікоў працоўных калектываў Мінскага метрапалітэна і "Мінскметрабуда".

"Сённяшні запуск першай чаргі новай лініі метро - паказчык нашай сацыяльнай і палітычнай устойлівасці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У гэты час такія дзяржавы, як мы, падобных аб'ектаў не ствараюць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абсалютная большасць людзей у краіне - працавітыя і прыстойныя, як і тыя, хто будаваў новыя станцыі. "Ды і тыя, хто яшчэ ўчора вагаўся, ужо ўбачылі твар майдана ва ўсёй красе, зрабілі адпаведныя высновы і патрабуюць ужо ад мяне навесці парадак. Разумныя людзі хочуць бяспекі, стабільнасці, спакойнага і эвалюцыйнага развіцця і спакойных перамен, якія вы зможаце вытрымаць. Не забывайце: перамены - гэта сур'ёзная ломка. Пытанне толькі ў тым, ці будзе гэта ломка кардынальная або эвалюцыйная спакойная", - канстатаваў беларускі лідар.

Было адзначана, што на будаўніцтве першай чаргі задзейнічалі больш як 3 тыс. чалавек. Прэзідэнт адрасаваў словы ўдзячнасці ўсім, хто праектаваў і будаваў гэты аб'ект, за хуткасць выканання, за якасць работы і адпаведнасць сучасным стандартам, за эстэтыку афармлення станцый і глыбокі сэнс, закладзены ў іх знешняе аблічча. "Гэта хачу адзначыць асобна. Калісьці, дзясятак гадоў таму, я патрабаваў ад метрабудаўцоў, каб мы пад зямлёй не стваралі музеі, гэта вельмі дорага. Мы і так плацім па $80 млн за кожны кіламетр праходкі, калі ўзяць у цэлым з аддзелкай. Таму музеі ствараць не трэба, але станцыі павінны быць функцыянальныя і сімпатычныя, эстэтычныя, прыгожыя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Дзякуй усім, хто будаваў. Вы сапраўдныя тварцы, паколькі працуеце на карысць людзей", - падкрэсіў беларускі лідар.

Асобна кіраўнік дзяржавы адзначыў бяспеку трэцяй лініі, якая аснашчана ахоўнымі агароджамі з празрыстага шкла. "Усё зроблена сапраўды з клопатам аб пасажырах", - канстатаваў ён.

Гаворачы пра гісторыю метрапалітэна, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час яму давялося прымаць прынцыповае рашэнне аб тым, ці прадаўжаць развіццё гэтага віду транспарту. "Была ідэя ў сярэдзіне 90-х, пасля распаду Саюза, калі было цяжка, спыніць у Мінску існаванне метрапалітэна", - сказаў Прэзідэнт. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, удалося дабудаваць новыя станцыі другой веткі. "І тады было сур'ёзна пастаўлена пытанне: а што далей? Дзве лініі пабудавалі, і асноўныя станцыі былі пабудаваны ў тыя цяжкія часы. І тады мной было прынята рашэнне, якім я ганаруся да гэтага часу. Я сказаў: метро ў нас будзе, метрабуд мы разбураць не будзем", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што рашэнне было абумоўлена перш за ўсё жаданнем захаваць айчынную школу будаўніцтва метро. "Няшмат гарадоў у свеце і тады, і цяпер займаюцца будаўніцтвам метро. І мне стала шкада. Калі мы спынім, не будзе гэтай вялікай школы. А гэта супастаўна з космасам, толькі пад зямлёй, гэта вышэйшы ўзровень будаўніцтва, тут інавацыі, найноўшыя тэхналогіі і адсюль будаўнікі там, наверсе, на зямлі чэрпаюць сучасныя метады будаўніцтва", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

У 2012 годзе, паводле яго слоў, было прынята рашэнне аб будаўніцтве трэцяй лініі метро. Аднак Прэзідэнт запатрабаваў зрабіць гэта за нядоўгі час. Таму была набыта спецыяльная машына "Алеся", са з'яўленнем якой тэмпы праходкі тунэляў павялічыліся ў разы.

"Сёння сучасныя рухомыя саставы пойдуць па новай лініі. Так і жыццё ў нашай Беларусі пойдзе далей да новых мэт, - абазначыў планы на перспектыву кіраўнік дзяржавы. - Мы дабудуем трэцюю ветку, на якой можа быць да 17 станцый. І мая мара: можа, хаця б пачаць мегапраект па будаўніцтве чацвёртай лініі метрапалітэна - кальцавой, якая разгрузіць Мінскую кальцавую аўтадарогу. Дзякуючы гэтаму ў агляднай перспектыве будуць створаны паўнацэнныя транспартна-перасадачныя вузлы паміж усімі відамі гарадскога і прыгараднага транспарту".

Ва ўрачыстай абстаноўцы генеральны дырэктар "Мінскметрабуда" ўручыў Прэзідэнту сімвалічны ключ, які кіраўнік дзяржавы перадаў дырэктару Мінскага метрапалітэна. Пасля гэтага адбылася цырымонія пераразання чырвонай стужкі і запуску руху электрапаяздоў па новай лініі.

Для пасажыраў новыя станцыі трэцяй лініі метро будуць адкрыты заўтра, 7 лістапада, у 12.30.

Пасля ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт вырашыў агледзець кожную з адкрытых сёння чатырох станцый. Разам з асобамі, якія яго суправаджалі, Аляксандр Лукашэнка праехаў у поездзе метро і азнаёміўся з афармленнем усіх станцый першай чаргі трэцяй лініі: "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная". Кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку якасці работ, адзначыўшы функцыянальнасць і акуратнасць, эканамічнасць, прыгажосць. "Чыста беларускі стыль", - сказаў ён.

Асаблівая ўвага была акцэнтавана на тым факце, што пры будаўніцтве новых станцый выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы, уключаючы айчынныя эскалатары. "Эскалатары свае, усё сваё і поезд свой ("Штадлер", выраблены на прадпрыемстве пад Мінскам. - Заўвага БЕЛТА)", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ацаніў і хадавыя характарыстыкі новага поезда метро: "Добрая машына, ідзе мякка, вельмі добра".

Прэзідэнту далажылі аб планах па далейшым абнаўленні рухомага саставу метрапалітэна. Адзначана, што новыя паязды вызначаюцца не толькі большым узроўнем камфорту, але таксама эканамічнасцю і даўгавечнасцю хадавой часткі.

На заканчэнне Аляксандру Лукашэнку падарылі кнігу аб Мінскім метрапалітэне.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі