Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

17 Ліп 2020

Лукашэнка: порах трэба трымаць сухім, у Беларусі гэта засвоілі на генным узроўні

Лукашэнка: порах трэба трымаць сухім, у Беларусі гэта засвоілі на генным узроўні

17 ліпеня, Віцебск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць падтрымання ў краіне баяздольнай арміі. Аб гэтым ён заявіў 16 ліпеня пры наведванні 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з ваеннаслужачымі нагадаў аб той сітуацыі, якая складвалася ў свеце перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. "Мы вайны не хацелі, кіраўніцтва Савецкага Саюза спрабавала ўсяляк прадухіліць вайну, разумеючы, што цяжка будзе яе пазбегнуць. У сувязі з гэтым пачалося масавае пераўзбраенне, дааснашчэнне арміі. Зразумела, фашысцкая Германія, накіраваная на ўсход, разумела, што нельга дапусціць пераўзбраення і мадэрнізацыі ўзброеных сіл. Але давайце скажам адкрыта, мы тады пачатак гэтай вайны прашлёпалі (наша кіраўніцтва), і нам давялося заплаціць высокую цану за тую перамогу, якую атрымалі ў 1945 годзе", - сказаў Прэзідэнт.

Ён у тым ліку расказаў, як праз граніцу СССР, перш за ўсё на тэрыторыю Беларусі, былі перакінуты спецыяльна падрыхтаваныя ўзброеныя фарміраванні. "У форме савецкіх узброеных сіл. Яны не толькі нейтралізавалі ўсю прыгранічную паласу. Але разумеючы, што без мастоў, перапраў немагчыма будзе ажыццявіць бліцкрыг у гэтай вайне, яны забілі практычна ўсіх, хто стаяў на абароне інфраструктуры Беларусі. І ў асноўным таму фашысцкая армія вельмі хутка прайшла ўсю Беларусь. Фактычна асноўнай ударнай сілай прашылі нашу рэспубліку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тады гэта быў тыповы пачатак вайны, але з той пары мінула шмат часу, і сітуацыя змянілася. "Нечакана немагчыма пачаць вайну, кінуць армаду самалётаў на тэрыторыю нават Беларусі. Не так проста будзе пераадолець нашу граніцу, як тады. Але асноўны ўрок, які я як галоўнакамандуючы, нашы кіраўнікі і вы, афіцэры, вынеслі з той жорсткай вайны, - порах трэба трымаць сухім. І той, хто не корміць свайго салдата, будзе карміць чужога. Гэта не я прыдумаў, але гэта мы засвоілі назаўсёды, гэта ў нас на генным узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія дзесяцігоддзі ў свеце адбылося некалькі войнаў, за якімі ў Беларусі ўважліва назіралі і вывучалі гэты вопыт. Пачынаючы з вайны ў Афганістане, якая фактычна прадаўжаецца, падзей у Іраку, чачэнскай вайны ў Расіі і да цяперашніх сутыкненняў у Сірыі, Лівіі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што частка людзей бачыць пэўныя недахопы ў тым, што цяперашні Прэзідэнт чвэрць стагоддзя кіруе краінай і Узброенымі Сіламі. "Але гэта вам лепш відаць. Мы знаходзімся ў перадвыбарным перыядзе. Кожны мае голас, і ён гаспадар гэтага голасу. Напэўна, нешта мы рабілі так - не так. Але я заўсёды разумеў, колькі б ні было ў краіне міністраў абароны, кіраўнікоў відамі Узброеных Сіл, мы вельмі ўважліва вывучалі тыя войны, якія разгортваліся за чвэрць стагоддзя. І мы, назіраючы ўзровень вядзення сучаснай вайны, мадэрнізавалі нашы Узброеныя Сілы. За маю бытнасць мне даводзілася чатыры разы прымаць рашэнні па змяненні нашых дзеянняў ва ўмовах узброеных канфліктаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што пералічыў факты пра 1941 год для таго, каб падвесці да галоўнага пытання - якой будзе сучасная вайна, калі гэта здарыцца, як будзе разгортвацца, якія прычыны і мэты будзе ставіць агрэсар. Больш падрабязна асвятліць гэту тэму ён папрасіў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, адзначыўшы, што ў Беларусі нядаўна ў сувязі з гэтым абнаўлялі Ваенную дактрыну. "Мы з вамі людзі ваенныя. Мы для таго і існуем, каб ваяваць. Не дай бог, вядома. Але калі... то мы павінны і будзем ваяваць, абараняючы не толькі нашу Радзіму (гэта галоўнае), нашу зямлю, але і нашы сем'і, нашых дзяцей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Андрэй Раўкоў расказаў, што, сапраўды, свет не стаіць на месцы, і, на жаль, гэта датычыцца і спосабаў вядзення вайны ў розных яе праяўленнях. Таму, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, у 2018 годзе былі ўнесены змяненні ў Ваенную дактрыну Беларусі ў частцы рызык, выклікаў і пагроз.

Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што сучасная вайна мае розныя формы, і часта сцэнарый не паўтараецца. Таму віды Узброеных Сіл краіны нацэлены на тое, каб быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі.

Аднак Андрэй Раўкоў звярнуў увагу, што часцей за ўсё сучасная вайна і канфлікты пачыналіся не з інтэрвенцый звонку з выкарыстаннем войскаў. "Як правіла, яны пачыналася з вуліцы, плошчы", - сказаў ён.

"Не трэба думаць аб тым, што нехта сказаў, што армія будзе супраць народа, будзе страляць супраць народа, - падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі. - Не толькі Узброеныя Сілы, але і міліцыя, унутраныя войскі, пагранічнікі, іншыя сілавыя структуры - наша задача - не дапусціць гібелі дзяржавы, не дапусціць кровапраліцця ў народзе. Калі мы гэта дапусцім, значыць, мы прайгралі бой. А калі раптам пачнецца, гэта будзе тайна, ціха: арганізацыя масавых беспарадкаў, што вы цяпер, я ўпэўнены, бачыце, назіраеце".

Андрэй Раўкоў дадаў, што з улікам сучасных тэхналогій ёсць вялікія магчымасці для таго, каб узбударажыць грамадства, расхістаць сітуацыю знутры. "А канфлікт потым можа перарасці ў што заўгодна. Тым больш у гэтым завязаны і знешнія сілы. Гэта ні для каго не сакрэт. Гэта відаць простым вокам", - адзначыў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі