VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

16 Крс 2020

Лукашэнка патрабуе ўзважанага падыходу пры скарачэнні тэрмінаў за наркотыкі і захоўвае жорсткасць да карупцыянераў

Лукашэнка патрабуе ўзважанага падыходу пры скарачэнні тэрмінаў за наркотыкі і захоўвае жорсткасць да карупцыянераў

16 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзважанага падыходу пры амністыі або памілаванні асуджаных за нарказлачынствы, а таксама захоўвае жорсткае стаўленне да карупцыянераў. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння на нарадзе па пытаннях амністыі і памілавання асоб, асуджаных за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па яго даручэнні Вярхоўны суд падрыхтаваў праект закона аб амністыі. "Гэта не навіна. Напярэдадні значных дат у гісторыі нашай айчыны мы часта звярталіся да такой формы гуманізму. Гэта сапраўды адпаведны акт гуманізму, які дзяржава праяўляе да асуджаных у дадзеным выпадку напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі", - заўважыў ён.

"У гэтым дакуменце адлюстраваны ўсе раней агучаныя мною падыходы да вызначэння кола асоб, якія падпадаюць пад амністыю. У гэтым годзе такі пералік пашыраны. У яго ўключаны непаўналетнія распаўсюджвальнікі наркотыкаў у складах арганізаваных груп і асуджаныя за карупцыю. Для гэтых катэгорый злачынцаў прапанавана скараціць тэрмін адбывання пакарання на адзін год", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, ці будзе гэта правільна і ці не будзе гэтым рашэннем пастаўлена пад сумненне ўся работа, якая праводзіцца судамі і іншымі праваахоўнымі органамі. "Думаю, калі старшыня Вярхоўнага суда ўносіць прапанову, ён падумаў ужо, каб не перакрэсліць работу ўсіх сваіх падначаленых. Сёння, калі прынятыя меры ў сферы барацьбы з наркаабаротам, як мне дакладваюць, дазволілі пераламаць сітуацыю, мы павінны дзейнічаць абдумана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб карупцыянерах: "ці варта наогул не тое што адпускаць, а скарачаць ім тэрмін"

Звяртаючыся да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс, кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць для яго асобны спіс асуджаных за карупцыйныя злачынствы, каму прапануецца скараціць тэрмін адбывання пакарання.

"Па карупцыянерах асобны спіс мне на стол. А то мы павыпускаем сяброў і сваякоў некаторых чыноўнікаў. Я ўважліва пагляджу, за якія злачынствы яны асуджаны і ці варта наогул не тое што адпускаць, а скарачаць ім тэрмін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб нарказлачынцах сярод моладзі: "адказнасць за іх у тым ліку на дарослых"

Прэзідэнт канстатаваў, што да крымінальнай адказнасці за нарказлачынствы прыцягнута нямала моладзі, многія з іх адбываюць пакаранне ўпершыню. Таму было даручана асобна прапрацаваць пытанне аб магчымасці памілавання такіх асоб. "Трэба прызнаць, што адказнасць за такую моладзь у тым ліку і на дарослых. Не змаглі ўсачыць за гэтымі падлеткамі ні бацькі, ні педагогі. Бясспрэчна прасочваецца недастатковасць прафілактычных мер з боку дзяржаўнай сістэмы", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што прынятыя меры пакарання за нарказлачыствы - гэта ўрок і прафілактыка для ўсіх. Не толькі для саміх асуджаных, але і тых, хто на гэтым прыкладзе ўбачыць і ўсвядоміць недапушчальнасць такіх дзеянняў. "Трапілі туды, пабывалі (у месцах пазбаўлення або абмежавання волі. - Заўвага БЕЛТА), можа, пашанцуе - выпусцім адтуль. Яны ў добрым сэнсе змогуць заразіць гэтым "вірусам" усіх. І ўсе падумаюць, ці варта гэтым займацца. Гэта добрая прафілактыка", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Аб паручыцельстве пры памілаванні: "пад асабістую адказнасць сваякоў зможам даць шанц пачаць з чыстага ліста"

"Калі мы і будзем прымаць рашэнне па такіх людзях (асуджаных за нарказлачынствы. - Заўвага БЕЛТА), мы дамаўляліся: на парукі забірай яго. Не дай бог мы зноў яго заўважым у гэтых справах... - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша задача - забяспечыць не толькі няўхільнасць пакарання за ўчыненае, але і хутчэйшую сацыялізацыю такіх асоб".

"Але не павінна быць паблажлівага стаўлення да закаранелых збытчыкаў наркотыкаў, якія атрымлівалі лёгкія грошы. Размова можа ісці толькі аб памілаванні людзей, якія не ўяўляюць небяспекі для грамадства і дзяржавы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Бывае, памыліўся чалавек, але ўсвядоміў цяжкасць свайго злачынства. Калі сваякі за яго або перш за ўсё бацькі паручаюцца, разгледзім іх просьбы. Пад іх асабістую адказнасць зможам прадаставіць шанц пачаць усё з чыстага ліста. Будзем назіраць за імі. І не дай бог яны зноў вернуцца да свайго промыслу ці будуць ужываць наркотыкі - зразумела, месца будзе іх там (у месцах пазбаўлення волі. - Заўвага БЕЛТА) на доўгую перспектыву".

Камісіі па памілаванні трэба дасканала вывучыць хадайніцтва кожнага прэтэндэнта на памілаванне - якое яго стаўленне да ўчыненага, чым жыве, якія ў гэтага чалавека планы. "Трэба выпрацаваць пэўны механізм. Таму што вы закапаецеся ў гэтых сотнях і тысячах людзей. Трэба каб камісіі ўнізе разгледзелі і ўнеслі прапановы. Але вам трэба вельмі ўважліва і дасканала за гэтым назіраць", - даручыў кіраўнік дзяржавы Вользе Чупрыс.

Ён адзначыў, што, вядома, канчатковыя рашэнні давядзецца прымаць Прэзідэнту. "Але я хачу папярэдзіць, што за ўсе гэтыя прапановы адказнасць будуць несці ўсе па вертыкалі, хто будзе іх уносіць. Трэба разумець, што гэта не разгрузка месцаў зняволення. Нам няма чаго разгружацца. У нас да ўзроўню савецкіх часоў у два-тры разы скарацілася колькасць зняволеных. Тым больш мы не павінны ісці на повадзе стыхійна створаных груп накшталт "Маці 328". Работа павінна весціся ў штатным рэжыме. Таму мы яшчэ раз павінны ўсё ўзважыць і канчаткова вызначыцца з падыходамі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб наступствах шкодных прывычак на фоне каранавіруса: "для наркаманаў і курцоў - гэта добры ўрок"

У тэму нарады кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняя сітуацыя на фоне распаўсюджвання каранавіруса і занепакоенасці ў грамадстве, узмацнення мер асабістай гігіены ў тым ліку з'яўляецца добрым урокам і для тых, хто мае шкодныя прывычкі: "Для наркаманаў і курцоў - гэта добры ўрок. Мы гэта бачым па цяжкіх захворваннях на пнеўманію. І пнеўманію, ускладненую каранавірусам. Гэта добры ўрок - падумаць аб тым, як арганізоўваць сваё жыццё пасля гэтай так званай пандэміі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход