21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне аб выкананні ў ЕАЭС ранейшых дамоўленасцей і агульным настроі на інтэграцыю. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры ўсіх дасягненнях ЕАЭС захоўваюцца і праблемы. "Як бы мы тут ні гаварылі аб станоўчым, яны сапраўды ёсць. Мы пераглядаем базавыя дамоўленасці 2014 года, зафіксаваныя ў дагаворы аб саюзе. Пераносім тэрміны фарміравання агульных энергетычных рынкаў, лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, канстатуем негатоўнасць усіх краін далучыцца да адзінага фінансавага рынку", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што да існаваўшых праблем з бесперашкодным перамяшчэннем тавараў ва ўзаемным гандлі дабаўляюцца новыя. "Аднабаковае закрыццё нацыянальных рынкаў ажыццяўляецца ўжо не толькі традыцыйнымі спосабамі, як гэта ў нас было раней - забарона ўвозу-вывазу або ліцэнзаванне. Для гэтага прыстасоўваюцца інструменты лічбавізацыі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што беларускі бок ініцыяваў вырашэнне пытання лічбавых перашкод хаця б на ўзроўні рэкамендацый. "Але пакуль і тут мы асабліва не рушылі наперад", - канстатаваў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кульгае таксама працэс стварэння і рэалізацыі сумесных праектаў і праграм, нягледзячы на тое, што само жыццё адкрывае новыя напрамкі. Аб'яднанне намаганняў па гэтых напрамках дало б магчымасць дасягнуць большага эфекту для эканомік і народаў дзяржаў-членаў, упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
"Дастаткова назваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, штучны інтэлект, электратранспарт, мікраэлектроніку, робататэхніку і новыя матэрыялы", - пералічыў канкрэтныя напрамкі беларускі лідар. У той жа час, канстатаваў ён, усё часцей узгодненыя краінамі меры прымаюць форму аглядаў, дакладаў, рэкамендацый.





"На нашым мінулым пасяджэнні мы дамовіліся, што старшыня Калегіі прадставіць справаздачы аб рэалізацыі стратэгіі - 2020-2025. Замест гэтага - інфармацыя ў рамках агульнага выступлення кіраўніка камісіі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы толькі на абмеркаванне ўзроўню зарплаты камісіі (размова аб членах ЕЭК. - Заўвага БЕЛТА) за гэтыя пяць гадоў патрацілі часу ў дзесяць разоў больш. А шэраг найважнейшых пытанняў, якія пяць гадоў таму мы дамаўляліся вырашаць, так і застаюцца ў праекце”.
"Над планам мерапрыемстваў па выкананні дэкларацый да 2030 і 2045 гадоў працавалі з апаскай - як бы не паглыбіцца ў гэту інтэграцыю. Наспявае лагічнае пытанне: ці захоўваюць краіны ранейшую гатоўнасць дабівацца мэт, аб'яўленых пры падпісанні Дагавора аб ЕАЭС?" - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён падкрэсліў: тыя пытанні, пра якія дзяржавы - члены ЕАЭС задумваліся ў 2014 годзе, паступова адыходзяць на другі план або зашмальцоўваюцца. "Іх трэба вырашаць. Калі так, то давайце вернемся да работы з тым жа энтузіязмам, з якім пачыналі. Цяпер якраз той час, калі краіны аб'ядноўваюцца ў саюзы для таго, каб дзейнічаць больш мэтанакіравана, агрэсіўна. У нас, у Беларусі, менавіта такі настрой, таму я заклікаю вас усіх дзейнічаць на інтэграцыю. У гэтым сутнасць нашага саюза", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.