Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

23 Стд 2020

Лукашэнка падкрэслівае стратэгічную значнасць навуковай галіны для развіцця краіны

Лукашэнка падкрэслівае стратэгічную значнасць навуковай галіны для развіцця краіны

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковая галіна мае стратэгічнае значэнне для развіцця краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзве галоўныя сілы забяспечваюць моц нашай дзяржавы (напэўна, любой, але нашай асабліва) - інтэлект нацыі і жыватворная крыніца культурных традыцый. Ушаноўваючы ў Палацы Незалежнасці напярэдадні Дня беларускай навукі яе лепшых прадстаўнікоў, мы падкрэсліваем стратэгічную значнасць важнейшай для развіцця нашай краіны галіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Удзельнікі цырымоніі сваё прафесійнае свята ў гэтым годзе ўжо сустрэнуць у новым статусе. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прысваенне званняў доктара навук і прафесара стане іх чарговай перамогай на вельмі складаным шляху пазнання законаў прыроды і грамадства, а таксама асновай для новых здзяйсненняў.

"Кажуць, што многія адкрыцці ў навуцы робяцца выпадкова, але абсалютна дакладна не выпадковымі людзьмі. За кожным вашым вынікам стаяць гады самаадданай напружанай працы. Я вельмі часта гавару, што самая цяжкая праца, якую чалавецтва зведала, - гэта праца вучонага. Навуковую ісціну спасцігаюць толькі самыя таленавітыя, настойлівыя і мэтанакіраваныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, навука ў Беларусі карыстаецца асаблівай падтрымкай і даверам з боку дзяржавы. "Але і патрабаванні вельмі сур'ёзныя. Я перакананы (можа, у нечым памыляюся, але ў асноўным маю рацыю): вучоным у Беларусі стаць складана. Проста так вучоным ты не станеш, а калі і станеш, то атрымаць званне, абараніць кандыдацкую, доктарскую дысертацыю з кожным годам становіцца ўсё складаней. Па многіх прычынах. Прынамсі, за грошы, як гэта было шмат-шмат гадоў таму (я застаў гэты час), наўрад ці гэта магчыма", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што айчынныя вучоныя актыўна ўключаны ў многія грамадска-палітычныя працэсы жыцця краіны. І гэта высокая місія патрабуе ад кожнага з іх вялікай самааддачы і адказнасці за прымаемыя рашэнні.

"Менавіта навука і сучасныя інавацыі змяняюць аблічча свету, адкрываюць гарызонты цывілізаванага развіцця трэцяга дзесяцігоддзя новага XXI стагоддзя. Сёння як ніколі жыццёва важна ўвайсці і замацавацца ў групе краін - распрацоўшчыкаў, вытворцаў высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. У нас ёсць усе падставы для паспяховага руху ў гэтым напрамку", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ужо набыла шырокую вядомасць дзякуючы даследаванням і распрацоўкам у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, атамнай энергетыкі, фізікі, машынабудавання, аграпрамысловых і біятэхналогій, медыцыны і фармацэўтыкі. "Усё, што дасягнута на карысць чалавека і нашай дзяржавы, - гэта заслуга такіх, як вы, - самаадданых і верных высакародным мэтам людзей. На вашых плячах, як бы пафасна гэта ні гучала, - адказнасць за будучыню нашых дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы: сёння трэба глядзець на многія дзесяцігоддзі наперад і рабіць усё, каб кожнае новае пакаленне беларусаў ганарылася сваімі вытокамі, берагло гістарычны здабытак і ўдасканальвала лепшыя пачынанні. "Больш таго, вашы дасягненні абавязкова павінны знайсці развіццё ў выніках працы лепшых вучняў - перспектыўных, амбіцыйных, з дзяржаўным мысленнем. Іх будучы поспех і стане сапраўдным пацвярджэннем высокіх званняў і навуковага аўтарытэту настаўніка. Няхай гэта традыцыя пераемнасці інтэлектуальнага патэнцыялу паслужыць галоўным мэтам далейшага развіцця нашай дзяржавы", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў вучоным натхнення і не спыняцца на дасягнутым. "Хацеў бы пажадаць вам, каб гэта была база, фундамент, платформа, якая паслужыць далейшаму руху вас як вучоных наперад", - рэзюмаваў  ён.

Дыпломы доктара навук з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі 11 вучоных. У іх ліку былі прадстаўнікі медыцынскіх, педагагічных, тэхнічных, фізіка-матэматычных, філалагічных і эканамічных навук.

Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў сямі работнікам адукацыйных, навуковых і медыцынскіх устаноў па спецыяльнасцях "мастацтвазнаўства", "будаўніцтва", "фізіка", "тэхналогія (машынабудаванне)", "права", "медыцынская біялогія".

Прысваенне вучонай ступені доктара навук Аляксандр Лукашэнка параўнаў з уручэннем генеральскіх пагонаў, назваўшы гэтыя званні "народнымі". "Усе вышыні, якія мы бяром у жыцці, вельмі важныя. Але "народнае" званне (прафесар, генерал) - гэта вялікая справа. Я з найвялікшай павагай стаўлюся да вас, гераічных людзей, таму што навука - гэта вельмі складана. Можа, таму што ў свой час я адмовіўся займацца навукай, разумеючы, што гэта вельмі цяжка і да гэтага трэба мець сапраўды вялікую схільнасць. Таму я заўсёды з хваляваннем стаўлюся да гэтых пытанняў і вельмі ўважлівы да вучоных", - заявіў Прэзідэнт.

Пасля цырымоніі кіраўнік дзяржавы пагутарыў з наваспечанымі дактарамі навук і прафесарамі, адразу ж папрасіўшы іх адкрыта гаварыць аб праблемах - "аб тым, што хвалюе, а не на што арыентавалі". "Ёсць такая практыка: перш чым з'явіцца ў Прэзідэнта, пальцам трасуць - гэта скажыце, гэта і гэта закраніце. Я не супраць. Можаце закрануць любое пытанне. Але хацелася, каб гэта было ад душы. Калі не ад душы - я адразу заўважу, у мяне вопыт работы з людзьмі ўжо вялікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён са шкадаваннем дадаў, што з вучонымі сустракаецца рэдка, і папрасіў старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі звярнуць на гэта ўвагу. "Вы павінны мяне да вучоных часцей запрашаць. Гаворым аб тым, што навука - гэта аснова, а Прэзідэнт цялёпкаецца там, дзе павінны міністры і губернатары працаваць. Хоць без рэальнага сектара эканомікі, той жа няшчаснай нафты і газу, нам нікуды", - адзначыў Прэзідэнт.

У 2019 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі прысудзіла вучоную ступень 397 саіскальнікам, з іх 39 - дактары навук, 358 - кандыдаты навук. Уладальнікамі вучоных ступеней сталі 44 замежныя грамадзяніны з Кітая, В'етнама, Лівіі, Ірака, Ірана, Казахстана, Расіі, Нігерыі, Украіны, Туніса.

Найбольшая колькасць вучоных ступеней прысуджана ў медыцынскіх галінах - 77 дысертацый (19,4 працэнта ад усіх паспяхова абароненых работ), тэхнічных - 61 дысертацыя (15,4 працэнта), фізіка-матэматычных - 44 (11,1 працэнта).

Вучонае званне прафесара ў 2019 годзе прысвоена 38 вучоным, дацэнта - 351 саіскальніку. Хадайніцтвы аб прысваенні вучонага звання прадстаўлены ў асноўным установамі Міністэрства адукацыі (44,7 працэнта), Міністэрства аховы здароўя (17 працэнтаў) і Нацыянальнай акадэміі навук (18 працэнтаў).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі