6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па-сапраўднаму суверэннай можа быць толькі тая краіна, якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу армію. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўшаноўванне выпускнікоў ваенных ВНУ і афіцэраў, якім прысвоены генеральскія званні, традыцыйна праходзіць у пачатку ліпеня і арганічна спалучаецца са святкаваннем Дня Незалежнасці Беларусі. "Гэта сувязь вельмі сімвалічна", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Па-сапраўднаму суверэннай можа быць толькі тая краіна (асабліва цяпер), якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу і дзяржаве армію, што мае ў сваім складзе сапраўдных прафесіяналаў у пагонах", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь на працягу многіх гадоў будавала, развівала і ўмацоўвала Узброеныя Сілы - галоўны гарант незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.
"Сур'ёзным фактарам стратэгічнага стрымлівання, здольным астудзіць самыя гарачыя галовы, стала размяшчэнне ў Беларусі рухомага ракетнага комплексу "Арэшнік" і тактычнай ядзернай зброі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта зброя ў значнай меры павышае ўзровень нашай абароны".
"Мы не бравіруем гэтымі пытаннямі. Не ўзнімаем іх для таго, каб некага напалохаць. Але вы павінны разумець, што гэта зброя - не хлам, які звезлі ў Беларусь. Вы лепш за мяне разумееце, для чаго прызначана тая ці іншая зброя. І тыя, у каго гарачыя галовы, павінны астудзіць іх (свае галовы. - Заўвага БЕЛТА)", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт не бачыць падстаў спачываць на лаўрах. Наадварот, наперадзе велізарны фронт работы, і гэта стала відавочным па выніках нядаўняй праверкі боегатоўнасці войскаў.
"Перакананы, вы разумееце гэта не горш за мяне. У кожнага з вас, асабліва ў тых, хто атрымаў званне генерала, за плячамі вялікі багаж ведаў і вопыт, якія сёння вельмі патрэбны нашай краіне. Усім выпускнікам ужо заўтра давядзецца ўзначаліць воінскія калектывы і заняцца ўдасканаленнем форм і спосабаў падтрымання, прымянення воінскіх падраздзяленняў па прызначэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам мерапрыемства.
Звяртаючыся да генералаў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы тыя, каго ў народзе ўспрымаюць па-асабліваму. У нашай краіне высокае воінскае званне такога ўзроўню атрымаць няпроста. Гэта не толькі пашана і павага, але і найвышэйшая адказнасць і патрабаванне за справу. Памятайце, народ даверыў нам самае дарагое, што ў яго ёсць, - сваю мірную сучаснасць і будучыню. Людзі разлічваюць на нас. На нашы энергію і ініцыятыву, адказнасць, прафесіяналізм, стойкасць і мужнасць".
"Так, у нас не велізарная армія. Але ваююць (вы ведаеце лепш за мяне) не колькасцю, а ўменнем. І той, хто ўмее, той перамагае. Таму армія наша павінна ваяваць умеючы, пераадольваючы ўсялякія цяжкасці. Што трэба зрабіць (для гэтага. - Заўвага БЕЛТА) - сказана, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - І самае галоўнае: ёсць афіцэр - ёсць армія. Няма афіцэра - арміі не будзе".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што самай магутнай і дзейснай становіцца тая армія, якая ваюе. Аднак для Беларусі такі спосаб удасканалення ўзброеных сіл непрымальны.
"У нас адна краіна ў свеце, якая пастаянна ваюе, - гэта ЗША. Нам гэта не трэба, нам гэта не падыходзіць. Таму давайце выкарыстоўваць той вопыт, які ёсць. Гэта датычыцца перш за ўсё вас - афіцэраў і генералаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Час няпросты. Мы - мужыкі. І мы павінны абараніць не толькі сваю краіну - сваю сям'ю, сваіх людзей, блізкіх. Яны на нас глядзяць, і мы павінны зрабіць усё, каб яны не памыліліся і каб народ нас не папракнуў, што ён дарма нас корміць", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ад усёй душы павіншаваў прысутных з паспяховым заканчэннем вучобы ў ваенных ВНУ і прысваеннем генеральскіх званняў, а таксама пажадаў ім поспехаў у жыцці, забеспячэння сапраўднага асабістага тылу.