Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

16 Jan 2021

Лукашэнка: нягледзячы на сціплае месца на карце, Беларусь можа дазволіць сабе незалежную палітыку

Лукашэнка: нягледзячы на сціплае месца на карце, Беларусь можа дазволіць сабе незалежную палітыку

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў гэтым годзе ён як ніколі рады сустрэчы з гасцямі свята. "Гэты год прымусіў усіх нас паглядзець на свет і сваё месца ў ім вельмі шырока раскрытымі вачамі. З аднаго боку, 2020-ы надзеў на нас маскі, з другога боку - з некага зняў іх, сарваў. Мы лепш даведаліся адзін аб адным. У некім расчараваліся, на жаль. А ў некім знайшлі апору. Мы ўбачылі беларусаў, якія ў востры гістарычны момант засталіся адданыя гонару і сумленню, што ў наш прагматычны век асабліва каштоўна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ пару гадоў таму ў гэтай зале ён папярэджваў, што беларускую дзяржаву будуць прабаваць на зуб: варта яна ці не сваёй незалежнасці. "Час праверыў нас і даў адказ: увогуле, варты. У 2020-м нам фактычна аб'явілі вайну. І развязана яна была не супраць Прэзідэнта, дзяржслужачых, сілавых структур, а супраць моцнай дзяржавы ў цэлым. Дзяржавы, якая, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта ў гэтым прычына. Калі б мы былі слабымі, з намі разабраліся б без гэтых падзей і без вайны. Калі б мы былі вельмі моцнымі, дапусцім, як Кітай, нам не выстаўлялі б такія прэтэнзіі. Хоць і Кітай хісталі, ды яшчэ як: помніце ганконгскія падзеі?"

Ён заўважыў, што суверэнітэт краіны немагчымы без моцнай улады. "Гэта вельмі важна ў той момант, калі мы блізка падышлі да таго, каб пералапаціць нашу Канстытуцыю. А моцная ўлада - гэта не адзін чалавек. Гэта нацыя, гатовая з'яднацца, калі дзяржава знаходзіцца пад ударам. Мы выстаялі (пакуль выстаялі), таму што былі адзіныя ў імкненні захаваць мір і гістарычную праўду, свой уклад жыцця і менталітэт. Разварушыліся, праўда, не адразу. Але разварушыліся. Доўга запрагалі - цяпер едзем, - сказаў беларускі лідар. - Таму аб'яўлены Год адзінства - гэта не столькі задача на будучыню, як бясспрэчны факт і наш адказ нядобразычліўцам: беларусы былі і будуць адзіным народам".

У час святочнага вечара Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны, медалі і Падзякі Прэзідэнта дзяржаўным дзеячам, артыстам і супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі.

Ордэнам Айчыны ІІ ступені быў узнагароджаны старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. Ордэн Айчыны ІІІ ступені з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч удастоены ордэна Пашаны.

Медалём "За адвагу" ўзнагароджаны спецыяльны карэспандэнт тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, медалём "За працоўныя заслугі" - аглядальнік аддзела выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Андрэй Мукавозчык і галоўны саветнік прэс-службы Прэзідэнта Валерый Шульга, медалём Францыска Скарыны - рэдактар аддзела выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Дзмітрый Крат і спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Ігар Тур.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі