Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Aug 2018

Лукашэнка: нічога канспіратыўнага і тайнага ў перагаворах з Пуціным у Сочы не было

Лукашэнка: нічога канспіратыўнага і тайнага ў перагаворах з Пуціным у Сочы не было

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нічога канспіратыўнага і тайнага ў перагаворах 22 жніўня з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы не было. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Перагаворы сапраўды прайшлі ў вельмі добрай, дружалюбнай атмасферы. І, паверце, нічога канспіратыўнага і тайнага ў гэтых перагаворах не было", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным была ўдзелена вялікая ўвага міжнароднай тэматыцы, у тым ліку адносінам з ЗША і сітуацыі ў гэтай краіне, палітыцы Прэзідэнта Дональда Трампа. Расійскі лідар расказаў аб сваіх нядаўніх перагаворах з федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прыватным візіце на вяселле аўстрыйскага міністра. Была ўдзелена ўвага і супрацоўніцтву ў АДКБ у сувязі з сітуацыяй вакол цяперашняга генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава.

Зразумела, ўбаку не засталася і праблематыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Гэта і цяжкасці з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання, пытанні выплаты ўтылізацыйнага збору на сумесную прадукцыю машынабудавання, несправядлівая сітуацыя на рынку аўтаперавозак, будаўніцтва БелАЭС і шэраг іншых.

"Некаторыя пішуць, што мы абмяркоўвалі нафту і газ і крэдыты. Слухайце, мы наогул не закраналі на гэтай сустрэчы будучыню нафты, газу і крэдытаў. Па гэтых пытаннях прыняты рашэнні. Прынамсі, па нафце і газе мы пакуль дзейнічаем у рамках тых рашэнняў, якія прынялі. Што датычыцца крэдытаў, якія расіяне нам (згодна з дамоўленасцю) не выдалі з еўразэсаўскіх фондаў, - гэта таксама пытанне для абмеркавання. Але калі прыняты рашэнні, іх трэба выконваць. Там два траншы па $200 млн усяго. $400 млн засталося. Гэта хіба грошы? Яны пачынаюць звязваць з нейкімі іншымі пытаннямі. Але на гэтай сустрэчы мы гэта пытанне не закраналі. Я думаю, што мы яго абмяркуем. Не абмяркуем, а прымем канчатковае рашэнне, калі ў нас будзе сустрэча", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось прыкладна такое кола пытанняў. Сустрэча не такая ўжо і доўгая была. І мы яе не зацягвалі, калі прыйшлі да разумення таго, што мы проста ў бліжэйшы час у больш шырокім фармаце абмяркуем тыя праблемы, якія наспелі ў нашых адносінах", - адзначыў беларускі лідар.

У інтэрв'ю кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці таго, каб усе дасягнутыя паміж бакамі дамоўленасці і пагадненні выконваліся. "Гэта добрая рыса для любой дзяржавы. Тым больш вялікай дзяржавы - Расіі. Калі падпісаў ужо - выконвай. Не выконваеш - да цябе няма даверу. Таму мы хочам адзінае - выконвай тое, аб чым мы дамовіліся", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ставіў перад Уладзімірам Пуціным пытанне, чаго хоча Расія ад Беларусі. "Хіба ў вас не ўзнікае такое пытанне? Вось вы акунуліся ў беларуска-расійскую праблематыку, і ў вас узнікла пытанне: слухайце, здаецца, мы і тое зрабілі, і так па-добраму ставімся, і гэтак... і тым не менш правальваюцца нашы дамоўленасці, не выконваюцца. У сродках масавай інфармацыі і не толькі з'яўляюцца прэтэнзіі да Беларусі, якіх на справе не існуе", - канстатаваў беларускі лідар.

"І я, і ўсе задаюцца пытаннем. Мы хочам адказу ад улад Расіі, перш за ўсё. Таму што мы ведаем стаўленне расіян да нас - ад Рамзана Кадырава да любога Пятрова, Сідарава і Іванова. Яны цудоўна да нас ставяцца, яны хочуць з намі сябраваць. Гэта родныя, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І ў нас узнікае пытанне: дык чаго ж хочуць улады Расіі ад нас, ад Беларусі. І я Уладзіміру Уладзіміравічу тут задаў пытанне. Мы хочам гэта ведаць. Разумееце, нам трэба глыбока акунуцца ў гэтыя праблемы. Сумленна акунуцца, без палітыкі, без прапаганды ўсякай, без наноснага, прыдуманага і абмеркаваць гэтыя пытанні. Паколькі самы бліжэйшы саюзнік для Расіі сёння - Беларусь. Самы блізкі, надзейны саюзнік для Расійскай Федэрацыі - гэта Беларусь. І раптам такія адносіны".

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад са сферы дамоўленасцей па энерганосьбітах, дасягнутых на вышэйшым узроўні ў Санкт-Пецярбургу ў красавіку мінулага года: "Тады вось сапраўды адносіны былі сур'ёзнымі, калі нам падкінулі цану на газ не як саюзнікам, а даражэйшую (адкінуць экспартную пошліну), чым у Германіі, калі разлічыць па кіламетражы, пастаўках, транзіце і гэтай далей. І, зразумела, была сітуацыя вельмі складаная. Я адмовіўся нават ехаць на адзін з самітаў ЕўрАзЭС. І мы знайшлі з Пуціным выйсце з гэтага становішча, падключыўшы сюды нафту. Так званая ператаможка. Калі 6 млн т нафты мы маглі прадаваць, а мытныя пошліны залічваць у свой бюджэт. Што потым адбылося? Гэта было, калі $40-50 каштавала нафта. А потым нафта падскочыла. І нам у бюджэт трапіла крыху больш грошай, чым разлічвалі тады расійскія эксперты і расійскі ўрад".

"Мы ж заключылі дагавор. Ну, так здарылася. А калі б цана ўпала, мы наогул бы, магчыма, атрымалі толькі палову ад таго. Але мы апынуліся ў выгадным становішчы. Разумееце, нехта з так званых разумных лібералаў (не буду называць прозвішчы) у Мінфіне Расіі ўбачыў, што беларусы вельмі ўжо шмат атрымалі і абяднеў расійскі бюджэт. Але ў нас падпісана дамоўленасць. Ну так склалася сітуацыя. Заўтра цана на нафту ўпадзе - не будзе гэтых грошай. І расіяне перасталі пералічваць частку грашовых сродкаў. У парушэнне нашых дамоўленасцей", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "гэта ж не нейкія падарункі з боку Расіі Беларусі". "За гэтым жа стаяць нашы паслугі ў адказ для Расійскай Федэрацыі. Я часта кажу, калі ўвогуле гаварыць аб гэтых паслугах, што расіянам у Беларусі лепш, чым у асобных частках Расіі. Гэта дарагога варта. Расіяне ніколі не адчуваюць розніцы паміж тэрыторыяй Расіі і Беларусі. Нават у нас ім лепш. Я магу пералічыць, пачынаючы ад ваенных баз і іншае, транзіту, граніц і абаронных пытанняў. Гэта значыць, гэта не бясплатна. Гэта не падарункі. Але вось - парушэнне. Мы і абмяркоўвалі. Так нельга рабіць. Калі ёсць пытанне, давайце будзем садзіцца і абмяркоўваць гэтыя праблемы", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

"Або там нас папракаюць: вось, вашы кампаніі купляюць цёмныя нафтапрадукты - мазут і іншыя газойлі - у Беларусі перапрацоўваюць і прадаюць на знешнім рынку. Дык што тут новага? Мы купілі тавар, за яго заплацілі. Гэтак жа металы купляем, камплектуючыя, робім трактар МТЗ і прадаём. Прэтэнзій жа няма", - прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі