Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Лют 2020

Лукашэнка напярэдадні візіту ў Сочы сабраў нараду па рабоце энергакомплексу Беларусі

Лукашэнка напярэдадні візіту ў Сочы сабраў нараду па рабоце энергакомплексу Беларусі

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў сёння нараду аб забеспячэнні эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго ўтойваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху - тыпу паставак нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі прывычнымі ў апошні час".

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што ёсць у арсенале ўрада для вырашэння праблемных пытанняў, як будуць забяспечаны рост валавога ўнутранага прадукту, выкананне параметраў бюджэту, цэнавая стабільнасць і самае галоўнае - паступальны рост даходаў усіх слаёў насельніцтва. "Ні ад адной праграмы мы адмовіцца не можам. І не толькі таму, што гэты год - год экзаменаў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чарговы раз узніклі рознагалоссі па энергетычных пытаннях з бліжэйшым партнёрам - Расіяй. Гэта адбываецца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы, заўважыў ён. "Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі. Напрыклад, у гэтым годзе Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн т нафты - па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тыс. - адна чвэрць. Вы мне далажыце, што зроблена для таго, каб Расія выконвала абавязацельствы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Ён адзначыў, што Беларусь вельмі часта вымушана карэкціраваць планы развіцця сваёй эканомікі. "Таму хацелася б пачуць аб механізмах кампенсацыі страт, якія наша краіна непазбежна нясе ў гэты перыяд не па сваёй віне. Патрабаванні вядомыя - ні адзін жыхар Беларусі, ні адно прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ад усякіх манеўраў нашых партнёраў", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся прапановамі ўрада па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў і надзейных каналаў іх пастаўкі. "Яшчэ раз, публічна ўжо, паўтараю: усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і нашы абавязацельствы па кантрактах на знешніх рынках, гэта значыць продаж нафтапрадуктаў Еўропе, Украіне, іншым краінам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, 7 лютага Аляксандр Лукашэнка правядзе ў Сочы сустрэчу з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. На перагаворах, у прыватнасці, будуць абмяркоўвацца пастаўкі расійскіх нафты і газу ў Беларусь. Аб тым, што гэта нарада - своечасовая зверка гадзіннікаў перад перагаворамі з расійскім бокам, сведчыць нядаўняе даручэнне Аляксандра Лукашэнкі міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу. "Рыхтуйся. У чацвер мне патрэбна сітуацыя па газу", - сказаў яму кіраўнік дзяржавы, наведваючы ў аўторак Добруш.

У час размовы з журналістамі ў Добрушы Прэзідэнт заявіў, што ў перагаворах настаў "нейкі момант ісціны". "Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. - Заўвага БЕЛТА). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе - вось у чым пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што мы просім цяпер ад расіян (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што ў Расіі не згаджаюцца на такія прапановы і настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш таго за пастаўку нафты ў Беларусь. "А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народа?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь хоча сумленнага, празрыстага і шчырага супрацоўніцтва з Расіяй. "Не просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння $127 за 1 тыс. куб.м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе - да $100 газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем", - падкрэсліў ён.

"Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА), прытым у дастойным выглядзе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі