У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

29 Чэр 2020

Лукашэнка: калі Беларусь зробіць хоць адзін неасцярожны крок, то падзе пад абломкамі міжнародных канфліктаў

Лукашэнка: калі Беларусь зробіць хоць адзін неасцярожны крок, то падзе пад абломкамі міжнародных канфліктаў
Фота з архiва

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калі Беларусь зробіць хоць адзін неасцярожны крок, то падзе пад абломкамі міжнародных канфліктаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з актывам Мінскай вобласці. Фрагмент яго выступлення паказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Калі мы зробім хоць адзін неасцярожны крок, мы падзём пад абломкамі супярэчнасцей, канфліктаў і імперый", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб процістаянні паміж ЗША і Кітаем, канфліктах на Блізкім і Сярэднім Усходзе, а таксама ў краінах Афрыкі. Паралельна гэтаму Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага саюза, заўважыў ён.

"Нам Еўрапейскі саюз напсаваў шмат: яны ўводзілі супраць нас санкцыі, выбудавалі агароджу на ўсходняй мяжы ў Польшчы, не хацелі з намі размаўляць. Не таму, што мы праводзілі не тую палітыку. Не. Яны не змаглі падпарадкаваць Беларусь свайму ўплыву. Мы ад гэтага адмовіліся. Часы прайшлі, яны зразумелі сваю памылку, з'явілася падстава (у тым ліку вайна ва Украіне і нармандскі фармат у Мінску) для таго, каб наладзіць з намі адносіны", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь пачала выбудоўваць адносіны з ЕС. "Мы хацелі дастойна з імі супрацоўнічаць, яны гэта прынялі. Нарэшце нас заўважылі амерыканцы. Аказваецца, Беларусь для іх таксама важная. Прыезд многіх амерыканцаў, а потым дзяржсакратара ў Беларусь вельмі ўсхваляваў нашага ўсходняга суседа. Але мы суверэнная, незалежная дзяржава і маем права ажыццяўляць сваю як унутраную, так і знешнюю палітыку. Я зыходзіў перш за ўсё з гэтага, разумеючы, што заціснуты разам з вамі паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку Расія, з другога - Еўрасаюз, і кацёл, які нас пастаянна падагравае з поўдня, - Украіна, якая ваюе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Еўрапейскім саюзе абвастрыліся адносіны паміж Германіяй і Францыяй з аднаго боку і краінамі Вышаградскай групы (Польшчай, Венгрыяй, Чэхіяй і Славакіяй) з другога. "Новыя дзяржавы Еўрапейскага саюза запатрабавалі павагі да сябе, - растлумачыў ён. - А што на Усходзе? Расія аказалася ўцягнутай ва ўсе войны і канфлікты. Акрамя гэтага з'явіліся вельмі сур'ёзныя ўнутраныя праблемы. Яны звязаны з сур'ёзным спадам цэн на вуглевадароды, да таго ж у іх з'явілася палітычная пандэмія - "абнуленне", новая Канстытуцыя".

Адзіным саюзнікам Расіі Аляксандр Лукашэнка назваў Беларусь. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Расію выштурхоўваюць з вельмі маржынальных еўрапейскага і ўкраінскага рынкаў, у гэтых умовах яна не можа страціць Беларусь. "Яны будуць супраць нас ваяваць? Мы ў Расіі другія пакупнікі газу пасля немцаў, мы перапрацоўваем велізарную колькасць іх нафты. Вядома, яны не хочуць страціць Беларусь і ў эканамічным плане. Але больш за ўсё ў палітычным. Страціць Беларусь - гэта мацнейшы ўдар па ўнутранай палітыцы Расіі", - заявіў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу: цяпер першараднае значэнне мае пытанне, не хто стане Прэзідэнтам у Беларусі (хоць і яно вельмі важнае), а якая будучыня чакае краіну на фоне шматлікіх канфліктаў у свеце. "Калі раней Расія мела манеўр на заходнім напрамку (Украіна, Прыбалтыка), то цяпер гэтага няма: Латвія, Літва, Эстонія лічаць Расію лютым ворагам, яны ў НАТА. Палякі ў НАТА. Ва Украіне яшчэ горш: ідзе вайна. У Расіі засталося адзінае акно, каб супрацоўнічаць з Еўропай (Беларусь. - Заўвага БЕЛТА), дадаўся яшчэ Кітай", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

З аднаго боку, такая сітуацыя дае Беларусі новыя магчымасці, з другога - ставіць яе пад націск розных геапалітычных ігракоў, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Нас ірвуць у Еўрасаюзе, на нас звярнулі ўвагу амерыканцы, і Расія ў страшным сне не можа ўявіць, што няма ў іх больш гэтага саюзніка. У гэтым плане я разумею кіраўніцтва Расіі, але заўсёды ім гавару: вы дабром павінны зваць да сябе Беларусь. Калі пачынае ўжо вельмі іскрыць, гаворым: мы выстаім, але з кім будзеце вы?" - адзначыў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі