Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

16 Ліс 2020

Лукашэнка даручыў вызначыцца з новым механізмам выплаты дарожнага збору на ўзроўні парламента і ўрада

Лукашэнка даручыў вызначыцца з новым механізмам выплаты дарожнага збору на ўзроўні парламента і ўрада

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удасканаленне спагнання платы за допуск да дарожнага руху абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па адпаведным пытанні да гэтага часу не выпрацавана канчатковае рашэнне. Новыя падыходы да выплаты дарожнага збору планавалася разгледзець на нарадзе. "Сёння мы не будзем разглядаць ніякіх падыходаў да ўдасканалення гэтага парадку, як і шэраг пытанняў, якія вынікаюць з такіх тэм", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Народ, грамадства хочуць перамен, і яны замнуліся на Прэзідэнце і яго паўнамоцтвах. Як выхад з гэтага - змяненні ў Канстытуцыю. Мы нядаўна дамовіліся з кіраўніцтвам парламента, што для таго, каб працэнтаў на 70-80 паўнамоцтвы Прэзідэнта перадаць парламенту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць не трэба. Таму ўсе пытанні, якія вы вынеслі на сотні старонак Прэзідэнту, ляжаць у плоскасці парламента і ўрада. Вось давайце іх і вырашайце, як у цывілізаваным грамадстве: урад прапрацоўвае гэтыя пытанні з улікам усіх акалічнасцей, бачачы дзіркі ў бюджэце, калі яны ёсць, з падачы МУС, КДБ, губернатараў, мясцовых органаў улады абмяркоўвайце і дэбатуйце ў парламенце, на ўзроўні законаў прымайце рашэнні і ўносьце закон для падпісання Прэзідэнту, - прапанаваў новы механізм работы кіраўнік дзяржавы. - Таму я і сказаў, што гатовы вас слухаць (гэта вельмі важнае пытанне), але прымаць рашэнне будзеце вы".

Прэзідэнт: у людзей выклікае пытанні не ўдзел у фінансаванні рамонту дарог, а сам механізм выплаты збору

Прэзідэнт нагадаў, што мэта спагнання дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху - прыцягнуць усіх карыстальнікаў дарог да фінансавання іх утрымання. Агульная працягласць дарожнай сеткі ў Беларусі дасягае амаль 90 тыс. км, а шчыльнасць - адна з самых высокіх на прасторы СНД.

"Дарэчы, за апошнія 10 гадоў на рамонт і ўтрыманне дарог мы ўбухалі больш як 10 мільярдаў рублёў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Але ў адрозненне ад суседніх краін нават буйнейшыя скорасныя магістралі мы не зрабілі платнымі для беларускіх легкавых аўтамабіляў".

У Беларусі зарэгістравана больш як 4,5 млн транспартных сродкаў. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у створаных умовах аўтамабілісты цудоўна разумеюць: каб ездзіць па добрых дарогах, патрэбны грошы на іх утрыманне. "Як вы мне дакладваеце (урад перш за ўсё), вывучэнне грамадскага меркавання таксама пацвярджае, што неабходнасць удзелу ў суфінансаванні рамонту і будаўніцтва дарог спрэчак не выклікае. Іх выклікае сам механізм выплаты", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Так званы дарожны збор дзейнічае ў краіне з 2014 года. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі лічаць, што характар спагнання гэтай пошліны не ўлічвае інтэнсіўнасць выкарыстання транспартнага сродку, а значыць, і частату эксплуатацыі дарог. Іншымі словамі, аднолькава плаціць і той, хто намотвае дзясяткі тысяч кіламетраў у год, і пенсіянер, які ў сезон раз у тыдзень ездзіць на дачу.

"Таму нам трэба вызначыцца па ключавым пытанні: як абнавіць існуючы парадак, зрабіўшы яго справядлівым, каб прапанаваць людзям зразумелы, камфортны і, наколькі гэта магчыма, незатратны спосаб удзелу ў падтрыманні якасці і развіцці нашых дарог, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта значыць, мы можам загнуць такую цану, што людзі проста плаціць не змогуць. Таму зразумела, што трэба ўстанавіць справядлівы парадак. З іншага боку - каб чалавек, прытрымліваючыся гэтага справядлівага крытэрыя, мог нешта плаціць. Мы ж не можам у чалавека адабраць палову яго даходаў або апошнія грошы".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу: канчатковае рашэнне па гэтым пытанні павінна прымацца на ўзроўні ўрада і парламента. "Вось і ўсё размеркаванне паўнамоцтваў у гэтым пытанні. Далей - больш: да Усебеларускага народнага сходу я абяцаю вам размеркаваць паўнамоцтвы сумленна, справядліва, не адыходзячы ад адказнасці. Вострых пытанняў для грамадства ў нас няшмат: мы прынялі ўжо ўсякія рашэнні. І вы цудоўна ведаеце, што прымаў іх у асноўным Прэзідэнт, падстаўляючы сябе пад вострую крытыку грамадства. Але я разумеў, што без іх краіны быць не можа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як вядома, раней прапаноўваліся два варыянты новага механізма выплаты дарожнага збору. Першы заключаецца ў тым, каб адмяніць дзеючую дзяржпошліну і ўзамен яе ўвесці новы збор або падатак, але ўжо без прывязкі да праходжання тэхагляду. Адначасова з'явіцца магчымасць заплаціць за месяц, два або год: менавіта за той перыяд, на працягу якога вадзіцель плануе выкарыстоўваць свой транспартны сродак. Кантраляваць гэта прапануецца з дапамогай маштабнай інфармацыйнай сістэмы фота- і відэакамер, а таксама работнікаў транспартнай інспекцыі, органаў унутраных спраў і судовых выканаўцаў.

Другі варыянт выплаты дарожнага збору таксама мае на ўвазе адмену існуючай дзяржпошліны, але пры гэтым расходы на ўтрыманне дарог прапануецца ўключыць у кошт паліва.

Урад: асноўная работа праведзена ўжо, але трэба зверыцца з народам

Як расказаў журналістам па выніках нарады прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, абмяркоўваліся розныя варыянты ўдасканалення спагнання так званага дарожнага збору. Паводле яго слоў, галоўныя прынцыпы, якімі будуць кіравацца ўрад і парламентарыі пры выпрацоўцы рашэння гэтага пытання, былі абазначаны Прэзідэнтам у пачатку нарады і застануцца нязменнымі: прастата аплаты, справядлівасць і магчымасць забяспечыць збор гэтага плацяжу.

"Беларусь інвесціравала дастатковую колькасць сродкаў у стварэнне і мадэрнізацыю дарожнай сеткі. Таму на аснове існуючага сусветнага вопыту мы ўважліва прааналізавалі, як у розных краінах збіраецца гэты падатак (плацеж, пошліна). Практычна ва ўсіх краінах СНД, Еўропы ў той ці іншай форме такія плацяжы фарміруюцца грамадзянамі для частковага ўтрымання, мадэрнізацыі, рамонту дарожнай сеткі, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Неабходна яшчэ раз прааналізаваць з удзелам парламентарыяў, грамадзян для таго, каб выбраць найбольш аптымальны варыянт, які будзе ў найбольшай ступені адпавядаць тым крытэрыям, якія я назваў".

Гаворачы аб тым, на працягу якога часу можа быць вырашана пытанне аб змяненні спагнання дарожнага збору, Раман Галоўчанка запэўніў, што дзейнічаць парламентарыі і ўрад будуць аператыўна. "Дзеючая форма выплаты дзяржпошліны - яна існуе, яе трэба плаціць, гэта тыя сумы, якія з'яўляюцца даволі пад'ёмнымі (сярэдні памер пошліны для фізасоб, паводле даных урада, складае цяпер 7,45 базавай велічыні, або Br201,15 у год. - Заўвага БЕЛТА). Таму сказаць, што нас нешта прыспешвае, не магу. Але, вядома, будзем усё гэта рабіць аператыўна, таму што асноўная работа па вычляненні найбольш прымальных варыянтаў, праведзена ўжо. Трэба толькі яшчэ раз іх абмеркаваць, каб зверыцца з народам", - растлумачыў прэм'ер-міністр.

Парламент: дзяржпошліну трэба адвязаць ад тэхагляду і знайсці іншы варыянт, зразумелы і справядлівы

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў сваю чаргу адзначыў, што распрацоўка новага механізма спагнання платы за допуск да дарожнага руху - гэта не новае пытанне для парламентарыяў. "Мы ім займаліся і раней. Звароты грамадзян па гэтым пытанні прадаўжаюць паступаць і сёння", - сказаў ён.

Уладзімір Андрэйчанка пацвердзіў, што цяпер разглядаюцца два варыянты: або адвязаць дзяржпошліну ад праходжання тэхагляду і ўвесці новы збор, або ўключыць існуючы дарожны збор у кошт паліва. "Здавалася б, уключэнне гэтай пошліны ў кошт паліва дасць большыя плюсы, але я скажу, што там будзе і шмат мінусаў", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. У ліку пераваг такога падыходу ён пералічыў яго прастату і справядлівасць, магчымасць збіраць сродкі з замежных грамадзян. Негатыўнымі наступствамі гэтага варыянта, паводле слоў парламентарыя, стануць рэзкае павышэнне кошту паліва, вялікая розніца ў цане на бензін у Беларусі і Расіі і інфляцыя, паколькі паралельна пачнуць даражэць і іншыя паслугі.

"Таму гэта пытанне, над якім трэба яшчэ сур'ёзна падумаць. Прынята рашэнне, што адназначна дзяржпошліну трэба адвязаць ад тэхагляду і знайсці які-небудзь іншы варыянт, справядлівы і зразумелы людзям", - рэзюмаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі