31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў па-гаспадарску развіваць тэрыторыі запаведнікаў і азнаёміўся з добраўпарадкаваннем цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка - вёскі Домжарыцы, якую тут развіваюць у канцэпцыі "вёска будучыні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У запаведніку павінны жыць людзі, такімі астраўкамі. Размова ідзе аб тым, каб там, дзе людзі жывуць, накшталт Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб акрамя прыродаахоўных мерапрыемстваў у такіх месцах па-гаспадарску займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Каб трымаць тэрыторыі ў парадку.
"Жыць на зямлі - трэба займацца сельскай гаспадаркай. Прысядзібны ўчастак павінен быць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца і асобных участкаў, дзе можна развіваць гаспадарчую дзейнасць. "Гэтыя кавалачкі нельга аддаваць прыродзе, калі яны ачышчаны ад лесу, кустоў. Яны павінны даваць рэзультат. Дзесьці цэх па апрацоўцы драўніны, сельская гаспадарка. Я гатовы невялікімі грашыма дапамагчы, каб гэта развіваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Я не гавару, з якімі мэтамі будзеце працаваць на зямлі. Малака, мяса ў нас хапае. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для паляўніцтва, рыбалоўства - калі ласка, гэта ваша справа", - дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца развіцця і добраўпарадкавання Домжарыц, кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку ўбачанаму: "Вёска добрая. Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску. Акрамя таго, што вы сюды жалезабетон і цэглу цягнеце. Усё трэба рабіць з дрэва", - ацаніў добраўпарадкаванне Прэзідэнт.
Як далажылі кіраўніку дзяржавы, цяпер у Домжарыцах жывуць 372 чалавекі. Праблем з занятасцю няма, захавана і мадэрнізавана ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, уключаючы дзіцячы сад, школу. Мясцовая кацельня цалкам працуе на мясцовых відах паліва.
У бягучым годзе споўнілася 100 гадоў з дня заснавання запаведніка. Да гэтай даты праведзена маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя цэнтральнай сядзібы ў вёсцы Домжарыцы. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва, абноўлена вытворчая база - створаны цэх перапрацоўкі драўніны.
"Гэта правільна, гэта - будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба гэта ўсё змаляваць, спісаць і за некалькі гадоў (адразу гэта не зробіш) рабіць як тут".
Прэзідэнт адзначыў, што ўсё гэта ляжыць у рамках агульнай важнай задачы па захаванні ў краіне вёскі і яе развіцці: "Гэта ўзор, якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Выратаваць, выратаваць вёску. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. Я заўсёды гэтаму ўдзяляў самую сур'ёзную ўвагу. Не будзе вёскі - не будзе дзяржавы".





"Бліжэй да прыроды! І выкарыстоўваць трэба запаведныя мясціны ў імя гэтага. Хочацца, каб нашы людзі ад гэтага нешта займелі", - арыентуе Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, калі там упала 120-гадовае дрэва, не трэба чакаць, калі яно згніе, трэба яго выкарыстоўваць для вытворчасці, каб атрымаць прыбытак, арыентаваў кіраўнік дзяржавы. "У нас хапае кантралёраў, якія разбойнічаць не дадуць. Але трэба выкарыстоўваць. Гэта - наша багацце", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы не хвалюйцеся: тое, што мы тут пабудавалі гэты невялікі цэх (па дрэваапрацоўцы. - Заўвага БЕЛТА), - гэта зроблена для людзей. Да гэтага мы пабудавалі сацыяльныя, спартыўныя аб'екты. Для чаго? Каб людзі жылі. А як яны будуць жыць, калі зарабляць не будуць? Мы стварылі ім умовы. Дай бог, каб у нас усюды так было гадоў праз дзесяць, як тут. Таму 80 працэнтаў у вас запаведнік, а 20 працэнтаў - у гэтых лясах можаце нарыхтоўваць лес, - сказаў Прэзідэнт. - Але ні ў якім выпадку не на шкоду прыродзе. Тут я яшчэ больш радыкальны, чым вы. Мы павінны захаваць для дзяцей гэты куток. Тым і цудоўная Беларусь".
У сучасным свеце альтруізм недарэчы, адносіны будуюцца зыходзячы з магчымасцей атрымання прыбытку. Такі падыход, напрыклад, дэманструе і Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. "У яго ўсё (заснавана. - Заўвага БЕЛТА) на грошах. "Вы хочаце ваяваць (кажа еўрапейцам) ва Украіне? Ваюйце. Хочаце амерыканскую зброю? Калі ласка. Заплаціце - мы вам дадзім зброю". На дурніцу ніхто нічога не дасць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Прагматычна? Прагматычна. Часам цынічна, але прагматычна. А мы што, распласталіся, бярыце нас жыўцом? Не. Плаціце. Будзеце плаціць - будзем рабіць. Не будзеце плаціць - да пабачэння. Такое жыццё".
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што зусім не заклікае да таго, каб "загадзіць Беларусь". Наадварот, гаворка пра разумны падыход у прыродакарыстанні.
Напрыклад, не трэба дапускаць таго, каб вялікія аб'ёмы каштоўнай сыравіны проста гнілі ў лесе. Трэба разумна і эфектыўна распараджацца такім каштоўным рэсурсам, як драўніна, якім краіна валодае ў дастатковай колькасці. У гэтых адносінах Беларусь гатова працаваць як самастойна, так і ў супрацоўніцтве з замежнымі інвестарамі пры рэалізацыі буйных праектаў, як гэта адбываецца цяпер з будаўніцтвам ЦКК у Віцебскай вобласці сумесна з Аманам. "Яны будуць інвесціраваць, укладваць грошы - калі ласка. Давайце разам перапрацоўваць тую драўніну, якую часам мы не можам пералапаціць. І часта я крытыкую нашых начальнікаў: столькі, кажу, драўніны ляжыць (бураломы нарабілі бед)… Усё прыбралі, склалі - не здольныя перапрацаваць. Трэба будаваць вытворчасці. І такія (кампактныя, як у Домжарыцах. - Заўвага БЕЛТА), каб атрымаць тое, што людзям патрэбна, і, калі ласка, той, хто хоча ў нас працаваць з-за мяжы, - прывозьце грошы, будзем разам перапрацоўваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Перспектыўнасць такіх праектаў (як буйных, так і больш лакальных) тлумачыцца тым, што лесу ў Еўропе засталося не так шмат. "На поўдзень ад Кіева, як я гавару, лесу няма. А у нас ёсць. Лес, чыстая вада і чыстае паветра. Што яшчэ трэба для таго, каб нармальна жыць?" - рытарычна спытаў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць беражлівага стаўлення да ўсіх прыродных рэсурсаў. "Вядома, павінен быць парадак. Нельга загубіць святыя гэтыя мясціны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандру Лукашэнку расказалі, што паветра ў Бярэзінскім біясферным запаведніку ў 300 разоў чысцейшае, чым у Мінску.
"Людзі нашы яшчэ не ацанілі і не зразумелі, дзе яны жывуць. Святое месца, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У маладосці асабліва, ды і многія цяпер гэта не цэняць. Пакуль не захварэюць. А здароўе ваша - тут. Дзе жывеш, там трэба і працаваць, дыхаць тым паветрам, піць ваду і ўжываць прадукты харчавання - усё сваё. Гэта здароўе. А здароўе не купіш. Гэта найважнейшы рэсурс для чалавека".
У якасці вельмі пазітыўнага моманту Прэзідэнт адзначыў тое, што моладзь не імкнецца адсюль з'язджаць у вялікія гарады, а прадаўжае тут жа жыць і працаваць. "Хоць куды з'язджаць адсюль? Паветра ў вас у 300 разоў лепшае, чым у Мінску. Школа, дзіцячы сад, праца - усё неабходнае (ёсць. - Заўвага БЕЛТА). Усё залежыць ад таго, як будзеце працаваць. Галоўнае, што ёсць збыт, попыт на вашу прадукцыю", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго здзівіла многае з убачанага ў Домжарыцах, хоць здзівіць яго няпроста - усё ж такі ўжо шмат гадоў на пасадзе кіраўніка дзяржавы і вопыт каласальны. "Гэта мяне здзівіла - што вы ў цэнтры гэтага вялізнага масіву. Я падлятаў сюды на верталёце, вакол лес, лес і тут такая жамчужына!" - падзяліўся ўражаннямі Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што такога плана цэнтры санаторна-курортных паслуг і вытворчасці трэба пабудаваць, а недзе - захаваць, і на гэта будуць накіроўвацца неабходныя бюджэтныя сродкі. "Мы павінны гэта тыражаваць па ўсёй краіне", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.