29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь вельмі хоча актывізаваць супрацоўніцтва з Эфіопіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эфіопіі Гедыёнам Тыматэвасам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Эфіопія для нас з'яўляецца адной з важнейшых дзяржаў ва Усходняй Афрыцы. Яшчэ з савецкіх часоў у нас добрыя ўспаміны і добрыя надзеі на супрацоўніцтва ў будучым, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка МЗС Эфіопіі. - Вялізная краіна, больш за 130 млн чалавек насельніцтва. Мы бачым пэўнае сваё месца ў Эфіопіі, каб быць карыснымі для вас".
Прэзідэнт перакананы, што з улікам узаемнага інтарэсу да супрацоўніцтва Беларусі і Эфіопіі, а таксама традыцыйных сувязей у краін ёсць патэнцыял для далейшага развіцця гэтага супрацоўніцтва. "Мы сустракаліся ў Казані (на саміце БРІКС. - Заўвага БЕЛТА) з вашым прэм'ер-міністрам і дамовіліся, што міністэрствы замежных спраў Эфіопіі і Беларусі выпрацуюць пэўны план, дарожную карту нашага супрацоўніцтва, што мы сёння і робім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запэўніў кіраўніка МЗС Эфіопіі ў тым, што Беларусь пры дасягненні тых ці іншых дамоўленасцей выканае ўсе абавязацельствы са свайго боку. "Мы гатовы пастаўляць вам увесь комплекс неабходнай машынабудаўнічай прадукцыі для Эфіопіі. Мы гатовы пастаўляць вам увесь комплекс сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Акрамя таго, мы гатовы перадаваць вам адпаведныя тэхналогіі і вучыць вашых людзей гэтым тэхналогіям", - назваў некаторыя напрамкі супрацоўніцтва з Эфіопіяй Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папрасіў міністра замежных спраў Эфіопіі перадаць самыя цёплыя пажаданні кіраўніцтву гэтай краіны і яшчэ раз запэўніў у тым, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. "Спадар міністр, яшчэ раз паўтараю: мы вельмі хацелі б актывізаваць наша супрацоўніцтва з вашай краінай", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Эфіопіі, якая нямала зрабіла для прызнання Беларусі партнёрам БРІКС. "Спадзяёмся, вы нас будзеце падтрымліваць і ў будучым у гэтай арганізацыі", - дадаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Гедыён Тыматэвас падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца і перадаў самыя цёплыя словы ад прэм'ер-міністра і Прэзідэнта Эфіопіі. "Паміж нашымі краінамі існуюць моцныя культурныя і гістарычныя сувязі. У нас таксама ёсць агульнасць падыходаў да каштоўнасцей, гісторыі, рэлігіі. Да гэтага часу ў нашай краіне многія людзі з цеплынёй успамінаюць сваю вучобу тут у час Савецкага Саюза. У тым ліку яны сёння фарміруюць і падтрымліваюць моцныя сувязі паміж нашымі краінамі", - сказаў міністр.
Як паведамлялася БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2024 года на палях саміту БРІКС у Казані сустрэўся з Абіем Ахмедам Алі. Гаворачы аб развіцці супрацоўніцтва, кіраўнік беларускай дзяржавы тады прапанаваў: "Давайце пачнём з таго, што бліжэй пазнаёмімся адзін з адным. Але я прыхільнік хуткіх крокаў. Свет вельмі мяняецца, ён прымушае нас паскарацца. Таму мы гатовы настолькі хутка рабіць усё, аб чым мы дамовімся, наколькі да гэтага будзеце гатовы вы самі".