1 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь не дапусціць вайны, знойдзе сваё шчасце мірным шляхам. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы камусьці як костка ў горле. Вось гэта бедная цэнтральнаеўрапейская невялікая дзяржава, і яны, аказваецца, яшчэ да гэтага часу жывуць, яны яшчэ не ваююць! Гэтым людзям хачу сказаць: вайны ў Беларусі не будзе, мы сваё шчасце знойдзем мірным шляхам, як гэта рабілі заўсёды", - сказаў беларускі лідар.
"Мы ганарымся тым, што мір, спакой і парадак - галоўны здабытак нашай краіны. Без іх немагчыма ні развіццё, ні працвітанне. Гэта той фундамент, на якім заснавана ўсё - і эканоміка краіны, і матэрыяльны дастатак кожнага, і шчаслівае жыццё нас і нашых дзяцей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Зберагчы мір, згоду, парадак - гэта не толькі задача дзяржавы і ўлады, калі хочаце, і абавязак кожнага чалавека, хто шчыра любіць сваю зямлю і свой родны дом", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам шмат гаворыцца аб незалежнасці, што гэта свабода, дабрабыт, мір, стабільнасць, права жыць у сваім доме. "Усё гэта правільна, усё гэта так. З майго пункту гледжання, незалежнасць - гэта магчымасць. Усё, што мы атрымліваем ад незалежнасці, само не прыходзіць. Гэта вынік карпатлівай, цяжкай працы па выкарыстанні магчымасцей, што адкрыліся. Пры гэтым трэба помніць - незалежнасць каштуе дорага. І тая цана, якую заплаціў наш народ, - гэта цана, каб быць незалежным, а каб захаваць незалежнасць - плацім і будзем плаціць шмат. Іншага не дадзена, калі мы хочам жыць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, рабіць яе больш прыгожай і завяшчаць сваім дзецям", - сказаў кіраўнік дзяржавы.