17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе весці дыялог з Расіяй па будаўніцтве новай АЭС. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з расійскім партнёрам "Расатамам" абмяркоўвалася будаўніцтва новай атамнай станцыі. "Вырашылі, што трэці блок пабудуем і будзем весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі - зноў жа, на ўсходзе (Беларусі. - Заўвага БЕЛТА)", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі мы пабудуем на паўднёвым усходзе Беларусі другую атамную станцыю... Чым чорт не жартуе? Можа, гэта трэба будзе і паўднёваму захаду Расіі. Усялякае можа быць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пытанне будаўніцтва атамнай станцыі на ўсходзе Беларусі ўзнімалася і раней. Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня заявіў аб магчымасці будаўніцтва новай АЭС на ўсходзе Беларусі, у тым ліку, калі гэта будзе неабходна, з разлікам на забеспячэнне электраэнергіяй новых рэгіёнаў Расіі. Адпаведную заяву беларускі лідар зрабіў на сустрэчы з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным у Крамлі.

"Я ўчора ўжо казаў аб гэтым, што пагаворым сёння з вамі. Калі вы адобрыце праект пашырэння або будаўніцтва новай атамнай станцыі. Можа, нават на ўсходзе Беларусі з мэтай, калі гэта будзе неабходна, забеспячэння электраэнергіяй раёнаў, вызваленых Расіяй - Херсонская, Запарожская, Луганская, Данецкая. Калі ў гэтым будзе пэўная неабходнасць. У сувязі з Запарожскай станцыяй", - сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.