17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучоныя, педагогі, журналісты і эксперты павінны дзейнічаць у рамках адзінай стратэгіі фарміравання гістарычнай памяці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, прысвечанай Дню народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы разумеем, што Беларусь, прайшоўшы трэць стагоддзя сваёй суверэннай гісторыі, яшчэ вельмі маладая. Гісторыя суверэннай дзяржавы толькі пачынаецца. І я ўжо не раз гаварыў, што мы ідзём па тонкім лёдзе, - сказаў Прэзідэнт. - Тыя, хто марыць, каб гэты лёд даў трэшчыну, будуць бясконца спекуляваць на важных для нас гістарычных датах, укідваючы фэйкі пра пакты, змовы і іншую лухту, якая лёгка абвяргаецца гістарычнымі дакументамі".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт прывёў прыклад дагавора аб ненападзенні паміж Савецкім Саюзам і Германіяй, так званы пакт Молатава - Рыбентропа. Калі разглядаць гэты дакумент павярхоўна, то складваецца ўражанне, што Савецкі Саюз і Германія проста падзялілі Польшчу. Але Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэту тэму трэба больш глыбока аналізаваць, каб зразумець перадумовы, якія тояцца і ў палітыцы самой Польшчы.
У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы нагадаў аб хвалебных прамовах польскага пасла ў нацысцкай Германіі ў адрас Адольфа Гітлера. "Пасол (асабліва ў тыя часы, такой буйной краіны, як Польшча) ніколі не будзе гаварыць тое, чаго не гавораць у Польшчы", - сказаў ён.
Такім чынам, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, такія сур'ёзныя пытанні трэба аналізаваць і разглядаць з розных бакоў. "Гэта задача нават не гісторыкаў, а вопытных палітыкаў, якія могуць праз сваё палітычнае жыццё, кар'еру і іншае паглядзець канкрэтна на тыя падзеі", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыкі аналізуюць дакументы, факты, выбудоўваюць храналогію падзей. А ідэалагічная задача, падкрэсліў ён, - трансфармаваць гэты матэрыял у наратывы, у аргументы і контраргументы і працаваць з імі ў інфармацыйным полі.
"Тут вучоныя, педагогі, журналісты і эксперты павінны дзейнічаць у рамках адзінай стратэгіі фарміравання гістарычнай памяці", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якім удзельнікі сустрэчы бачаць далейшы шлях у кантэксце задач гістарычнай памяці, а таксама спытаў пра аналіз праведзенай работы па канкрэтных даручэннях Прэзідэнта.