Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

25 Jun 2019

Лукашэнка адрасаваў зварот дзяржавам ААН з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі

Лукашэнка адрасаваў зварот дзяржавам ААН з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў зварот дзяржавам - членам ААН з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Адпаведны зварот быў распаўсюджаны 24 чэрвеня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, дзе па ініцыятыве пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН прайшло памятнае мерапрыемства, прысвечанае 75-й гадавіне вызвалення Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва і супрацоўнікі пастаянных прадстаўніцтваў дзяржаў - членаў ААН, сакратарыята ААН, прадстаўнікі беларускай дыяспары, СМІ.

"Другая сусветная вайна, адна з самых жорсткіх у гісторыі чалавецтва, стала для нас Вялікай Айчыннай. Яна ўварвалася ў кожны дом і ў кожную сям'ю. За гады акупацыі Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. На нашай тэрыторыі фашыстамі было створана больш за 260 лагераў смерці і іншых месцаў масавага знішчэння, спалена каля дзесяці тысяч вёсак, разбураны гарады. Але не быў зломлены дух беларускага народа. Беларусь не скарылася. Тут разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Дзякуючы самаадданай барацьбе нашага народа, а таксама ўсіх жыхароў Савецкага Саюза і краін антыгітлераўскай кааліцыі вораг быў пераможаны", - гаворыцца ў звароце.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня, стаў у Беларусі нацыянальным святам - Днём Незалежнасці. Мужнасць і гераізм беларускага народа, яго вялікі ўклад у перамогу над фашызмам атрымалі сусветнае прызнанне. Беларусь увайшла ў лік дзяржаў - заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

"На жаль, сёння, калі паміж былымі саюзнікамі ў барацьбе з нацызмам усё часцей узнікае недастатковае разуменне або канфрантацыя, праблема прадухілення новай сусветнай вайны становіцца ўсё больш вострай і актуальнай. Перакананы, што для ўмацавання міру і пераадолення існуючых супярэчнасцей неабходны новы маштабны міждзяржаўны дыялог. Беларусь гатова стаць пляцоўкай для абмеркавання любых стваральных ініцыятыў у сферы міжнароднай бяспекі і развіцця. У імя будучыні мы павінны памятаць страшныя ўрокі мінулага, захоўваць і перадаваць будучым пакаленням праўдзівую гісторыю вялікага подзвігу герояў-вызваліцеляў. Вучыць сваіх дзяцей цаніць жыццё, паважаць іншыя народы і берагчы мір", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Людзі з даўніх часоў, вітаючы адзін аднаго, кажуць: "Мір вам". Арганізацыя Аб'яднаных Нацый створана для яго захавання і ўмацавання. Разам мы зможам выканаць гэту гістарычную місію!" - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Праведзенае ў Нью-Ёрку памятнае мерапрыемства адкрыў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, які падкрэсліў важнасць захавання памяці і гістарычнай праўды аб вайне. Кіраўнік беларускай місіі прыцягнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства да звароту Прэзідэнта Беларусі. У далейшым ён будзе распаўсюджаны ў якасці афіцыйнага дакумента 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН на ўсіх мовах Арганізацыі.

У час мерапрыемства адбыўся паказ мастацкага фільма "Брэсцкая крэпасць", які на аснове рэальных фактаў расказвае аб трагічных падзеях пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці салдатамі Чырвонай Арміі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі