Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

13 Лют 2019

Лукашэнка: адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў

Лукашэнка: адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў

13 лютага, Сочы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і не гаварыў. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Краснай паляне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы павінны ведаць, што ў кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ды і не трэба вас у гэтым пераконваць. Прынамсі, мы з вамі гэта добра ведаем".

"Што датычыцца падтрымкі нашай эканомікі, я таксама вам удзячны. Пры гэтым я часта гавару, што эканоміка Беларусі - гэта фінішная вытворчасць расійскай эканомікі. Мы сыравіну, камплектуючыя - 60-70 працэнтаў па асноўнай машынабудаўнічай прадукцыі, нафтаперапрацоўцы - купляем у Расіі. Таму гэта наша агульная эканоміка. І падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35-40 млн людзей (разам з сем'ямі), якія працуюць на расійскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расіі і Беларусі не разумее гэта, я думаю, зразумеюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вядома, заўсёды пытанні ёсць і будуць. Але мы заўсёды знаходзілі развязкі па гэтых пытаннях. Думаю, гэта не з'яўляецца вялікай праблемай для нас", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час яго візіту ў Расію будзе магчымасць пагаварыць не толькі па пытаннях эканомікі, але і па гуманітарнай тэматыцы, у тым ліку з удзелам профільных міністраў у час наведвання адукацыйнага цэнтра "Сірыус".

"Дзякую вам за запрашэнне перагаварыць з нашымі калегамі (трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі, Ірана і Турцыі па Сірыі. - Заўвага БЕЛТА), якія будуць заўтра ў вас па важных міжнародных праблемах", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што сустрэчы сёння і ў наступныя дні будуць вельмі карысныя для беларуска-расійскіх адносін.

Графік знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прадугледжвае магчымасць і для невялікага адпачынку. "Дзякуй за тое, што запрасілі. Таму што мы часам замыкаемся ў рамках уласных праблем і збоку не бачым, што адбываецца. Вы правільна сказалі, што можна гадзіну-другую знайсці для таго, каб перадыхнуць. Я гэтым скарыстаўся з раніцы. Дзякуй за трасы, якія былі падрыхтаваны. І суправаджальныя асобы, якія разам са мной прыехалі, вельмі задаволеныя былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Для мяне гэта родны дом. Я ехаў па новай дарозе ўчора позна вечарам і ўспамінаў тую цяжкую савецкую трасу, па якой мы перамяшчаліся. Страшна было глядзець уніз. Сёння гэта зусім іншы курорт, іншая тэрыторыя. І я рады, што ў свой час беларусы пабудавалі тут свой дом. У нас тут дзве гасцініцы, асабнякі, якія запоўнены турыстамі, і працуем не на страту", - адзначыў Прэзідэнт.

З беларускага боку на сустрэчы таксама прысутнічалі віцэ-прэм'еры Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой і пасол у Расіі Уладзімір Сямашка. З расійскага - першы намеснік старшыні ўрада - міністр фінансаў Антон Сілуанаў, віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак, памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, пасол Міхаіл Бабіч.

Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункту гледжання ўсіх магчымых напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння - палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры.

Расія з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Аб'ём узаемнага тавараабароту ў 2018 годзе склаў $35,6 млрд, павялічыўшыся да ўзроўню 2017-га на 9 працэнтаў. Экспарт Беларусі ў Расію быў $12,9 млрд (рост на 0,4 працэнта), імпарт з Расіі - $22,6 млрд (на 15,4 працэнта).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі