Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

19 Dec 2019

Лукашэнка абмяркоўвае з Саветам бяспекі новы план абароны Беларусі

Лукашэнка абмяркоўвае з Саветам бяспекі новы план абароны Беларусі

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць сёння пасяджэнне Савета бяспекі. На яго вынесены пытанні планавання абароны краіны і далейшага развіцця беларускай арміі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Традыцыйна на пасяджэннях Савета бяспекі мы разглядаем ключавыя пытанні забеспячэння бяспекі нашай дзяржавы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння разгледзім пытанні планавання абароны дзяржавы і далейшага развіцця арміі".

"Надышоў час паглядзець, як стратэгічна спланаваць абарону дзяржавы"

Паводле слоў Прэзідэнта, на працягу года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба перапрацоўваўся план абароны Беларусі ў святле цяперашніх рэалій ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на вопыце сучасных узброеных канфліктаў. Работа праведзена з улікам меркаванняў не толькі сілавых, але і астатніх зацікаўленых ведамстваў, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Наколькі ўсё гэта ўлічана ў распрацаваным дакуменце, у чым яго адрозненне ад дзеючага плана?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівую ўвагу ён папрасіў звярнуць на сістэму папераджальных мер і мер у адказ у выпадку нарастання ваеннай пагрозы для дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што Узброеныя Сілы Беларусі перабудоўваліся некалькі разоў у залежнасці ад развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне і свеце. "Мы разумеем, якія ідуць войны цяпер, якія могуць быць войны ў будучым, і, зыходзячы з нашага патэнцыялу і магчымасцей, перабудоўваем пад гэта свае Узброеныя Сілы. Гэта на мікраўзроўні. Надышоў час паглядзець і на самым высокім узроўні, што нам неабходна зрабіць, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы. Гэтым на працягу года займаўся Генеральны штаб Узброеных Сіл, і мы прыйшлі да высновы, што існуючы цяпер план абароны, бяспекі нашай дзяржавы падлягае перапрацоўцы, асучасніванню, актуалізацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнне таксама вынесены пытанні аб складзе Узброеных Сіл. Члены Савета бяспекі павінны вызначыць, якія сістэмы развіваць у прыярытэтным парадку і якія неабходна мець віды ўзбраенняў, асабліва па авіяцыі, проціпаветранай абароне і іншых сродках агнявога паражэння. "Гэта вельмі дарагія сістэмы", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Асобна плануецца разгледзець фінансава-эканамічнае забеспячэнне Узброеных Сіл і абароны краіны.

"Каб утрыманне і аснашчэнне арміі былі па сілах дзяржаве і не на шкоду ваеннай бяспецы, мы павінны прыняць прынцыповыя рашэнні па гэтых пытаннях", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"У розных рэгіёнах накопліваецца канфлікты патэнцыял"

Наконт ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнай тэндэнцыяй бягучага моманту стала накапленне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. "Не слабее процістаянне паміж буйнымі сусветнымі цэнтрамі сілы: Злучанымі Штатамі Амерыкі, Еўрапейскім саюзам, Кітаем, Расіяй. Як вынік размывання архітэктуры міжнароднай бяспекі - узмацнілася гонка ўзбраенняў, - сказаў ён. - Абвастрылася інфармацыйнае процідзеянне. Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц. Імкненне прадставіць Расію ў якасці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінантнай палітыкай Паўночнаатлантычнага альянсу.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пад гэтай маркай у суседніх еўрапейскіх краінах пашыраецца прысутнасць войскаў НАТА, расце ваенная актыўнасць. Расійская Федэрацыя таксама актыўна развівае сродкі ўзбраення, дэманструючы ўсё большыя баявыя магчымасці. "Усё гэта вы можаце назіраць у сродках масавай інфармацыі. Ніхто гэтага ўжо не ўтойвае", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што змяненні ў глабальнай і рэгіянальнай бяспецы, якія адбываюцца сёння, на многія гады вызначаць не толькі адносіны паміж краінамі, але і напрамкі далейшага развіцця ўзброеных сіл. "І не толькі нашых. Тое, чым мы будзем займацца сёння, займаліся да гэтага часу і ў далейшым будзем займацца, характэрна для ўсіх нашых суседзяў, усіх краін свету", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Беларуская армія з'яўляецца інструментам недапушчэння вайны"

Беларусь цвёрда прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, захоўвае статус донара бяспекі ў рэгіёне. Пры гэтым бясспрэчнымі прыярытэтамі Прэзідэнт назваў развіццё ў краіне ўласнай сістэмы бяспекі, а таксама прадаўжэнне ваеннага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі, перш за ўсё на пляцоўцы СНД.

"Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца. Яна з'яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непапраўны ўрон праціўніку. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сіл - абарона суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе рашэнні дзяржавы ў ваеннай сферы не павінны хавацца ні ад грамадства, ні ад краін-суседзяў. "Мы павінны быць абсалютна празрыстыя, транспарэнтныя. Мы павінны не палохаць нашых суседзяў і наша грамадства, а расказаць ім аб сітуацыі і тых мерах, якія мы плануем і будзем рэалізоўваць у розных сітуацыях", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі