Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

29 Стд 2019

Лукашэнка абмеркаваў з Дварковічам развіццё ў Беларусі шахматнага спорту і правядзенне сусветнай алімпіяды

Лукашэнка абмеркаваў з Дварковічам развіццё ў Беларусі шахматнага спорту і правядзенне сусветнай алімпіяды

29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні развіцця ў Беларусі шахматнага спорту і правядзення 45-й Сусветнай шахматнай алімпіяды абмеркаваны сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЕ) Аркадзем Дварковічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я і з былым кіраўніком федэрацыі не раз сустракаўся і ведаў яго добра. Мы гаварылі аб развіцці шахмат у Беларусі. Мы прытрымліваемся гэтага курсу. Я чалавек "усёедны": для мяне вельмі важны любы від спорту, пачынаючы ад хакея і фігурнага катання і заканчваючы шахматамі. Тым больш так здарылася, што Беларусь - гэта, можна сказаць, адна з магутных шахматных дзяржаў, і школа ў нас заўсёды была добрая. Бачу, што і цяпер пачалі варушыцца, таму наша сустрэча дарэчы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Аркадзя Дварковіча з выбраннем прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат. Ён атрымаў гэту пасаду на пасяджэнні Генасамблеі ФІДЕ ў кастрычніку 2018 года. "Мы прыхільна да гэтага ставімся. Груба кажучы, усё ж такі свой чалавек, ды яшчэ і кіраўнік федэрацыі - гэта вельмі важна для нас, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць аб чым пагаварыць. Вы скажыце, што мы павінны зрабіць, каб міністр прыняў да выканання. Вы ведаеце самі па мінулай рабоце, што чыноўнікі марудна часам разварочваюцца. Але калі вы дакладна вызначыце і падкажаце, што мы павінны рабіць, мы абавязкова зробім".

Віцэ-прэзідэнтам на тым жа пасяджэнні ФІДЕ была выбрана старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Сарокіна, якая атрымала абсалютную большасць галасоў.

Паводле слоў Аркадзя Дварковіча, Міжнародная федэрацыя шахмат плануе перабудаваць сваю работу, каб забяспечыць развіццё шахматнага спорту ў свеце ў цэлым, а не толькі ў асобных краінах. "У Беларусі сапраўды шахматы паступова пачынаюць паднімацца. Крытычна важная для гэтага рэч - развіццё шахмат у школах. І гэты праект, бадай, самы буйны, яму трэба ўдзяляць самую вялікую ўвагу. На наступным узроўні - шахматная акадэмія, дзе таленавітыя дзеці могуць павышаць майстэрства. Далей - падрыхтоўка прафесіяналаў. Такая лесвіца павінна быць выбудавана ў кожнай краіне, і мы будзем у гэтым дапамагаць", - падкрэсліў прэзідэнт ФІДЕ.

У кастрычніку 2018 года на Сусветным кангрэсе Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЕ) Беларусь атрымала права правесці ў жніўні 2022 года Сусветную шахматную алімпіяду і кангрэс ФІДЕ, жаночы Кубак свету ў 2020 годзе і мужчынскі ў 2021-м.

Сусветная шахматная алімпіяда будзе праходзіць два тыдні. За гэты час Беларусь змогуць наведаць больш за 3 тыс. ігракоў са 180 краін і амаль 2 тыс. суправаджальных асоб, турыстаў і журналістаў.

Беларуская федэрацыя шахмат была створана і прынята ў ФІДЕ ў 1992 годзе. Яна аб'ядноўвае больш за 2 тыс. шахматыстаў, сярод якіх 21 гросмайстар, 31 міжнародны майстар і 52 майстры ФІДЕ.

За апошнія дзесяць гадоў на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах беларускія спартсмены заваявалі 162 медалі. У 2017 годзе ўпершыню ў гісторыі нацыянальная зборная прыняла ўдзел у камандным чэмпіянаце свету і заняла сёмае месца. У 2018 годзе беларускі шахматыст Уладзіслаў Кавалёў выйграў буйнейшы міжнародны турнір "Аэрафлот Опен" і заваяваў пуцёўку на элітны шахматны турнір у Дортмундзе, дзе стаў бронзавым прызёрам.

Сусветная шахматная алімпіяда праводзіцца раз у два гады, першая адбылася ў 1927 годзе. Беларуская каманда дэбютавала на гэтых буйных спаборніцтвах у 1994 годзе ў Маскве. У 2022 годзе Беларусь плануе выступіць на шахматнай алімпіядзе трыма камандамі. Акрамя мужчынскай і жаночай зборных, удзел прыме і маладзёжная дружына.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі