Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

21 Снж 2025

Лукашэнка абазначыў прыярытэтныя напрамкі работы ў ЕАЭС на будучыя пяць гадоў

Лукашэнка абазначыў прыярытэтныя напрамкі работы ў ЕАЭС на будучыя пяць гадоў

21 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу спыніўся на ключавых напрамках работы ЕАЭС на бліжэйшыя пяць гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы напрамак - індустрыяльны рост і тэхналагічнае развіццё. "У новай пяцігодцы намаганні краін ЕАЭС будуць сканцэнтраваны на фарміраванні агульнай прасторы кааперацыйнага ўзаемадзеяння і актывізацыі працэсаў тэхналагічнага развіцця, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Відавочна, што індустрыяльны патэнцыял ЕАЭС выкарыстаны далёка не на поўную сілу".

Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што краіны "пяцёркі" гатовы да рэалізацыі праектаў у ключавых галінах і тэхналагічных сферах. "Расце цікавасць з боку рэальнага сектара эканомікі да прапанаваных у рамках ЕАЭС інструментаў фінансавай падтрымкі", - сказаў ён.

Другім важным напрамкам кіраўнік беларускай дзяржавы назваў супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. Пры гэтым, падкрэсліў ён, патрэбны рашучыя крокі, каб знізіць залежнасць ад імпарту ў гэтай сферы да статыстычнай хібнасці.

"Аграрыі краін ЕАЭС могуць не толькі накарміць нашых грамадзян, але і здольны заняць значнае месца на сусветным рынку харчавання. Патрабуецца настойлівасць і жорсткая тэхналагічная дысцыпліна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А калі яшчэ да гэтага атрымаем у рамках ЕАЭС свае высокапрадукцыйныя сарты асноўных сельгаскультур і палепшым стан спраў з племянной жывёлагадоўляй, то канкурыраваць з намі трэцім краінам будзе вельмі няпроста".

Трэцім напрамкам Прэзідэнт Беларусі назваў умацаванне транспартна-лагістычнага патэнцыялу. Ён звярнуў увагу, што гэта адна са сфер для прыярытэтнага ўзаемадзеяння з дзяржавамі-наглядальніцамі пры ЕАЭС.

"У бягучым годзе была прадоўжана работа па развіцці еўразійскіх транспартных калідораў і маршрутаў. Значная ўвага ўдзелена лічбавізацыі перавозак, стварэнню магчымасцей "бясшвовага" руху", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што выпрацоўка на пляцоўцы ЕЭК адпаведных рашэнняў павінна быць на асаблівым кантролі.

Чацвёрты напрамак - функцыянаванне ўнутранага рынку ЕАЭС, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы: "Мы будзем настойліва дабівацца яго эфектыўнай і зладжанай работы ў інтарэсах эканомік дзяржаў-членаў. Разлічваем на далейшыя крокі па напрамку да агульнага біржавога таварнага рынку ЕАЭС".

Пятым напрамкам Прэзідэнт Беларусі абазначыў лічбавую трансфармацыю. "Пад пільнай увагай увесь год былі пытанні рэалізацыі дарожнай карты па стварэнні спрыяльных умоў для электроннага гандлю, развіцці сучасных тавараправодных каналаў. Не без праблем - мы аб гэтым гаварылі ў вузкім складзе. Мы гэту праблему вырашаем і, наколькі магчыма, рухаемся ў гэтым напрамку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Для лічбавізацыі ў ЕАЭС гэта тэма з'яўляецца ключавой - я маю на ўвазе перш за ўсё лічбавы подпіс. Асабліва ў кантэксце ажыццяўлення дзяржзакупак, рынак якіх у краінах Саюза па выніках 2025 года можа перасягнуць узровень, дасягнуты ў 2024 годзе, а гэта больш як $143 млрд", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, лічбавае асяроддзе павінна ўносіць адчувальны ўклад у канкурэнтаздольнасць эканомік, а не ствараць дадатковыя бар'еры ўнутры ЕАЭС.

Шосты напрамак, на якім асобна спыніўся Прэзідэнт Беларусі, - міжнародны вектар. Асобную ўвагу ў год свайго старшынства Беларусь удзяліла пытанням міжнароднага парадку дня і пазіцыянавання ЕАЭС на знешнім контуры. Быў паспяхова праведзены IV Еўразійскі эканамічны форум у Мінску. Прадоўжана работа па выбудоўванні сеткі прэферэнцыйных гандлёвых пагадненняў ЕАЭС з трэцімі краінамі.

"У чэрвені ў Мінску падпісаны пагадненне аб эканамічным партнёрстве з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і часовае гандлёвае пагадненне з Манголіяй, - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы вітаем нашага новага партнёра - Рэспубліку Інданезія, заключэнне пагаднення з якой прадугледжана на палях гэтага саміту".

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што цяпер перад краінамі ЕАЭС стаіць задача па фарміраванні пераліку новых партнёраў. Ён лічыць, што сярод краін Афрыкі і Азіі шмат дружалюбных Саюзу дзяржаў, гандлёвыя кантакты з якімі здольны ўмацаваць эканамічны патэнцыял ЕАЭС.

"Голас Еўразійскага эканамічнага саюза ўсё больш упэўнена гучыць на міжнародных пляцоўках - ад Жэневы да Нью-Ёрка. Зацверджаныя сёння асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2026 год павінны надаць яшчэ большую дынаміку ў гэтым напрамку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Сёмы - гуманітарнае вымярэнне. "У бягучым годзе мы пастараліся напоўніць парадак дня нашага ўзаемадзеяння пытаннямі гуманітарнай і сацыяльнай накіраванасці, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Былі зацверджаны асноўныя напрамкі эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне спорту".

Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў удзяліць у будучым пільную ўвагу ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры і інфармацыйнага ўзаемадзеяння.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі