Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

7 Снж 2020

Лукашэнка аб задачах на 2021 год: захаваць дасягнуты ўзровень і забяспечыць дадатную дынаміку

Лукашэнка аб задачах на 2021 год: захаваць дасягнуты ўзровень і забяспечыць дадатную дынаміку

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захаванне дасягнутага ўзроўню развіцця і забеспячэнне дадатнай дынамікі ўваходзіць у лік найважнейшых задач на 2021 год. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб рабоце эканомікі ў 2020 годзе і праектах прагнозу развіцця краіны на 2021 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў падрыхтаваных прагнозных дакументах урад прапануе сканцэнтравацца на сацыяльнай стабільнасці і задачах, якія яе забяспечваюць, а менавіта: рост даходаў, стрымліванне цэн на сацыяльна значныя тавары, будаўніцтва жылля, кантроль узроўню беспрацоўя. "Нармальна, канцэптуальна падыход правільны", - пракаменціраваў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што задача па стрымліванні росту цэн павінна датычыцца не толькі харчовых тавараў: "А хто сказаў, што халадзільнік і пральная машына не з'яўляюцца значнымі для насельніцтва таварамі? Яны таксама значныя. Таму трэба раз і назаўсёды выпрацаваць механізм стрымлівання цэн па ўсіх напрамках і параметрах. А то атрымліваецца, што сялян мы стрымліваем (у асноўным жа гэта пытанне прадуктаў харчавання і адзення), а ўсім астатнім - вольніца. Але гэта ўсё роўна так ці інакш уплывае на цэнаўтварэнне ў той жа сельскай гаспадарцы, на прадукты харчавання. Мы аб гэтым нямала гаварылі, і ўжо на вопыце выпрацавалі практыку кантролю за цэнаўтварэннем, стрымліваннем інфляцыі". Да гэтага працэсу падключаны і прафсаюзы, дэпутаты мясцовых саветаў, парламентарыі.

"Улічваючы палітру падзей, у якую мы паглыблены як звонку, так і знутры, будаваць вельмі строгія планы на наступны год было б неразважліва. З другога боку, зніжэнне ўжо дасягнутага ўзроўню непрымальна ні сацыяльна, ні эканамічна, ні палітычна, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Пры гэтым хачу перасцерагчы ўрад, губернатараў і ўсіх астатніх, хто будзе выконваць прынятыя рашэнні па сацыяльна-эканамічным развіцці: спасылацца на тое, што ў нас пандэмія і ўся эканоміка ў свеце спынена і нам няма з кім працаваць і гандляваць - не прымаецца. Забудзьце аб гэтым. Так, гэта фон, фон непрыемны. Але мы павінны паставіць перад сабой мэты і, чаго б гэта ні каштавала, іх дасягнуць. Я патрабую толькі адно: у будучым годзе павінна быць дадатная дынаміка па ўсіх напрамках. Пры гэтым кожны крок абавязкова павінен адпавядаць двум патрабаванням: эканамічная эфектыўнасць і беражлівае, уважлівае стаўленне да запатрабаванняў людзей".

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць максімальнага працаўладкавання непрацуючых грамадзян. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць на злобу дня: неадкладна на мясцовым узроўні (старшыням аблвыканкамаў перш за ўсё і Мінскаму гарвыканкаму) заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, тых, хто сноўдаецца, і прымусіць іх працаваць. Паўтараю, як бы непапулярна гэта ні гучала: сёння чалавек, які не працуе, бадзяецца - гэта не проста пратэстун на вуліцы, гэта будучы злачынец, які падкідвае нам кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц злачынствы, і мы трацім вялікія грошы для раскрыцця гэтых злачынстваў, а потым некаторых яшчэ маем на ўтрыманні ў месцах не такіх аддаленых".

Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у краіне неабходныя рэсурсы, каб забяспечыць сацыяльны акцэнт у прагнозных дакументах. "Тым больш што і ў пытанні эканамічнага росту значная роля адводзіцца павелічэнню ўнутранага попыту. Гэта правільна. Вядома, унутраны попыт трэба закрыць самім. Хто і як будзе яго фінансаваць? Ці не парушым мы ўстойлівасць і баланс у эканоміцы? Трэба быць акуратнымі. Скажу шчыра: калі мы ўзровень сацыяльнай абароненасці ў будучым годзе захаваем на ўзроўні бягучага, гэта будзе нядрэнна. Крыху дабавім - будзеце малайцы, - акрэсліў задачы для ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка. - Наколькі "жывыя" тыя інвестыцыйныя праекты, якія запланаваны на будучы год, і як яны ўвязаны з развіццём тэрыторый і гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 80 тыс. чалавек?"

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго некалькі насцярожвае працэс фарміравання бюджэту. "Другі год запар прапануецца планаваць яго з дэфіцытам. З аднаго боку, назапашаны пэўныя астаткі прафіцыту бюджэту мінулых гадоў. З другога - жыць на запасах доўга проста не атрымаецца. Што плануецца зрабіць, каб быў парадак у гэтым пытанні?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

У якасці аднаго з важных пытанняў нарады Прэзідэнт абазначыў таксама планаванне на сярэднетэрміновую перспектыву: з якімі вынікамі краіна падышла і з чым уступае ў новую пяцігодку. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што напярэдадні Усебеларускага народнага сходу неабходна не толькі адкрыта назваць дасягненні, але і прааналізаваць недапрацоўкі. "Лічу, што ў нашых сілах не пераносіць праблемы для іх вырашэння на далёкую будучыню", - падкрэсліў беларускі лідар.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, урадам з прыцягненнем шырокага кола дзяржорганаў і экспертаў выпрацаваны пяць прыярытэтаў: павышэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу, лічбавая трансфармацыя, рэгіёны і фарміраванне інстытутаў развіцця. "Ці ахопліваюць яны ўсе актуальныя праблемы і, галоўнае, перспектыўныя задачы? Ці дазволяць яны аб'яднаць грамадства, каб кожны (у тым ліку і з альтэрнатыўнымі поглядамі) убачыў сябе ў гэтым маштабным працэсе абнаўлення Беларусі (ну калі ён, вядома, не сляпы, то пастараецца, прынамсі, убачыць)?" - абазначыў актуальныя пытанні кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады дакументы былі ў цэлым адобраны Прэзідэнтам. Адзначалася, што раней праект бюджэту і прагноз развіцця краіны на 2021 год абмяркоўваліся ў парламенце, у тым ліку на ўзроўні профільных камісій. Пасля сённяшняга абмеркавання дакументы будуць яшчэ раз разгледжаны на экспертным узроўні з удзелам памочніка Прэзідэнта Валерыя Бельскага і прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнай акадэміі навук, пры неабходнасці - урада і Нацбанка. Пасля гэтага дапрацаваны пакет дакументаў будзе ўнесены на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі