Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Врс 2019

Лукашэнка аб вытворцу касметыкі "Вітэкс": узор таго бізнесу, які патрэбны ў Беларусі

Лукашэнка аб вытворцу касметыкі

27 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння ў Мінску касметычную вытворчасць ЗАТ "Вітэкс" і даў высокую ацэнку развіццю кампаніі, якая акрамя асноўнай дзейнасці паспяхова займаецца яшчэ і сельгасвытворчасцю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта ўзор таго бізнесу, які трэба мець у Беларусі. У яго на зямлі (сельгасвытворчасць. - Заўвага БЕЛТА), у яго асноўная вытворчасць. У Беларусі менавіта такім чынам і трэба дзейнічаць. Трэба шматпрофільную мець вытворчасць. Тым больш у нас гэта можна", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця ЗАТ "Вітэкс" і СП "Беліта" ТАА. Прэзідэнт азнаёміўся з працэсам вытворчасці касметычнай прадукцыі, яе асартыментам.

Паказчыкі работы прадпрыемства заслугоўваюць высокай ацэнкі. Сярэдняя заработная плата работнікаў на асноўнай вытворчасці ў Мінску перавышае Br1,9 тыс., а на аграрнай вытворчасці ў вёсцы Цеплень яна складае Br940. На экспарт у мінулым годзе было пастаўлена прадукцыі на суму $45 млн. Штогод узрастаюць аб'ёмы вытворчасці, у мінулым годзе - на 7 працэнтаў, пашыраюцца вытворчыя магутнасці. На прадпрыемстве ў Мінску працуюць 830 чалавек, у філіяле ва Уздзенскім раёне - 220, але ў наступным годзе будуць дадаткова створаны рабочыя месцы - колькасць работнікаў павялічыцца да 500, у аграрным сектары заняты больш за 100 чалавек.

Сельгаспрадпрыемства ў вёсцы Цеплень, якое ў свой час з'яўлялася стратным і было перададзена ЗАТ "Вітэкс", пад умелым кіраваннем заняло лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіёне. Напрыклад, па надоях малака паказчыкі ў яго на ўзроўні лепшых ферм краіны - больш як 10 т на адну карову. Закладзены яблычны сад, з ураджаю якога вырабляюць сокі і чыпсы. Наладжана вытворчасць экстрактаў траў, ёсць пчальнік. Разам з вытворчасцю ў пасёлку развіваецца і сацыяльная сфера. Пабудавана жыллё для работнікаў, аб'екты інфраструктуры.

"Малайцы, прадпрыемства адно з лепшых у вас, - пахваліў Прэзідэнт. - Вы ўжо на моцным фундаменце. Ведаеце, што і як рабіць. Я часта вас у прыклад стаўлю".

"Патрэбны вынік. Узяў стратную гаспадарку - сёння сам радуецца", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Як растлумачыў генеральны дырэктар ЗАТ "Вітэкс" Віктар Цярэшчанка, наладзіць стабільную работу сельскагаспадарчага прадпрыемства дапамог у тым ліку вопыт Ізраіля, дзе пабываў кіраўнік і пераняў некаторыя тэхналогіі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне аб перадачы адстаючых гаспадарак пад кіраўніцтва прыватнага бізнесу, прынятае 15 гадоў таму, было правільным і цяпер гэта відавочны факт. "З тых гаспадарак, якія мы некалі замацавалі (хваля была), толькі чатыры забралі назад. А так прыватнікі добра распарадзіліся гэтымі гаспадаркамі", - сказаў ён. Такіх гаспадарак пад кіраўніцтвам сталічных прыватных структур налічваецца каля 30. Прэзідэнт лічыць, што паспяховы вопыт развіцця аргарнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс" трэба пераймаць і іншым арганізацыям, якія маюць падшэфныя гаспадаркі. "Вазьмі за прыклад, - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама. - І прымусіць усіх так працаваць, як у яго".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у бліжэйшы час вырашыць пытанне з аператыўным адвядзеннем зямель для гаспадарак, якія развіваюцца. Паводле слоў кіраўніка ЗАТ "Вітэкс", гэта працэдура цяпер вельмі доўгая. "Надакучыла ўжо слухаць гэтыя прэтэнзіі, - адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы. - Кіруемая краіна, а мы не можам вырашыць гэта пытанне. Калі зямля не сельгаспрызначэння, дык чаго цялёпкацца?" Ён даручыў разабрацца ў сітуацыі і паставіць аблвыканкамы ў такія рамкі, каб яны не маглі зацягваць працэс адвядзення на тэрмін большы за адзін месяц.

Размова ішла і аб тым, каб забяспечыць магчымасць прадаваць на адной пляцоўцы прадукты харчавання і касметычныя сродкі, калі яны ў закрытай упакоўцы. Напрыклад, у магазінах сеткі "Вітэкс" кантралюючыя органы робяць заўвагі з-за наяўнасці на прылаўках касметыкі і сокаў уласнай вытворчасці. "Гэта бардак поўны. Мы ўжо аб гэтым гаварылі, наводзячы парадак на вытворчасці. Чым цюбік з пастай адрозніваецца ад шкляной або іншай тары?" - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыехаў спецыяльна для таго, каб паглядзець вытворчасць і зрабіць для сябе пэўныя вывады. "Я цябе ў прыклад заўсёды стаўлю як добрага бізнесмена. Малайчына. Людзі ў цябе вельмі задаволеныя, асабліва стаўленнем", - сказаў ён, звяртаючыся да Віктара Цярэшчанкі. Прэзідэнт у сувязі з гэтым асабліва падкрэсліў ролю кіраўніка і важнасць вырашэння кадравых пытанняў на перспектыву. "Я вось на яго (кіраўніка прадпрыемства. - Заўвага БЕЛТА) гляджу - цяпер усе крычаць: "рэформа, давай, разганяй, дзялі...". Вось, вобразна кажучы, яго не будзе, хто заменіць, каб было так добра? Не трэба крычаць, што вось цяпер мы тут усё падзелім, зламаем і правядзём радыкальную рэформу", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка разам з тым даручыў дадаткова папрацаваць над устараненнем некаторых бар'ераў, зняць залішні бюракратызм. "Трэба зняць гэтыя бар'еры. Ну што такое - узгадняць месяцамі адвядзенне зямель. Па краіне разбярыцеся", - сказаў ён.

ЗАТ "Вітэкс" і СП "Беліта" ТАА - першыя касметычныя прадпрыемствы ў Беларусі. На іх створаны поўны цыкл вытворчасці касметычнай прадукцыі - ад распрацоўкі рэцэптуры да рэалізацыі праз уласную тавараправодную сетку.

Разам з гандлёвымі дамамі і рэгіянальнымі прадстаўніцтвамі прадпрыемствы выступаюць на касметычным рынку як адна вялікая сетка. Цяпер прадукцыя пастаўляецца больш як у 30 краін блізкага і далёкага замежжа, сярод якіх Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Грэцыя, Балгарыя, Славакія, Італія, Кіпр, Чэхія, Сербія, краіны Балтыі. У 2018 годзе асвоены новыя рынкі: Канада, Пакістан, Бахрэйн. У бягучым годзе з'явіліся новыя рэгіёны, дзе ўпершыню была прадстаўлена прадукцыя "Вітэкс": В'етнам, Палесціна, Афганістан. Вядуцца перагаворы з Турцыяй, Нігерыяй, Коста-Рыкай.

Экспарт складае 59 працэнтаў у агульным аб'ёме паставак. Гандлёвая сетка налічвае больш за 600 магазінаў, аддзелаў і секцый. Прадпрыемствы прапануюць спажыўцам звыш 2 тыс. відаў касметычнай прадукцыі.

У 2004 годзе ЗАТ "Вітэкс" стала ўласнікам стратнай гаспадаркі ва Уздзенскім раёне, і на яе базе быў створаны сельскагаспадарчы філіял прадпрыемства. На гэты час СГК ЗАТ "Вітэкс" з'яўляецца адным з лідараў сярод гаспадарак усёй Мінскай вобласці. Па розных паказчыках малочнай прадукцыйнасці гаспадарка неаднаразова прызнавалася лепшай у Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі