Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

24 Ліп 2025

Лукашэнка аб уборачнай кампаніі: трэба паскарацца, чаго б ні каштавала

Лукашэнка аб уборачнай кампаніі: трэба паскарацца, чаго б ні каштавала

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уборачную кампанію ў Беларусі трэба праводзіць максімальна высокімі тэмпамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці з мэтай асабістага кантролю за ходам уборачнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба паскарацца, чаго б нам ні каштавала, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Своечасова трэба рабіць, і каб дысцыпліна была. Ні ў якім разе нельга прашлёпаць гэты год. Ураджай павінен быць добры, калі мы без страт убяром, наколькі гэта магчыма".

Кіраўнік дзяржавы прыехаў на сельгаспрадпрыемства "Азярыцкі-Агра" ў Смалявіцкім раёне на поле з азімым ячменем. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму для наведвання было выбрана менавіта гэта месца і гаспадарка ў Мінскай вобласці. Прэзідэнт хоча скласці агульнае ўражанне аб ходзе ўборачнай кампаніі, а тут якраз больш-менш усярэдненыя ўмовы. Гэта датычыцца і Мінскай вобласці ў цэлым, якую кіраўнік дзяржавы назваў складаным рэгіёнам.  Калі тут добра, то і ў сярэднім па краіне сітуацыя будзе нядрэнная - крыху горшая па поўначы ў Віцебскай вобласці, крыху лепшая - на поўдні і ў заходніх рэгіёнах.

"Гэта такі паказчык добры. Паглядзеўшы тут, мы будзем бачыць, як працуюць нашы камбайны, чаго нам не хапае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзеля гэтай інспекцыі ў палях нават перанеслі іншае запланаванае мерапрыемства па сферы фармацэўтыкі. Але да гэтай тэмы вернуцца пазней.

Прэзідэнт канстатаваў, што ўборачная кампанія ў цэлым па краіне ідзе нераўнамерна, у залежнасці ад умоў надвор'я ў тых ці іншых раёнах. Таму Аляксандр Лукашэнка настройвае ўсіх: сушыць збожжа ў палях нельга, а прамаруджванне з уборкай прывядзе да страт збожжа. "Як толькі магчыма, трэба ўбіраць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На прадэманстраваным кіраўніку дзяржавы полі азімага ячменю ўраджайнасць складае 70 ц/га. Ды і ў цэлым па краіне, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, гэта культура дае вельмі нядрэнны рэзультат - больш як 40 ц/га. Уборка гэтай культуры блізкая да завяршэння, агульны намалот азімага ячменю чакаецца ў аб'ёме амаль 1 млн т.

"Калі будзе за 40 ц/га - гэта добры па краіне ўраджай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але трэба імкнуцца да такой ураджайнасці, як на сельгаспрадпрыемстве "Азярыцкі-Агра". Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу, што патрэбны добрыя айчынныя сарты, і гэтым пытаннем трэба сур'ёзна заняцца.

"Словам, ячменю быць. Гэта добрая культура, яе будзем развіваць, - зрабіў выснову кіраўнік дзяржавы. - Тое, што мы пачалі больш вырошчваць ячмень, - гэта правільна. Сёння мы робім выснову, праз 3-4 гады, што мы зрабілі правільна па ўсіх напрамках, што вырошчваем ячмень. І ранняя ўборка... Сёння гэта большая частка нашай уборкі, а не проста размінка камбайнераў".

Паводле яго слоў, тое ж самае датычыцца і азімага рапсу. Абедзве культуры выгадна вырошчваць - гэта грошы для сельгаспрадпрыемстваў. А калі ўсё рабіць па тэхналогіі, то можна гарантавана разлічваць і на высокі рэзультат.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў Беларусі і Мінскай вобласці. Рэгіён якраз паказвае прыкладна сярэднерэспубліканскія тэмпы на ўборцы. Ураджайнасць цяпер складае 41,4 ц/га. У параўнанні з мінулым годам гэта на 7,3 ц/га больш, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я. Нядаўна аграрыі адрапартавалі аб уборцы першага мільёна тон збожжа. А па стане на раніцу 24 ліпеня - прыкладна 1,1 млн т.

"Думаў, ты больш маеш сёння, - заўважыў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава. - Два мільёны да канца тыдня будзе?"

"Пастараемся", - адказаў міністр.

Адначасова з каласавымі збожжавымі ў краіне вядзецца ўборка рапсу. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся асаблівасцямі гэтай уборкі ў бягучым сезоне. Як далажылі спецыялісты, трэба ацэньваць сітуацыю ў кожным канкрэтным выпадку, калі ў аптымальныя тэрміны пачаць уборку. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як зарэкамендавала сябе гэта культура ў "Азярыцкім-Агра". Кіраўнік гаспадаркі Анжаліка Гушчэня сказала: "Добры рапс. Самае галоўнае - захоўваць тэхналогію. Мы яго падкармілі, апрацавалі, фунгіцыдамі прайшліся два разы. Таму рапс выдатны".

Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы пазней асабіста азнаёміцца з уборкай рапсу.

Вырошчваюць у гаспадарцы "Азярыцкі-Агра" і бульбу, у тым ліку на насенне, якое прадаюць і ўсім жадаючым - дачнікам, фермерам. "Гэта правільна. Людзям трэба прадаваць, хто хоча", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым цікавіўся работай гаспадаркі, фінансавымі паказчыкамі, падкрэсліўшы асаблівую адказнасць Анжалікі Гушчэні, якая ўсяго паўгода як узначаліла гэту гаспадарку. "Паглядзеў усю тваю біяграфію ўчора позна вечарам. Шмат дзе папрацавала. Гэта добра. Калі яна пакажа сябе ў гэтай гаспадарцы, гэта вельмі перспектыўны чалавек. Ведае і банкаўскую справу. Даяркай пачынала працаваць, што вельмі важна", - сказаў ён.

Анжаліка Гушчэня далажыла, што з фінансамі ў гаспадарцы ўсё добра, развіваюцца за кошт уласных сродкаў, нядаўна пабудаваны новы зернесушыльны комплекс.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі