Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

15 Май 2020

Лукашэнка аб экспарце прадуктаў харчавання: галоўнае - прадаць па добрай цане

Лукашэнка аб экспарце прадуктаў харчавання: галоўнае - прадаць па добрай цане
Фота з архiва

15 мая, Віцебскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час нарады ў Віцебскім раёне заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко аб сітуацыі ў вёсцы. Абмяркоўваліся як ход веснавых палявых работ, разлікі на ўраджай, так і экспарт сельгаспрадукцыі, насычэнне ўнутранага рынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Што датычыцца экспарту, Аляксандр Лукашэнка арыентуе галіну на пошук найлепшых цэнавых умоў на сусветным рынку. "Галоўнае - прадаць па добрай цане, а не проста выпхнуць тавар за мяжу", - сказаў ён.

Міністр далажыў, што па выніках работы за чатыры месяцы ва ўсіх катэгорыях гаспадарак адзначаецца рост вытворчасці. За тры месяцы бягучага года забяспечаны прырост экспарту амаль 10 працэнтаў да аналагічнага ўзроўню мінулага года. "Мы захавалі за першы квартал тэмп росту, які быў па студзені-лютым. Крыху запаволенне экспарту па красавіку, але яно нязначнае. Вышэй за 100 працэнтаў", - заявіў Іван Крупко.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на пасевы бульбы. "Я хачу падкрэсліць. Гэта было даручэнне міністру. У гэтым годзе, мне здаецца, бульба будзе ў цане. Таму я папрасіў, каб сабралі ўсё, што ў нас засталося, і пасеялі бульбу. Трэба пасеяць пабольш. Гэта будзе выратаванне. Паглядзіце, калі ў гаспадарках ёсць насенне, няхай 50-70 га, можа, нават 20 га. Калі па тэхналогіі будзеце гэта абслугоўваць, атрымаеце хоць невялікую, але жывую капейку. Да вас прыедуць на поле і забяруць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што бульба будзе асабліва запатрабавана на рынках сумежных дзяржаў, у першую чаргу Расіі і Украіны.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падкрэсліў важнасць сельскагаспадарчай галіны ў цяперашніх умовах: "Калі ў нас будзе што прадаць, мы заўсёды прададзім, і па добрай цане. Нашы вяскоўцы гэта заслужылі. Усё ж такі мы нямала ўкладвалі працы і грошай у сельскую гаспадарку. А цяпер з рукамі, нагамі ў нас яго (харчаванне. - Заўвага БЕЛТА) забяруць. Таму добра, што мы своечасова пасеялі. І зіма была нармальная, і пасевы добрыя. Трэба проста не прамаргаць, трэба на гэтым у бягучы год зарабіць грошы".

У цэлым было даложана, што ніякай насцярожанасці ў плане рэалізацыі прадукцыі на экспарт няма. "Усё ў рабоце, ёсць кантракты, яны рэалізуюцца", - сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча.

Таксама стабільна забяспечваюцца пастаўкі прадукцыі на ўнутраны рынак.

На нарадзе таксама абмяркоўваліся існуючыя плошчы пасеваў розных культур. Напрыклад, аграрыі разлічваюць, што ў гэтым годзе ўдасца істотна прыбавіць у аб'ёмах збожжа, гарантавана забяспечыўшы дзяржзаказ.

Кіраўнік дзяржавы асобна акцэнтаваў увагу на вырошчванні і нарыхтоўцы кармоў для патрэб жывёлагадоўлі. "Якасныя кармы трэба рыхтаваць на месцы ў кожнай гаспадарцы", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адна тэма, якая была ўзнята на нарадзе, датычыцца забяспечанасці гаспадарак палівам пад патрэбы сельгасработ. "Не павінна быць ніякага вузкага месца па паліве. Сёння нафта танная - бяры, колькі хочаш. Я вас папярэджваў: у вас павінны быць свабодныя ёмістасці, каб быў запас і ў калгасах, саўгасах, раённых базах. Тут не павінна быць ніякіх пытанняў", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся забяспечанасцю ўборачнай тэхнікай, у прыватнасці камбайнамі, паколькі калі будзе добры ўраджай, то неабходна яго аператыўна ўбіраць з палёў, калі настане час. У гэтым плане дадзены неабходныя даручэнні па забеспячэнні дадатковай вытворчасці і пастаўкі. "Трэба напружыцца, маючы на ўвазе, што будзе попыт на прадукты харчавання", - сказаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі