1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі, паведамляе БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Расіі. У фармаце "сам-насам" кіраўнікі дзяржаў у нефармальнай абстаноўцы абмяркуюць найбольш важныя і актуальныя пытанні, звязаныя з развіццём беларуска-расійскіх адносін, рэалізацыяй саюзных праектаў. У цэнтры ўвагі таксама будуць міжнародны парадак дня і тэматыка рэгіянальнай бяспекі.
Кіраўнікі дзяржаў раней ужо тройчы разам наведвалі гэты востраў. Першы раз Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пабывалі тут у ліпені 2019 года, а потым аналагічныя ліпеньскія сустрэчы адбыліся ў 2023 і 2024 гадах. Лідары краін сумяшчалі наведванне размешчанага на Валааме манастыра з нефармальнай размовай, каб абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва і міжнароднай абстаноўкі.
Валаамскі манастыр - адзін з самых шануемых у Расіі. Штогод манастыр наведваюць больш за 100 тыс. паломнікаў і турыстаў.