17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста адкрыўся ў Мінску. Удзел у цырымоніі прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цырымоніі адкрыцця было задзейнічана спецыяльнае ўстройства - мехатронная сістэма. Гэта сімвалічны механізм, які адкрыў дзверы для ўсіх, хто імкнецца да пазнання свету тэхналогій і інавацый. Разам з кіраўніком дзяржавы ў запуску ўстройства ўдзельнічалі двое навучэнцаў цэнтра. Пасля націскання на рычаг усе шасцярэнькі прыйшлі ў рух. З механізма з'явілася "рука робата" з яшчэ адной шасцярэнькай. Яе ўручылі кіраўніку дзяржавы ў знак памяці аб сімвалічным моманце.
Мінскі гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі створаны на месцы былога аўтавакзала "Усходні". Будынак быў рэканструяваны і аснашчаны неабходным абсталяваннем. Цэнтр займае памяшканні агульнай плошчай больш за 7,2 тыс. кв.м.
У цэнтры адкрыты 18 вучэбных лабараторый па розных напрамках інавацыйнай тэхнічнай творчасці. У іх ліку авія-ракетамадэляванне, аўтамотатэхніка, суднамадэляванне, робататэхніка, канструяванне і эксплуатацыя беспілотнікаў, архітэктура і прамысловы дызайн, праграмаванне, мехатроніка, энергетыка. На тэрыторыі побач з цэнтрам размешчаны спецыялізаваныя вулічныя пляцоўкі.