Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Кст 2020

Лукашэнка ў Мінскім раёне наведаў новы храм у гонар святога прарока Іаана Прадцечы

Лукашэнка ў Мінскім раёне наведаў новы храм у гонар святога прарока Іаана Прадцечы

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка ў Мінскім раёне наведаў новы храм у гонар святога прарока Іаана Прадцечы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Царква размешчана ў аграгарадку Шаршуны. Архітэктурнае рашэнне храма ўяўляе сабой будынак з двума купаламі, выкананы ў візантыйскім стылі. Адначасова ў ім змогуць знаходзіцца каля 150 прыхаджан. Прыходскі комплекс уключае храм, прычтавы дом, дзіцячую пляцоўку і месца для адпачынку прыхаджан. Будаўніцтва храма пачалося ў сярэдзіне 2018 года, завершана ў другой палове 2020-га.

Цырымонія асвячэння новай царквы адбылася раніцай перад прыбыццём Прэзідэнта. Ён запаліў у храме свечку і звярнуўся да прыхаджан.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мясцовыя жыхары заўсёды марылі, каб у іх быў свой храм, і здзейсніцца гэтаму дапамог мецэнат Міхаіл Гуцарыеў: "Хачу, Міхаіл Сафарбекавіч, падзякаваць вам не толькі за гэты храм, але і за школу, тыя вытворчыя памяшканні, якія вы пабудавалі на мільярды долараў у нашай краіне, і прадаўжаеце сваю падзвіжніцкую справу".

"Вельмі хачу, каб гэта месца было не проста святым, а было для вас шануемым, каб вы пастаянна тут бывалі", - сказаў прыхаджанам Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што ў свой час асабіста зацвярджаў праект новага храма. "Мы хацелі менавіта тут, на ўзвышшы, свабодным месцы, пабудаваць гэты храм і дом для таго чалавека, які будзе тут жыць і працаваць, - адзначыў Прэзідэнт. - За апошнюю чвэрць стагоддзя ў краіне ўзведзена больш за паўтары тысячы такіх культавых будынкаў. Нас не будзе, а нашы дзеці будуць успамінаць, што мы зрабілі такія добрыя справы ў імя нашых дзяцей і нашых унукаў".

"Я абсалютна перакананы, што наша зямля, дзякуючы вось гэтай падзвіжніцкай дзейнасці, заўсёды будзе знаходзіцца пад аховай Госпада. А канкрэтна гэта - найцудоўнейшая зямля, дзе вы жывяце. Я лішні раз пераканаўся, якая цудоўная і прыгожая не толькі прырода, а наогул наша зямля. І гэту зямлю (вы, напэўна, цяпер мяне разумееце яшчэ больш) мы павінны абавязкова захаваць. Вельмі спадзяюся, што Ён (Гасподзь. - Заўвага БЕЛТА) нас сёння чуе і ў гэтых добрых справах будзе нам добрым памочнікам", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў прыхаджанам доўгіх гадоў жыцця і адзначыў, што вельмі хоча, каб сельскія тэрыторыі Беларусі працвіталі. "Мы нямала зрабілі, але мы толькі ў пачатку шляху. Вы, напэўна, асабліва апошнім часам, адчулі, што такое жыць на сваёй зямлі і што такое сваё. І павінен вам сказаць: калі б не было вас, сялян, нам было б яшчэ цяжэй. Менавіта вы з'яўляецеся асновай, апорай стабільнасці нашай дзяржавы. Я вам бязмерна за гэта ўдзячны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі новае пакаленне хоча паспрабаваць нейкага новага жыцця, Гасподзь з імі. Але мы з вамі павінны ў спакоі і міры пражыць гэта жыццё, асабліва старыя нашы людзі. Ім хапіла, асабліва пасля вайны".

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар прыходу абраз. А яшчэ адзін, падораны кіраўніку дзяржавы Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, таксама пакінуў новаму храму. "Няхай гэта будзе яшчэ адзін абраз тут ад мяне і ад вас. Размесцім яго тут, у гэтым храме. Гэта, напэўна, будзе правільна. Таму што я магу яго размясціць яшчэ ў Палацы Незалежнасці, але ў мяне там абразоў вельмі шмат", - сказаў Прэзідэнт.

Уладыка Веніямін адзначыў, што многія храмы і святыні былі адноўлены і пабудаваны на беларускай зямлі і немалая заслуга ў развіцці духоўнага складніка належыць кіраўніку дзяржавы. "Шмат, безумоўна, зроблена, але яшчэ многае трэба зрабіць. У нас цудоўная магчымасць тут, у гэтым святым храме, узмацніць малітву за нашу родную Беларусь, за наш народ, за нашу будучыню", - сказаў ён.

У сваю чаргу Міхаіл Гуцарыеў паведаміў, як з'явілася рашэнне пабудаваць новы храм менавіта на гэтым месцы. Царква, якая размяшчалася недалёка, у былыя гады была разбурана, аб чым даведаўся кіраўнік дзяржавы. "Мы праязджалі тут. Сказаў: добра было б тут (некалькі населеных пунктаў, няма царквы) пабудаваць. Чаму ў гэтым месцы? Таму што насупраць школа, кожную раніцу дзеці будуць хадзіць і далучацца да Бога, рэлігіі. Царкоўны звон - гэта заўсёды душу раніць, уражвае, гэта вельмі прыгожа. І, вядома, магіла танкістаў - тут літаральна за 50-70 м - ляжаць чатыры салдаты, якія загінулі летам 1944-га пры вызваленні Беларусі. Таму месца вельмі значнае", - падзяліўся падрабязнасцямі мецэнат.

Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з прыхаджанамі, як дарослымі, так і дзецьмі, зрабіў разам з імі некалькі памятных фатаграфій.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі