1 снежня, Дубай /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Саміт праходзіць у Дубаі. На яго прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі больш як са 150 краін. У першы дзень саміту ўдзельнікамі пленарнага пасяджэння стануць амаль 90 першых асоб.
У дубайскім "Экспа-Сіці" кіраўніка беларускай дзяржавы віталі Прэзідэнт ААЭ Махамед бен Заід аль-Нахаян і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
Перад афіцыйным адкрыццём форуму і стартам пленарнага пасяджэння Аляксандр Лукашэнка правёў у кулуарах саміту шэраг сустрэч са сваімі калегамі, у тым ліку з лідарамі Азербайджана, Сербіі, Кубы, Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі, Конга, Тога, Батсваны.
Чакаецца, што ў час выступлення Аляксандр Лукашэнка агучыць падыходы і прапановы Беларусі па вырашэнні глабальных пытанняў кліматычнай і экалагічнай бяспекі. На палях саміту ў Прэзідэнта таксама запланавана некалькі двухбаковых перагавораў.
Саміт праходзіць у рамках 28-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP-28). Гэты дакумент быў прыняты на "Саміце Зямлі" ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 1992 годзе і праз два гады ўступіў у сілу. Беларусь ратыфікавала канвенцыю ў 2000 годзе і такім чынам стала паўнапраўным бокам.
Беларусь таксама з'яўляецца ўдзельніцай Кіёцкага пратакола і Парыжскага пагаднення, прынятых у развіццё канвенцыі. Галоўная яе мэта - не дапусціць небяспечнага антрапагеннага ўздзеяння на кліматычную сістэму планеты.
Канферэнцыя бакоў (САР) з'яўляецца вышэйшым органам Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Ён збіраецца штогод пачынаючы з 1995 года.