Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Май 2021

Лукашэнка - кіраўніцтву Мінска: павінны апярэджваць запатрабаванні насельніцтва або аператыўна рэагаваць

Лукашэнка - кіраўніцтву Мінска: павінны апярэджваць запатрабаванні насельніцтва або аператыўна рэагаваць

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мы павінны апярэджваць запатрабаванні насельніцтва або аператыўна рэагаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў на даклад больш шырокі склад удзельнікаў: першапачаткова планавалася кулуарна далажыць аб сітуацыі ў Мінску. "Я лічу, што кіраўнікі адміністрацый нашых раёнаў у Мінску павінны прысутнічаць і чуць гэту размову. Таму што без іх цяжка будзе вырашыць тыя праблемы, пытанні, задачы, якія стаяць перад Мінскам і якія нам неабходна вырашаць. Я запрасіў вас, таму што маё стаўленне да сталіцы і арганізацыі кіравання ёю традыцыйна крыху адрозніваецца ад падыходаў да іншых гарадоў і раёнаў краіны", - сказаў ён.

"Усе працэсы ў Мінску праходзяць значна хутчэй (ды і адчуваюцца яны вастрэй), чым дзе б там ні было, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Таму ў нашых дзеяннях мы павінны апярэджваць запатрабаванні насельніцтва, або, прынамсі, аператыўна рэагаваць на іх. А калі ёсць нейкія негатыўныя моманты, то загадзя папярэджваць іх", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пакуль не бачыць па ўсіх напрамках такога папярэджання неспрыяльных момантаў. "Яшчэ раз падкрэсліваю тое, што я гаварыў на пасяджэнні Савета бяспекі краіны: час і сітуацыя, якая складваецца вакол нас, перш за ўсё не дае падстаў для расслабленняў. Асабліва ў Мінску, толькі ў Мінску! Усе гэтыя падзеі апошняга часу - гэта Мінск", - заўважыў беларускі лідар.

Пра эканоміку і сацыяльную сферу

Прэзідэнт пацікавіўся станам эканомікі і сацыяльнай сферы горада. "Я хачу, каб вы разумелі, і кіраўнікі адміністрацый, і старшыня гарвыканкама: у вас няма не вашых прадпрыемстваў, чужых прадпрыемстваў няма. Калі нехта мысліць, што МТЗ, МАЗ і іншыя буйныя прадпрыемствы рэспубліканскага падпарадкавання - гэта не вашы, а міністра або ўрада, вы памыляецеся. Усё, што ў вашым раёне, што на тэрыторыі горада, - гэта ваша. Там працуюць мінчане. Таму вы павінны былі знайсці спосаб каардынацыі сваёй работы з рэспубліканскімі органамі кіравання па гэтых і іншых прадпрыемствах", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на сацыяльную сферу - у Мінску пражывае нямала пенсіянераў, настаўнікаў і ўрачоў, работнікаў культуры і сацыяльных службаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як паказалі падзеі, не ўсе работнікі тых ці іншых сфер аказаліся на вышыні: "Многія, вядома, ужо зразумелі, куды нас вялі і куды нас схілялі. Але гэта праз паўгода. Але засталося нямала. Я толькі што пра такіх нягоднікаў гаварыў".

Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя, што па выніках чатырох месяцаў 2021 года эканоміка Мінска перастала падаць і выйшла на невялікі рост - рост валавога рэгіянальнага прадукту склаў больш за 1,5 працэнта. Склалася і нядрэнная сярэдняя заработная плата - у сакавіку амаль Br2 тыс.

Пра недапушчальнасць празмерна забудоўваць Мінск

Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Мінску перавышана планка 2 млн жыхароў. "Мы з вамі дамовіліся: нельга сёння расцягваць Мінск - ён не гумавы. Мы робім горш і для будучых жыльцоў, якія сюды прыязджаюць і хочуць тут жыць. І асабліва для мінчан цяпер. Вы бачыце, што ў нас ужо з'явіліся пробкі на дарогах. Але вы не бачыце, якую загазаванасць яны ствараюць у Мінску. Толькі пробкі, не кажучы ўжо аб іншых фактарах, у тым ліку прадпрыемствах. Таму нельга такімі тэмпамі забудоўваць Мінск", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Вы зразумейце, што ўзнікне праблема рабочай сілы - куды яе дзяваць. Гэта значыць, зноў будзем будаваць тут прадпрыемствы. Зноў будзем забруджваць атмасферу ў Мінску і вакол. Больш таго, мы ж сцягваем з самых далёкіх куткоў краіны ў Мінск людзей. Мы паўторым вопыт Расіі, Масквы, - сказаў Прэзідэнт. - За гэта іншы горад можна было б пахваліць, што жыллё будуе, прырастае, але толькі не Мінск. Для Мінска гэта не тая тэндэнцыя, якую хацелася б замацоўваць. Тым больш што на гэтым фоне колькасць занятых у эканоміцы зніжаецца. Да чаго вядуць такія "нажніцы", вам вядома".

Пра грамадска-палітычную сітуацыю

Яшчэ адно пытанне, якое абазначыў кіраўнік дзяржавы, датычыцца грамадска-палітычнай сітуацыі ў горадзе і настрояў гараджан.

"Што людзей хвалюе больш за ўсё? Што мы можам зрабіць, каб не даваць падставы для таго, каб чарговы раз расхістваць сітуацыю ў краіне? Гэта немалаважнае пытанне", - адзначыў Прэзідэнт.

Пра масавыя мерапрыемствы і бяспеку

"Прайшлі доўгія выхадныя. Наперадзе лета і мноства масавых мерапрыемстваў, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Масавыя мерапрыемствы - гэта добра. Толькі іх праводзіць трэба не для таго, каб адзначыць, што мы, вось, правялі нейкае мерапрыемства... І далажыць або Прэзідэнту, або грамадскасці".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любое мерапрыемства павінна быць прадумана: "Калі хочаце, мець пэўную ідэалагічную аснову. Але самае галоўнае ў гэтых мерапрыемствах - як арганізавана работа службаў - ад камунальных да сэрвісных і тых, хто забяспечвае грамадскую бяспеку. Нельга па-наплявацельску ставіцца да тых месцаў і тых мерапрыемстваў, куды мы запрашаем вялікую колькасць людзей".

Пра выкананне актуальных для Мінска даручэнняў

Яшчэ адзін блок пытанняў на нарадзе датычыцца выканання асобных даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія ў найбольшай ступені актуальныя для Мінска. "Аб адным я ўжо сказаў - празмерным перанасяленні Мінска", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён удакладніў, што размова ідзе і аб рэалізацыі значных інвестыцыйных праектаў. "Хацелася б нарэшце пачуць ад старшыні гарвыканкама. Мы што, далей будзем цярпець гэту газпромаўскую агароджу ў цэнтры Мінска? Яны ж прасілі: дайце нам кавалак зямлі, мы хочам пабудаваць прыгожы будынак. Дзе гэты будынак?" - абазначыў праблемнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і шэраг іншых праблемных кропак і праектаў: "Па іранскім праекце, або чый там праект... Гэта праспект Незалежнасці - гэта твар не толькі Мінска, але і краіны. Да якога часу гэта трэба цярпець? Ракаўскае прадмесце - там аб'ектаў нямала".

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць рацыянальнага выкарыстання зямель, пытанні эфектыўнасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, тут далёка не ўсё гладка", - сказаў ён.

Звяртаючыся да Уладзіміра Кухарава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чыноўнік папрацаваў ужо на пасадзе некаторы час: "Пры такім спрасаваным часе, можна сказаць, ужо трэці год у вас пайшоў. І бачылі і старыя, набалелыя пытанні, якія закасцянелі і не вырашаны да гэтага часу, слабыя і моцныя бакі жыцця сталіцы. Таму хацеў бы пачуць прапановы, якія, вы лічыце, наспелі, запатрабаваны людзьмі і якія пара рэалізаваць на карысць жыхароў горада".

Пра мясцовае самакіраванне

"Вы прапануеце ўдасканаліць і мясцовае самакіраванне. Хацелася б, каб гэта было проста і зразумела для людзей. А не толькі для чыноўнікаў, якія распрацавалі або прапануюць адпаведны праект указа Прэзідэнта", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Маю пазіцыю вы ведаеце. Нам трэба, каб у грамадстве пераважалі канструктыўныя сілы, якія нацэлены на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў поўным аб'ёме", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Ён таксама арыентаваў усіх на шчырую, сумленную, прынцыповую і, самае галоўнае, эфектыўную размову: "Каб пасля сённяшняй сустрэчы ад гэтага быў сур'ёзны вынік".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі