Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

10 Снж 2021

Лічбавізацыя, падтрыманне росту і міжнародны трэк. Лукашэнка выказаўся па ключавых пытаннях у ЕАЭС

Лічбавізацыя, падтрыманне росту і міжнародны трэк. Лукашэнка выказаўся па ключавых пытаннях у ЕАЭС

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета выказаўся па ключавых пытаннях у парадку дня інтэграцыйнага аб'яднання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: нягледзячы на існуючую складаную сітуацыю на сусветным рынку, у бягучым годзе краіны саюза дасягнулі даволі добрых вынікаў у знешнім і ўзаемным гандлі. "Амаль усе краіны нашага саюза маюць двухзначны рост экспарту на знешнія рынкі - гэта добры сігнал. І справа не толькі ў эфекце адкладзенага попыту або нізкай базе мінулага года", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб фарміраванні агульных рынкаў

Прэзідэнт адзначыў, што рэалізацыя стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года ідзе ў планавым парадку. "Нягледзячы на некаторыя складанасці, прадаўжаецца паступальная работа па фарміраванні агульных рынкаў саюза. Разам з тым захоўваецца шэраг пытанняў прынцыповага характару ў частцы стварэння агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Думаю, мы ў бліжэйшы час зможам вочна абмеркаваць і гэтыя пытанні", - дадаў ён.

Аб лічбавізацыі перавозак

Для падпісання на цяперашнім пасяджэнні было вынесена Пагадненне аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для сачэння за перавозкамі. Яно з'яўляецца адным з асноўных элементаў фарміруемай адзінай сістэмы мытнага транзіту саюза.

"Лічбавізацыя перавозак сёння поўнасцю адпавядае духу часу. Прымяненне такіх пломбаў дасць магчымасць павысіць узровень даверу ў гандлі паміж нашымі краінамі, аптымізаваць кантрольныя мерапрыемствы на ўнутраных граніцах, павялічыць транзітную прывабнасць саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прадыктаваных жыццём змяненнях

Яшчэ адзін вынесены на падпісанне дакумент - другі Вялікі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Саюзе, які датычыцца шырокага кола пытанняў: прымяненне антыдэмпінгавых мер у адносінах да трэціх краін, канкурэнцыя і дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне, спагнанне ўскосных падаткаў і механізм кантролю за іх выплатай, тэхнічнае рэгуляванне і многае іншае. "Усё, што прадыктавана жыццём", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аб супрацоўніцтве на міжнародным трэку

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, што зацвярджаюцца на 2022 год, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сканцэнтравацца на некалькіх ключавых пытаннях.

Паводле яго слоў, сумесная работа на знешнім контуры і дзейнасць Еўразійскай эканамічнай камісіі павінны быць арыентаваны перш за ўсё на вырашэнне практычных задач развіцця экспарту тавараў і паслуг.

"Кітай тут займае асаблівае месца. Лічу неабходным акцэнтаваць увагу на ўзаемадзеянні з гэтай краінай у рамках спалучэння планаў развіцця ЕАЭС, ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" і Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве 2018 года", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама лічыць неабходным прадоўжыць дыялог з Егіптам і Іранам для завяршэння перагавораў па пагадненнях аб свабодным гандлі, а таксама актывізаваць яго з Ізраілем.

Чакаецца таксама хуткае завяршэнне папярэднай работы з Інданезіяй і Манголіяй і прыняцце рашэння па пытанні мэтазгоднасці пачатку перагавораў з гэтымі краінамі аб зоне свабоднага гандлю.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неад'емным элементам міжнароднай дзейнасці як у 2022 годзе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве павінна стаць эфектыўная абарона эканамічных інтарэсаў ЕАЭС.

Аб захаванні дадатнай дынамікі эканамічнага росту

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бягучая ўдачная кан'юнктура ў знешнім гандлі мае цыклічны характар, і каб захаваць дадатную дынаміку эканамічнага росту, у 2022 годзе партнёрам па ЕАЭС трэба сфакусіравацца на рэалізацыі шэрага мерапрыемстваў.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перш за ўсё трэба актывізаваць прамысловую кааперацыю па сумеснай вытворчасці новай, запатрабаванай на сусветным рынку прадукцыі. "Важным практычным крокам у гэтым напрамку будзе ўзгадненне пераліку сумесных маштабных высокатэхналагічных праектаў, а таксама вызначэнне ўмоў іх фінансавання і рэалізацыі. Над такімі праектамі мы з Расійскай Федэрацыяй працуем, - сказаў Прэзідэнт. - Для вырашэння гэтай задачы ў бліжэйшыя гады нам неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць укараненню інавацыйных тэхналогій, каб не страціць знешнія рынкі. Акумуляванне сумесных намаганняў і навуковага патэнцыялу нашых краін дасць магчымасць зрабіць гэта з максімальнай аддачай".

Яшчэ адным неабходным элементам для гарманічнага развіцця прамысловасці і паспяховай кааперацыі ў гэтай сферы Прэзідэнт назваў збліжэнне інструментаў і ўмоў дзяржпадтрымкі прамысловасці ў краінах ЕАЭС. Ён заклікаў партнёраў адказна падысці да гэтай тэмы.

"У рамках фарміравання агульнага рынку дзяржаўных закупак у наступным годзе неабходна забяспечыць узаемнае прызнанне электроннага лічбавага подпісу і вызначыць на ўзроўні Саюза комплекс мер па далейшай лічбавізацыі дзяржаўных закупак у нашых краінах. Для гэтых мэт мы таксама павінны вырашыць ужо не новае пытанне - узаемнае прызнанне гарантый, што выдаюцца банкамі нашых краін", - прадоўжыў беларускі лідар.

Акрамя таго, з улікам нядаўна прынятай бакамі заявы аб супрацоўніцтве ў рамках кліматычнага парадку дня, а таксама дэкларуемых вядучымі эканомікамі свету мэт па руху да нізкавугляроднай эканомікі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным вывучыць мэтазгоднасць карэкціроўкі палажэнняў стратэгіі развіцця ў ЕАЭС і плана яе рэалізацыі.

"Лічу, што добрасумленная праца па гэтых напрамках павінна прынесці максімальную аддачу і забяспечыць значны рух наперад у рэалізацыі палажэнняў стратэгіі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі