19 чэрвеня, Уздзенскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вопытам работы прадпрыемства "БелІтэрГен" і яе даччынай структуры "БелІнтэрГен-агра" ў сферы племянной і малочнай жывёлагадоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне кажуць, што гэта перспектыва наогул сельскай гаспадаркі ў краіне. Што ж тут перспектыўнага ў гэтай гаспадарцы? Я прыехаў не для таго, каб паглядзець, як жывёлу кормяць. Я ведаю, як жывёлу трэба карміць. У чым адметнасць гэтай гаспадаркі?" - з такога пытання Аляксандр Лукашэнка пачаў рабочую паездку.
Як далажылі Прэзідэнту, адметнасць - у тонкасцях і строгім выкананні тэхналагічных працэсаў.
Тэхналагічная дысцыпліна - фундамент. А некаторыя тонкасці і нюансы даюць жаданую эканамічную выгаду. Гэта, напрыклад, нестандартны рацыён (усё беларускай вытворчасці), асаблівасці ўзнаўлення племяннога статка, індывідуальны падыход да кожнай каровы і іншыя тонкія рэчы.
У свой час тут пачалі развівацца з плошчаў прыкладна 600 га, узяўшы дзве старыя фермы. "У нас аграбізнес такі, калі карова сама сабе інвестар. Мы зарабляем грошы самі, укладваем і за кошт гэтага расцём. Вядома, у нас ёсць невялікія крэдытныя грошы, - расказаў дырэктар "БелІнтэрГен" Іван Кыса. - Я пяцьдзясят краін наведаў, вывучаў, стажыроўкі праходзіў. І ўсё, што лепшае, спрабаваў сюды прыўнесці. Мне было цікава, як можна зарабіць на малаку, на племянных жывёлах і пабудаваць новы комплекс".



"Мы атрымліваем вельмі высокую рэнтабельнасць малака высокай якасці. У нас толькі "экстра", няма рознагалоссяў з малаказаводам па якасці малака. Тут разводзім шэсць-сем парод. У асноўным галштынскую", - расказаў дырэктар аб некаторых дасягненнях. За мінулы год аб'ём вытворчасці малака склаў 12 тыс. л, штогадовы прырост - прыкладна 30 працэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго цікавасць да гэтага прадпрыемства была прадыктавана не толькі высокімі паказчыкамі работы, але ў тым ліку і незвычайнай гісторыяй яго кіраўніка. У свой час доктар біялагічных навук Іван Кыса, чыя сфера інтарэсаў уключала генетыку і прымяненне ў жывёлагадоўлі біятэхналогій, вырашыў перайсці ад тэорыі да прымянення сваіх ведаў на практыцы. У 2012 годзе былі набыты дзве непрацуючыя фермы ва Уздзенскім раёне, дзе сталі разводзіць племянную жывёлу, а потым пачалі займацца і вытворчасцю малака.
"Мяне крыху здзівіла: доктар навук, будучы акадэмік і раптам усё гэта кінуў, паехаў у вёску, узяў старыя дзве фермы, землі і пачаў там працаваць", - сказаў Прэзідэнт.



Іван Кыса расказаў, што яму было цікава пачаць займацца на практыцы тым, што вывучаў у тэорыі. "Я - восьмае дзіця ў сям'і, сялянскі сын. З балгарскімі, праўда, каранямі", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы на гэта заўважыў, што ў Беларусі няважна, якое ў чалавека паходжанне, роўныя магчымасці ёсць для ўсіх.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся структурай бізнесу, на продажы якой прадукцыі ён заснаваны. "95 працэнтаў - гэта малако. Племянных жывёл мы пакуль прадаём вельмі мала, таму што нарошчваем пагалоўе. Але калі выйдзем на праектную магутнасць 3500 галоў БРЖ і 1,5 тыс. кароў (дойны статак. - Заўвага БЕЛТА), будзем 200-300 цялушак у год прадаваць", - расказаў кіраўнік прадпрыемства.
Ён разлічвае, што на гэты ўзровень гаспадарка выйдзе да канца 2028 года. Пры гэтым плануецца дабаўляць у аб'ёмах зямельных рэсурсаў з цяперашніх крыху больш за 800 га да прыкладна 1,5 тыс. га. Прычым усё гэта - за кошт уласных сродкаў з мінімальным прыцягненнем крэдытных рэсурсаў. Эфектыўная работа гаспадаркі дае магчымасць падтрымліваць высокі ўзровень сярэдняй заработнай платы. "Малайчына, што не скупішся. Сяляне ж людзі такія: грошы даў - будуць працаваць, грошай не даў - працаваць не будуць", - заўважыў Прэзідэнт.
У цэлым, як сцвярджаюць спецыялісты, акрамя ўмоў утрымання важны два галоўныя складнікі - якасць кармоў і генетыка. Калі з кармамі ўсё ў цэлым зразумела і асвоена, то менавіта ў генетыцы ёсць патэнцыял для дадатковага росту. "Трэба атрымліваць эксклюзіўных высокакаштоўных жывёл", - адзначыў Іван Кыса.



Выслухаўшы інфармацыю аб вопыце работы "БелІнтэрГен", Аляксандр Лукашэнка зрабіў вывад: "Ніякай тут выключнай адметнасці я не бачу. Проста парадак навёў і працуе на гэтым кавалачку зямлі. Гэта шлях без усялякай моцнай рэформы і мадэрнізацыі мець рэнтабельную жывёлу. Я сёння прыехаў для таго, каб толькі нешта разумнае знайсці (у пытанні развіцця жывёлагадоўлі. - Заўвага БЕЛТА). А разумнае ў адным - выкананне тэхналагічнай дысцыпліны".
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падрабязна далажыў кіраўніку дзяржавы аб развіцці жывёлагадоўлі ў Беларусі.
Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і аб фермерстве, прыватнай ініцыятыве ў сельскай гаспадарцы.
Кіраўнік дзяржавы зусім не супраць фермераў, але лічыць правільным, што ў краіне ў свой час захавалі буйнатаварную дзяржаўную вытворчасць. "Мы на вяршыні сельгасвытворчасці, таму што гэты працэс кантралюем", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца перадачы зямель прыватнікам, пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі такая: "Трэба акуратна гэта рабіць і бачыць вось такіх фермераў, якія нешта паказалі ўжо". Прыклад - прыватнае "БелІнтэрГен-агра" ва Уздзенскім раёне, куды прыехаў кіраўнік дзяржавы. Ён даў высокую ацэнку рабоце прадпрыемства ў цэлым і культуры земляробства ў прыватнасці.



Аляксандр Лукашэнка на сельгаспрадпрыемстве азнаёміўся з жывёлагадоўчымі памяшканнямі, падыходамі ў развядзенні жывёлы, умовамі ўтрымання цялят. Што датычыцца цялятніка, кіраўнік дзяржавы адзначыў гаспадарчы падыход без празмернасцей, прастату і функцыянальнасць канструкцый.
"Аляксей Іванавіч (старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. - Заўвага БЕЛТА), вось гэта нам трэба. Гэта танна. А тое, што ты там будуеш "курорт"... Вось жывёле патрэбна гэта. І проста, і зразумела. І за месяц можна пабудаваць, - сказаў ён. - У Віцебскай вобласці ў асобных гаспадарках менавіта гэта трэба рабіць. Тут складанасцей ніякіх няма".
Пазітыўна ацаніў Прэзідэнт і знешні выгляд жывёл, іх стан. "Юрый Мікалаевіч (кіраўнік Мінсельгасхарча Юрый Горлаў. - Заўвага БЕЛТА.), ты ж заатэхнік, вось такія каровы ў цябе павінны быць. Гэта не карова, гэта - фабрыка. А не тое, што стаіць і хістаецца - худая. Я, праўда, даўно ўжо не бачыў такіх кароў. Ужо, напэўна, мы ад гэтага адышлі. Але вось гэта - карова".
"Сістэма зразумелая. Нічога новага няма. Парадак і добрая жывёла", - рэзюмаваў убачанае кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніку прадпрыемства і звярнуўся да старшыні Мінскага аблвыканкама: "Вельмі важна маштабаваць гэта хаця б на Мінскую вобласць. І лічы грошы".