Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

28 Крс 2023

Як атрымаць яшчэ большую аддачу ад сельскай гаспадаркі? Вось якія праблемы даручыў вырашыць Лукашэнка

Як атрымаць яшчэ большую аддачу ад сельскай гаспадаркі? Вось якія праблемы даручыў вырашыць Лукашэнка

28 красавіка, Ветка /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць культуру земляробства, а таксама тэхналагічную і працоўную дысцыпліну на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Некалькі момантаў, якія нам трэба вырашаць. Калі губернатар і ўрад не гавораць пра гэта, давядзецца мне гаварыць. Хоць гэта ўзровень аблвыканкама і старшыні райвыканкама", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра сітуацыю на палях

Паводле слоў Прэзідэнта, культура земляробства ў краіне вырасла, але праблемы ўсё роўна застаюцца. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, пакуль стаіць добрае надвор'е, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць для закладкі новага ўраджаю. "Пасяўная кампанія кароткая, але ад гэтага залежыць увесь год, - растлумачыў ён. - Раней насенне пакладзяце ў зямлю - будзе вынік".

Звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і на палявыя дарогі - палосы, па якіх перамяшчаецца тэхніка па палях. Прэзідэнт запатрабаваў, каб да гэтага пытання ў гаспадарках ставіліся з асаблівай патрабавальнасцю: "Ляціш над краінай - тысячы гектар азімых і траў выведзены са строю. Жудасна глядзець. У вас павінна быць схема палявых дарог".

"Аднавіце контуры палёў. Калі недзе вы запусцілі частку поля, аднаўляйце. Гэта культура земляробства. За гэта будзе спагнанне жалезабетоннае", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

У некаторых месцах на палях азімыя з восені так і не ўзышлі, а недзе загінулі. Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці "рамонт" палёў: дзе трэба падсеяць або перасеяць культуры. Ён таксама звярнуў увагу на правільную тэхналогію работы з арганічнымі ўгнаеннямі на палях.

"Агідная работа з травой. Напэўна, больш за два гады траву няма чаго трымаць, трэба перасяваць. Адтуль мы павінны кармы атрымліваць. І старайцеся загарнуць сянаж у плёнку. З травой працуем дрэнна, па астаткавым прынцыпе", - абазначыў яшчэ адну праблему Прэзідэнт.

Пра меліярацыю

У час нарады Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанні меліярацыі. Ён адзначыў, што на буйныя работы грошы выдзелены, але больш дробнымі, так званай культуртэхнікай, павінны займацца самі гаспадаркі. "Там, дзе можна. Там, дзе не трэба рыць каналы і іншае. Дзе невялікія кусты, хмызняк парос, трэба высечы, выкарчаваць і ўвесці кускі палёў у абарот. І дадаткова атрымаем тысячы-тысячы гектар, - сказаў Прэзідэнт. - Плюс падключыце прамысловыя прадпрыемствы. Што, "Гомсельмаш" сёння хмызняк на тысячы гектар не высеча? Трэба падключыцца, выратаваць землі. Таму меліярацыя меліярацыяй, а там, дзе можна з сякерай, лапатай папрацаваць, - гэта асобна".

Пра старыя і новыя фермы

"Калісьці вы прыклад паказвалі, як вы драбілі гэтыя фермы, ліквідавалі. Але нават там, дзе вы ліквідавалі, вы гэтыя 10-15 гектар не ўзаралі. А навошта вы гэта тады рабілі? Пытанне ж у тым, каб гэту ферму ліквідаваць, а прыфермерскія ўчасткі прывесці ў парадак. Таму ліквідуйце старое і ўводзьце ў севазварот новыя ўчасткі. Усё павінна быць апрацавана, - абазначыў задачу кіраўнік дзяржавы. - У перспектыве ўсё будзем выводзіць з гэтага старога і будаваць новыя комплексы".

Укамплектаванне ферм жывёлай ён даручыў узяць на асобны кантроль. "Навошта мы гэтыя "палацы" пабудавалі і не ўкамплектавалі? А калі ўкамплектавалі, то доім, што каза больш малака дае, чым карова", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра прысядзібныя ўчасткі

"У будучым усе людзі ў сельскай гаспадарцы будуць сканцэнтраваны ў аграгарадках і ў вялікай гаспадарцы будзе максімум дзве буйныя вёскі. Усё. Гэта дробязь, так званыя неперспектыўныя вёскі, адпадзе", - сказаў Прэзідэнт.

Але сёння ў любой вёсцы ёсць кінутыя прысядзібныя ўчасткі, а гэта ж урадлівыя землі, якія з часам зарастаюць хмызняком, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Давайце іх выратуем, апрацуем. Адзін раз апрацаваць і пасадзіць сады, - прапанаваў вырашыць праблему такім чынам кіраўнік дзяржавы. - Для нас важна затрымаць людзей у гэтых вёсачках. Трэба, каб прыехалі тыя, хто нарадзіўся там, бізнесмены пабудавалі там сабе жыллё, узялі гэты прысядзібны ўчастак".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў карыстацца гэтай магчымасцю: "Вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў. Вазьміце гэты ўчастак, але апрацуйце. Гэта багацце чалавека - мець паўгектара зямлі ў цэнтры Еўропы".

Пра будаўніцтва цяпліц

"Вельмі дрэнна, што мы не можам вясной накарміць наш народ агурком і памідорамі. Вельмі дрэнна. На працягу бягучага, наступнага года гэту праблему трэба вырашыць. Што такое сёння пабудаваць гэтыя цяпліцы? Мы ж гэта ўсё ўмеем рабіць самі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і штампаваць цяпліцы не трэба: будаваць іх трэба ў тых гаспадарках, дзе ўжо ўмеюць з імі працаваць або дзе для гэтага ёсць магчымасці. "Цяпліца - гэта грошы. Вы, як з малака сёння, будзеце мець раннюю капейку, каб людзям заплаціць", - сказаў ён.

"І тут жа сады. Штурмам трэба выкарчоўваць старое і ствараць новыя сады. Гэта нядобра, што мы яблыкі завозім. Мы што самі не можам, як у Польшчы, вырасціць гэты яблык? Можам. Проста не займаемся. А гэта імпартазамяшчэнне", - заўважыў Прэзідэнт.

Пра работу з кадрамі

"Кадры вырашаюць усё. У кіраўніка павінна быць улада, жалезная. І яны ні на каго не павінны азірацца. Меры павінны быць ваенныя, самыя жорсткія. Не чакайце асобных указанняў. І ў аснове ўсяго - дысцыпліна. Калі не будзе дысцыпліны жалезабетоннай, усё гэта пустое. Мы будзем траціць грошы і будзем самі сябе паядаць, перамолваць: я буду вас крышыць, губернатар будзе сваіх падначаленых. Таму павінна быць устаноўлена пэўная дысцыпліна", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі