Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

16 Чэр 2020

Ядомая ўпакоўка, інавацыйная макарона: адкрываецца віртуальная выстаўка Made in Belarus #AgroFood

Ядомая ўпакоўка, інавацыйная макарона: адкрываецца віртуальная выстаўка Made in Belarus #AgroFood
Фота прадпрыемства "Белінтэрэкспа" БелГПП

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая віртуальная выстаўка беларускіх вытворцаў Made in Belarus #AgroFood пачынае сёння сваю работу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У выстаўцы прымае ўдзел звыш трыццаці беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання. Удзельнікі размяшчаюцца ў двух павільёнах: Agro і Food. На кожным віртуальным стэндзе размешчаны ўзоры прадукцыі, відэаролікі, дзелавыя прапановы. Наведвальнікі стэндаў могуць азнаёміцца з персанальным відэапрывітаннем і звязацца з менеджарам прадпрыемства ў тэкставым чаце. У фармаце выстаўкі пройдзе Міжнародны аграрны анлайн-форум з удзелам экспертаў з розных краін. "Наведванне выстаўкі і форуму будзе карысным для фермераў і прадпрыемстваў са сферы сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, а таксама для бізнесу, які займаецца гандлем прадуктамі харчавання", - адзначылі ў "Белінтэрэкспа".

У павільёне Agro прадстаўлены сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне, тэхналогіі ў сферы сельскай гаспадаркі. На стэндзе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях можна азнаёміцца з беларускімі навуковымі распрацоўкамі. Будуць прадстаўлены ўгнаенні і сродкі аховы раслін, корм і кармавыя дабаўкі, ветэрынарныя прэпараты, тэхналогіі ўмацавання і аднаўлення дэталей сельскагаспадарчых машын, сепаратар для падрыхтоўкі пасяўнога матэрыялу. Нацыянальная акадэмія навук пакажа такія распрацоўкі, як сістэма электраасвятлення цяпліц, самаходны прэс-падборшчык ільну, новыя сарты пшаніцы, імунаферментныя наборы для вызначэння мікатаксінаў у зерні, зернебабовых і алейных культурах і прадуктах іх перапрацоўкі.

У павільёне Food можна азнаёміцца з навінкамі беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання і напіткаў. Беларускія навуковыя арганізацыі прадэманструюць распрацоўкі ў сферы харчовай прамысловасці, напрыклад, тэхналогію вытворчасці ўстойлівых да акіслення біялагічна актыўных дабавак да ежы (БАД) на аснове льнянога алею, тэхналогію атрымання гіпаалергеннага дзіцячага пячэння, ядомыя ўпаковачныя плёнкі, вітамінна-мінеральныя прэміксы для прадуктаў харчавання функцыянальнага прызначэння, фітасолі для карэкцыі павышанага парога смакавай адчувальнасці да кухоннай солі, новыя тэхналогіі атрымання агароднінных сокаў, тэхналогію вытворчасці алею са збалансаваным саставам поліненасычаных тлустых кіслот, інавацыйныя макаронныя вырабы і сухі малочны прадукт.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця выстаўкі адбудзецца сёння ў 10.00 па мінскім часе. У ёй прымуць удзел старшыня беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч і кіраўнікі ГПП іншых краін. Міжнародны аграрны анлайн-форум пачне сваю работу ў 10.30.

Made in Belarus #AgroFood праводзіцца пад эгідай БелГПП пры падтрымцы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, гандлёва-прамысловых палат і бізнес-асацыяцый шэрага краін.

Наведванне выстаўкі бясплатнае, але з абавязковай рэгістрацыяй, якая даступна па адрасе: https://www.belinterexpo.by/exhibition/virtual/, а сама інтэрактыўная платформа працуе па адрасе: https://mib.by/. Магчымасць звязацца з прадпрыемствамі - удзельнікамі выстаўкі ў тэкставым чаце будзе ў наведвальнікаў з 16 па 18 чэрвеня, а затым платформа будзе адкрыта для наведвання ў рэжыме дэманстрацыі да 19 ліпеня 2020 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі