31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму вырашыў у пераднавагодні дзень наведаць холдынг "Гарызонт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне прапанавалі варыянты. Я сказаў: "Я паеду ў будучыню". Вы - будучыня краіны. Такія прадпрыемствы, як вы, - будучыня краіны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, мы вас будзем грузіць. І будзем іншых грузіць, каб яны прыязджалі сюды і бачылі, куды будзе развівацца краіна, у якім напрамку. Тое, аб чым вы сёння мне расказваеце, я нават асэнсаваць не магу. Гэта настолькі ўнікальнае і новае".
Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава будзе дапамагаць такім прадпрыемствам, як "Гарызонт". "Мы не пашкадуем сродкаў на тое перспектыўнае, што вы ў тым ліку будзеце ствараць. Гэта такі сімвалічны візіт, прыезд да вас, каб паказаць, што вы ў авангардзе нашай прамысловай вытворчасці. І на такіх, як вы, мы будзем рабіць стаўку", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што "Гарызонт" і ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у холдынг, маюць добры эканамічны вынік. "Пад гэта мы вам будзем усяляк дапамагаць. Таму што калі рубель уклаў, вы вернеце дзесяць рублёў. І сабе, і дзяржаве будзе карысць", - адзначыў ён.






Гаворачы аб падтрымцы такіх прадпрыемстваў, як "Гарызонт", Аляксандр Лукашэнка ўказаў на развіццё высокіх тэхналогій і штучнага інтэлекту - працэсы, ад якіх Беларусь не павінна адстаць. Развіццю гэтых напрамкаў у Беларусі садзейнічае ў тым ліку айчынная ІТ-школа. "Можа, нам і хацелася б (у тым ліку і вашаму генеральнаму дырэктару) затармазіць час, каб чалавек займаў цэнтральнае месца ў гэтай вытворчасці. Але жыццё не спыніш. Калі мы затармозім, спынімся з гэтым штучным інтэлектам, краіны пойдуць далёка наперад, а мы будзем плесціся ў хвасце. А так мы ў авангардзе", - канстатаваў ён.
"Свет развіваецца, і вы не згубіліся. Вы ідзяце ў трэндзе, як цяпер моладзь кажа. Гэта нельга страціць, гэта будучыня. Але пажадана, каб усё гэта вы рабілі самі", - дадаў беларускі лідар.
У якасці аднаго з прыкладаў перспектыўных і важных распрацовак ААТ "H Холдынг" Прэзідэнт назваў аўтаматызаваную даільную ўстаноўку на аснове рабатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту, макет якой яму прадставілі. "Малочныя прадукты ўсе любяць - пачынаючы ад сыркоў і заканчваючы марожаным. А ўсё гэта малако. Харчовая бяспека", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, адзначыў кіраўнік дзяржавы, яшчэ адной з прычын, чаму ён вырашыў прыехаць на "Гарызонт", стала настальгія. Упершыню Аляксандр Лукашэнка наведваў гэта прадпрыемства яшчэ ў дзевяностых. "Калі мне прапанавалі прадпрыемствы, (вырашыў, што. - Заўвага БЕЛТА) на "Гарызонт" я паеду. Гэта маё прэзідэнцкае юнацтва, настальгія - нікуды ад яго не дзецца", - дадаў Прэзідэнт.