Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Май 2018

Гран-пры "Залатая Літара" ўдастоены праект БЕЛТА "Мінск і мінчане"

Гран-пры

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гран-пры ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" ўдастоены праект БЕЛТА "Мінск і мінчане" да 950-годдзя сталіцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Статуэтку "Залатая Літара" ўручыў генеральнаму дырэктару БЕЛТА Ірыне Акуловіч міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. Прымаючы віншаванні, кіраўнік агенцтва адзначыла, што ў рабоце над праектам быў заняты вялікі калектыў. "Гэта людзі, якія любяць сваю прафесію, любяць Мінск, сваю краіну. Гэта людзі, якія любяць жыццё, без любові ж нічога не бывае", - сказала яна. Ірына Акуловіч падзякавала за падтрымку, давер і заклікала калег і далей пісаць гісторыю любімай краіны.

Гран-пры ў намінацыі "Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ" ўручаны газеце "Жодзінскія навіны" за праект "З любоўю да малой радзімы. Жодзіна".

Газета "7 дней", якая выдаецца БЕЛТА, атрымала статуэтку за праект "Узнагароды суверэннай Беларусі" ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі". Аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі УП "БЕЛТА" Міхаіл Маціеўскі адзначаны дыпломам у гэтай намінацыі.

"Залатой Літары" за лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі ўдастоена газета "Могилевская правда", сацыяльна-эканамічнай тэматыкі - агенцтва "Мінск-Навіны". Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця прадставіў рэдактар аддзела спорту газеты "Советская Белоруссия" Сяргей Канашыц.

Найбольшая колькасць заявак на конкурс (больш за 50) у гэтым годзе была пададзена на намінацыі "Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі" і "Лепшыя матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі". Узнагароды ў іх па рашэнні журы атрымалі адпаведна газеты "Літаратура і мастацтва" і "Гродзенская праўда" (праект "Гродзеншчына гасцінная").

Сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ перамогу святкавалі "Лідская газета" (намінацыя "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі"), баранавіцкая газета "Наш край" ("Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі"), газета "Перспектива" Гродзенскага раёна ("Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця"). Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі падрыхтавала рэчыцкая газета "Дняпровец", гісторыка-краязнаўчай тэматыкі - "Наш час" з Ваўкавыска.

Газета "Знамя юности" атрымала ўзнагароду за прадстаўленыя публікацыі маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі.

Новая конкурсная намінацыя гэтага года - "Лепшы сумесны праект з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі". Пераможцам названы дадатак "Карані і кроны" рэдакцыі газеты "Звязда". Яшчэ адна навацыя - намінацыя "Работа ў сацсетках". Журы вылучыла газету "Астравецкая праўда".

Лепшым інтэрнэт-праектам названы праект "Захад-2017" Ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл Беларусі "Ваяр".

Узнагарода ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі" ўручана газеце "Гродзенскі ўніверсітэт".

Лепшым рэпарцёрам ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" стала журналіст БЕЛТА Святлана Саўко - рэдактар аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БЕЛТА. Фотакарэспандэнт аддзела па падрыхтоўцы і выпуску рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА Аксана Манчук атрымала дыплом як "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў". Перамогу ж у гэтай намінацыі святкаваў Вадзім Апарын - намеснік начальніка 5-га карэспандэнцкага аддзела (навін) інфармагенцтва "Ваяр".

Лепшым рэпарцёрам раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ стала Іна Кандаурава, галоўны рэдактар газеты "Навіны Старадарожчыны". Аглядальнік "Сельской газеты" Таццяна Ускава атрымала статуэтку як лепшы аглядальнік. Лепшы фотакарэспандэнт раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ - фотакарэспандэнт газеты "Чырвоная зорка" (Узда) Сяргей Шарай.

Спецыяльнага прыза "За ўклад у журналістыку" ўдастоена загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Людміла Саянкова.

Усяго 260 заявак было пададзена ў 24 намінацыях ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара".

Асноўнай мэтай конкурсу з'яўляецца садзейнічанне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню друкаваных СМІ, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ.

Заснавальнікам конкурсу выступае Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі