Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Крс 2023

"Гэта было самае цяжкае рашэнне". У чым Лукашэнка прызнаўся жыхарам чарнобыльскіх раёнаў


26 красавіка 1986 года здарылася самая буйная тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва - аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Сумарна ад катастрофы і яе наступстваў пацярпелі пяць мільёнаў чалавек. У выніку аварыі цэзіем-137 былі забруджаны 56 раёнаў - амаль чацвёртая частка Беларусі. Але дзякуючы тым людзям, якія адмовіліся пакідаць сваю радзіму, і каласальнай падтрымцы дзяржавы гэтыя тэрыторыі сёння не проста вяртаюцца да нармальнага жыцця, а становяцца прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны. У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы расказваем, як лёсы беларусаў перапляліся з чарнобыльскай трагедыяй, навошта Аляксандру Лукашэнку спатрэбіўся "чарнобыльскі шлях" у пачатку 2000-х і ці ёсць будучыня ў пацярпелых тэрыторый.

Як у Беларусі пераадольваюць наступствы аварыі на ЧАЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС здарылася 37 гадоў таму. Калі мы ўспамінаем аб гэтай катастрофе, прынята - і гэта цалкам абгрунтавана - расказваць аб яе неабарачальных наступствах, трагічным лёсе ліквідатараў і жыхароў бліжэйшых вёсак. Але, можа, пара, як кажуць, перагарнуць старонку і зазірнуць у будучыню? Тым больш факты дазваляюць гэта зрабіць. За мінулы перыяд плошча забруджвання цэзіем-137 у Беларусі скарацілася практычна ўдвая, з 23 працэнтаў да 12,3 працэнта ад усёй тэрыторыі краіны.

Рэспубліка перажыла чатыры вялікія этапы ў пераадоленні наступстваў гэтай катастрофы. Першы, "гарачы" этап прыпаў яшчэ на савецкія гады. Гэтымі днямі мы пабывалі ў адным з самых пацярпелых гарадоў - Чачэрску. Пасля аварыі лёс усяго раёна, насельніцтва якога скарацілася на палову, быў пад сумненнем. Аднак, нягледзячы на змрочныя прагнозы, людзі не пакінулі родныя мясціны і цяпер жывуць тут не горш, чым у іншых гарадах.

"Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі, мне было не так шмат гадоў - адзінаццаць. У гэтым узросце неяк лягчэй усё пераносілася. Нас, падлеткаў і ўсіх дзетак, адразу ж вывезлі ў санаторыі і лагеры на ўсё лета. Адчувалася нейкая паніка. Ад невядомасці, напэўна. Разам з тым усё адбывалася арганізавана, спакойна. Але хваляванне, вядома, прысутнічала. Мая зямля, наш край гэта ўсё перажылі. Вядома ж, не без дапамогі дзяржавы. Каласальныя ўкладанні, каласальны клопат. І ў той час, і цяпер ён адчуваўся і адчуваецца. Тое ж медыцынскае абследаванне, тое ж аздараўленне і сацыяльная падтрымка", - адзначыла адна з жыхарак, метадыст Чачэрскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Чарнова.

Ганна Малалетнікава, намеснік дырэктара Чачэрскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, таксама родам з Чачэрскага раёна. Пасля школы яна паехала вучыцца ў Мінск, а пасля размеркавання вярнулася ў горад працаваць трэнерам у спартыўнай школе. 26 красавіка 1986 года Ганна, напэўна, не забудзе ніколі.

"Жыццё ішло як звычайна. Было вельмі цёпла, людзі займаліся пасадкай агародаў. Мы ў спартыўнай школе рыхтаваліся да святочных мерапрыемстваў да 1 мая. У той дзень мы звярнулі ўвагу, што на плошчы было вельмі шмат пылку. Прайшлі святочныя мерапрыемствы, і толькі ў пачатку мая мы даведаліся, што здарылася аварыя, што гэта вельмі небяспечна, - расказала яна. - Быў выдадзены загад, і ў складзе выкладчыкаў мы былі камандзіраваны з дзецьмі ў Краснадарскі край. Калі ўспамінаеш гэты дзень, такія пачуцці, як быццам глядзіш кінафільмы пра пачатак вайны. Плакалі дзеці, плакалі бацькі. Адпраўлялі літаральна ўсіх".

Другім этапам у пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы стала правядзенне ахоўных мерапрыемстваў. Па пэўных напрамках ён прадаўжаецца да гэтага часу. Трэці этап - рэабілітацыя забруджаных тэрыторый. А апошнія 15 гадоў у краіне ідзе чацвёрты этап - адраджэнне пацярпелых рэгіёнаў.

"Дзяржава робіць вельмі многае на гэтых тэрыторыях. На працягу ўсяго перыяду часу пасля аварыі сюды ўкладваліся вялікія сродкі. Яны ў асноўным накіроўваліся на чатыры сферы. Гэта забеспячэнне сацыяльнай абароны насельніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё, ахоўныя мерапрыемствы - гэта перш за ўсё тыя мерапрыемствы, якія забяспечваюць магчымасць атрымання нарматыўна-чыстай прадукцыі на гэтых тэрыторыях. І невялікі працэнт, але ўсё ж такі гэта даволі істотна, - гэта выкананне навуковай работы і правядзенне інфармацыйнай работы з насельніцтвам", - растлумачыла начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская.

Чаму беларусы адмовіліся пакідаць свае гарады пасля аварыі на ЧАЭС

З моманту чарнобыльскай катастрофы з абароту было выведзена 265 тыс. га сельскагаспадарчых зямель. А многія ж з іх былі вельмі ўрадлівымі, славіліся на ўсю вобласць. У 1990-я гады земляробства на гэтых тэрыторыях паступова пачалі аднаўляць. За мінулыя гады ў абарот вярнулі каля 20 тыс. га сельгасугоддзяў.

"Той дзень я памятаю як цяпер. Было вельмі горача, быў вецер. Нас у гаспадарцы папрасілі перабіраць бульбу. Мы пасля гэтага пайшлі ў душ (у калгасе душ быў), памыліся, выходзім, і мне тэлефануюць з раёна: так і так, здарылася чарнобыльская аварыя. І на маю долю выпала адсяленне населеных пунктаў. І вы ўяўляеце, да гэтага часу баліць душа, калі ўспамінаю гэта", - падзялілася былая старшыня Ленінскага сельсавета Чачэрскага раёна Валянціна Кавалёва.

Асабліва ёй запомнілася адсяленне вёскі Сябровічы. У пачатку 1990-х гадоў 128 сем'яў былі вывезены адсюль у чыстыя рэгіёны. "Гаспадарка была адна з першых у раёне і вельмі славілася тым, што ў іх былі цудоўныя сады, клубніцы, якіх у нас не было. Займаліся рыбалоўствам. І мне даводзілася іх адсяляць. Нават моладзь не так пакутавала, як пакутавалі пажылыя пры адсяленні. Столькі было слёз", - успамінае Валянціна Кавалёва.

У дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС было ўкладзена амаль $20 млрд. У сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў акцэнт робіцца на будаўніцтве неабходных аб'ектаў. Гэта дазваляе павялічваць колькасць рабочых месцаў, паляпшаць умовы работы. Ідзе будаўніцтва новых кватэр, газіфікацыя дамоў. Шмат увагі ўдзяляецца будаўніцтву сельскагаспадарчых аб'ектаў - малочнатаварных ферм, зернесушыльных комплексаў. Рэканструявана і пабудавана больш за 20 устаноў аховы здароўя.

"Людзі, якія тут пастаянна пражываюць, адчувалі і адчуваюць падтрымку дзяржавы. Паступова, паступова ў нашых раёнах жыццё наладжваецца. Вялікія ж грошы былі затрачаны на тое, каб людзі, якія засталіся тут жыць, ні ў чым не мелі патрэбы. Гэта была падтрымка і сельскай гаспадаркі, і медыцынскага абслугоўвання. Шмат чаго зроблена ў раёне. У нас сёння выдатная паліклініка, цудоўная школа, цудоўныя педагогі, - адзначыла Ганна Малалетнікава. - Радасна і таму, што ў раён сталі прыязджаць ужо нашы дзеці, працуюць тут. Гэта значыць жыццё прадаўжаецца".

Чачэрск - сапраўды добраўпарадкаваны, чысты і прыгожы гарадок. Усё гэта, падкрэсліваюць мясцовыя, дзякуючы тым людзям, якія засталіся жыць у родных мясцінах, і прыезджым. "Я як ураджэнец нашага Чачэрскага раёна і якая пражыла тут шмат гадоў бачу тыя пазітыўныя змяненні, якія тут адбыліся. Зроблена вельмі многае. Вельмі", - падкрэсліла намеснік дырэктара раённай бібліятэкі.

"Цяпер, вы самі бачыце, горад наш жыве, развіваецца. Ён прыгожы, дагледжаны. А думак выязджаць і пакідаць... Напэўна, такіх думак нават не ўзнікала ні ў той час, ні ў час ужо, як кажуць, дарослага жыцця. Таму што тут добра. Прынамсі мне. Мне падабаецца гэты ціхі, утульны, спакойны горад, дабрадушныя і дружалюбныя людзі. Мне падабаецца, як развіваецца наш край, чым ён цяпер жыве", - гаворыць Святлана Чарнова.

Яна звяртае ўвагу на тое, што на ўездзе ў Чачэрск з боку Гомеля расце новы мікрараён, у гарадку шмат маладых сем'яў. "Гэта значыць нараджаюцца дзеткі, прадаўжаецца жыццё. Мы жывём! Мы - жывём. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што падтрымліваў і будзе падтрымліваць наш раён. Мы гэта адчуваем", - заявіла жыхарка.

Не змагла надоўга расстацца з родным Чачэрскім і Галіна Дарафеева. Цяпер яна кіруе Народным вакальным ансамблем "Вербіца", а ў 1980-я гады працавала загадчыцай дзіцячага сада. На момант аварыі ў яе ўжо было два дзіцяці: малодшаму сыну два гады, старэйшаму - чатыры з паловай.

"У гэты дзень мы якраз ехалі з вёскі дадому. Узняўся страшэнны віхор. Так дзьмула, што мы зайшлі ў кватэру і высыпалі з сябе пясок. Мы яшчэ не ведалі, што здарылася. У дзіцячым садзе мы рыхтавалі свята да 1 Мая. Цэлымі днямі рэпеціравалі на плошчы. І вось 1-га чысла мы даведаліся, што здарылася аварыя. Тады гаварылі, што ўсе хмары, якія згушчаліся над Чарнобылем, ішлі на наш бок. Я выязджала з нашага раёна - да сястры ва Украіну. Але мы там пажылі 8 месяцаў, і радзіма паклікала дадому. Так хацелася дадому, вы не ўяўляеце. Мы аптымісты былі, таму што разумелі, што трэба ўсё роўна жыць, нягледзячы ні на што", - успамінае Галіна пра тыя гады.

За што Лукашэнка ўдзячны мясцовым жыхарам

Прэзідэнт заўсёды, наведваючы пацярпелыя рэгіёны, дзякуе мясцовым жыхарам за тое, што не пакінулі родныя мясціны. "Гэта вам дзякуй! За тое, што вы верылі ў свой горад. За тое, что вы не пакінулі свой горад. Давайце будзем думаць аб тым, што мы можам для вас зрабіць, калі вы сабраліся тут жыць. Ну, калі сабраліся жыць, давайце будзем думаць аб тым, як будзем жыць", - сказаў ён у 2000-я гады ў час адной з такіх паездак.

Уявіце: калі б людзі ў свой час пакінулі гэтыя тэрыторыі, калі б не было гэтай падтрымкі дзяржавы, то сёння вялікая частка краіны ўяўляла б сабой вартае жалю відовішча запусцення і вымірання. Таму Аляксандр Лукашэнка, кожны год прыязджаючы ў пацярпелыя рэгіёны, дзякуе мясцовым жыхарам за тое, што яны не паддаліся паніцы і страху.

"Мы будзем прыярытэтна адраджаць гэтыя раёны і гэты рэгіён. Каб былі заняты людзі работай, каб яны атрымлівалі дастойную заработную плату. І не толькі цяперашняе, але і будучае пакаленне. Калі нечага не хапае для чалавека, асабліва ў плане стварэння прадпрыемстваў, новых рабочых месцаў, гаварыце. Але з гэтага года мы пачынаем адраджаць гэтыя землі. Пры тым вельмі хутка і эфектыўна", - заявіў кіраўнік дзяржавы ў 2009 годзе.

А праз больш як 10 гадоў Аляксандр Лукашэнка заявіў: наступствам чарнобыльскай катастрофы беларусы "надавалі па мардасах".

"Я вам вельмі ўдзячны, што вы меня тады паслухалі, зусім маладога, "зялёнага", калі я сказаў: "Не, мы сваю зямлю нікому не аддадзім. Мы будзем жыць тут, мы будзем рабіць усё, каб нашы людзі тут маглі жыць, працаваць". Самая галоўная выснова: ніколі нідзе не трэба здавацца. Трэба змагацца, змагацца да апошняга, і тады прыйдзе перамога. Не буду гаварыць, што мы перамаглі Чарнобыль, але па мардасах яму надавалі моцна. Мы справіліся з вырашэннем гэтай задачы", - сказаў Прэзідэнт у Чачэрску, наведваючы яго ў 2022 годзе.

Чаму Лукашэнка штогод наведвае чарнобыльскія рэгіёны

Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе ўвагу пацярпелым тэрыторыям з самага пачатку свайго прэзідэнцтва. Кожны год у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС ён прыязджае ў найбольш пацярпелыя раёны. А ў красавіку 2004 года яго рабочая паездка сюды прадаўжалася цэлых дзесяць дзён. Кіраўнік дзяржавы наведаў Брэсцкую, Гомельскую, Мінскую і Магілёўскую вобласці. Аляксандр Лукашэнка пабываў на сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемствах, паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі, азнаёміўся з арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання і медыцынскай рэабілітацыі грамадзян, праінспектаваў будаўніцтва жылля для грамадзян, работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і фарміраванні культурна-турыстычнай зоны. Гэты візіт прэс-служба тады назвала "чарнобыльскім шляхам" Прэзідэнта.

"Вось ён патрабуе - і правільна. З нас некаторых і трэба патрабаваць, таму што шмат разгільдзяяў, якія хочуць нешта мець, але нічога не даюць узамен: ні працуюць, нічога. У гэтых адносінах трэба яшчэ, можа, больш патрабавальна ставіцца. Некалі і я патрабавала. Арганізоўвалі людзей і рабілі - і заўсёды на першым месцы. Хто працуе, у таго і зарплаты добрыя. І ў механізатараў, і ў даярак. Таму жыць у вёсцы цяпер можна!" - пераканана Валянціна Кавалёва.

Быў у гісторыі Беларусі яшчэ адзін "чарнобыльскі шлях" - яго арганізоўвала беларуская апазіцыя. Прысвячалі мерапрыемства нібыта гадавіне аварыі на ЧАЭС. Першы такі мітынг прайшоў у 1989 годзе. З развалам Савецкага Саюза ў Беларусі пачалася барацьба за ўладу, і апазіцыі, напэўна, ужо было не да Чарнобыля. Шэсці аднавіліся толькі ў 1996-м, калі стала зразумела, што беларускім нацыяналістам ніяк не заваяваць падтрымкі сярод насельніцтва. Але мітынгі азнаменаваліся не ўвагай да пацярпелых рэгіёнаў, а сутыкненнямі з міліцыяй, пагрозамі і палітычнымі патрабаваннямі.

Чарнобыльская аварыя змяніла лёсы мільёнаў беларусаў. Для нашага народа яна стала нацыянальным экалагічным, эканамічным і сацыяльным бедствам. Радыеактыўныя выпадзенні занялі чвэрць ляснога фонду, больш за сто радовішчаў сыравіны і мінералаў, 265 тысяч гектар урадлівых зямель і 340 прамысловых прадпрыемстваў. Сумарны ўрон склаў амаль 33 бюджэты рэспублікі 1985 года. Амаль у паўтысячы населеных пунктаў спынілася жыццё, больш за 300 тыс. чалавек страцілі свае дамы.

У свой час з-за мяжы Беларусі раілі закрыць на замок тую частку краіны, якая пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС. Але чарнобыльскі ўдар, наадварот, з'яднаў беларусаў у імкненні захаваць гэты край, зрабіў нас мацнейшымі. Як заявіў Прэзідэнт, мы ўспомнілі галоўны ўрок, завешчаны нашымі бацькамі і дзядамі: ніколі не здавацца і не станавіцца на калені. Таму кожную вясну ў гэтыя памятныя дні Аляксандр Лукашэнка наведвае пацярпелыя рэгіёны.

"Чарнобыльская катастрофа прайшлася катком па маім лёсе, як і па многіх лёсах людзей, якія стаяць тут. Тады вы думалі пра сябе, свой лёс, будучыню, а мне давялося думаць не толькі пра вас - пра краіну, пра вялікую тэрыторыю. І самае цяжкае для мяне было тады - прыняць рашэнне, што мы адсюль не пойдзем. Я рабіў усё як чалавек і Прэзідэнт, каб пераканаць вас, што нельга аддаць гэты цудоўны край. Мы правільна вырашылі не аддаць гэтыя землі. І я рады сустракацца сёння з тымі людзьмі, з якімі я сутыкнуўся чвэрць стагоддзя таму (тады яны былі маладыя, цяпер некаторым ужо за 80), і я шчаслівы, што яны жывыя. Гэта як сімвал, як прыклад таго рашэння - вашага і Прэзідэнта", - сказаў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з жыхарамі Брагінскага раёна.

Ці ёсць будучыня ў пацярпелых рэгіёнаў

Раз у пяць гадоў у Беларусі выдаецца пералік населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. У 2021 годзе ў такі пералік было ўключана крыху больш за дзве тысячы населеных пунктаў. У іх сёння пражываюць 945 тысяч чалавек. У параўнанні са спісам 2016 года, колькасць гарадоў і вёсак, якія знаходзяцца ў "бруднай зоне", значна скарацілася.

"Для кожнага населенага пункта мы разлічылі той год, калі ён з больш высокай зоны забруджвання пяройдзе ў больш нізкую і калі наогул выйдзе з зоны радыеактыўнага забруджвання. Наколькі я помню, самы-самы далёкі часавы арыенцір - гэта 2090 год. Але такіх населеных пунктаў там зусім няшмат, некалькі дзясяткаў. У асноўным гэта 2030-40-я гады", - расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава БДУ Марыя Гермянчук.

Сёння, паводле яе слоў, трэба весці размову не толькі аб пераадоленні радыеэкалагічных наступстваў, але і аб развіцці пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў. "Мы павінны ўжо разумець, якую карысць можам атрымаць з таго, што маем. Гэта значыць, мы жывём у сітуацыі існуючага апрамянення. Дзявацца нам ад яго няма куды, але жыць жа трэба, - падкрэсліла эколаг. - Мы не маем больш права жыць у сітуацыі асуджанасці: вось усё дрэнна, і добра ўжо не будзе. Не, так нельга. Наогул, для нашага беларускага менталітэту гэта абсалютна непрымальная сітуацыя. Мы выжываем у любых умовах і заўсёды знаходзім сабе нейкі варыянт, прымальны спосаб, часам нечаканы, як забяспечыць сябе, сваю сям'ю і свой населены пункт, каб было так, як мы хацелі б".

Так, абсалютна чыстымі пацярпелыя тэрыторыі стануць не праз год і нават не праз 10 гадоў. Але факт у наяўнасці: у гэтых раёнаў ёсць будучыня. Дзякуючы, як сказаў Прэзідэнт, агульным рашэнням дзяржавы і насельніцтва.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі