3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўныя тэмы даклада - эканамічнае развіццё сталіцы з акцэнтам на прамысловай сектар, удасканаленне транспартнай і дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва і добраўпарадкаванне горада, а таксама кадравыя пытанні.
Але перш за ўсё кіраўнік дзяржавы павіншаваў Уладзіміра Кухарава з чарговай, ужо шостай гадавінай з дня яго назначэння кіраўніком Мінска. "Уладзімір Яўгенавіч, сёння гадавіна, віншую цябе. Кажуць, ты роўна 6 гадоў працуеш кіраўніком у горадзе-героі Мінску. Можна нейкія падвесці вынікі. Але галоўнае не вынікі, а галоўнае - перспектывы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Першае пытанне - гэта эканоміка. Ёсць эканоміка, значыць, ёсць развіццё", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для Мінска галоўнае - прамысловы сектар. Хоць горад даволі актыўна сваімі сродкамі ўкладваецца і ў сельскую гаспадарку, будаўніцтва ў краіне жывёлагадоўчых комплексаў. "Дзякуй, сваім бюджэтам мінскім некаторыя комплексы будуеш. Гэта дзясятак, напэўна, па рэспубліцы. І гэта не першы год", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся, якая сітуацыя ў прамысловасці Мінска, якія прадпрыемствы праблемныя і недапрацоўваюць, па якіх напрамках трэба папрацаваць.
"Я ўчора (2 верасня. - Заўвага БЕЛТА) слухаў даклад прэм'ер-міністра. Быццам усё нядрэнна складваецца. Але гэта ў сярэднім. Нібыта карціна нядрэнная. Але ёсць прадпрыемствы, якія працуюць сяк-так - слаба працуюць. І ў прамысловасці Мінска пытанні ёсць. Якія прадпрыемствы больш за ўсё цябе непакояць? Таму ў цэлым рост эканомікі і прамысловасці", - абазначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на вопыт развіцця Мінскага гарадскога тэхнапарка. "Гэта нядрэнная рэч, людзі туды прыходзяць, нядрэнна працуюць. Як ідзе будаўніцтва такіх тэхнапаркаў? Мы вызначалі, што не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне трэба развіваць сетку такіх тэхнапаркаў".
Гаворачы аб развіцці вытворчай базы сталіцы, Прэзідэнт нагадаў кіраўніку Мінгарвыканкама, што ён адказны за гэты напрамак: "Не забывай, што прадпрыемствы ў Мінску - гэта перш за ўсё твае прадпрыемствы, потым Мінпрама, урада і гэтак далей. Гэта ўсё тваё. Так, як і ў іншых рэгіёнаў".
Размова ішла таксама аб інвестыцыйнай актыўнасці ў сталіцы. Паводле даных Уладзіміра Кухарава, рост інвестыцый па выніках паўгоддзя забяспечаны на 10%. У асноўным за кошт будаўнічай галіны. Цяпер у Мінску ўзводзіцца больш за 700 аб'ектаў. Сярод іх ёсць і сацыяльныя, і жыллё, і аб'екты тэхнапарка.
Прэзідэнт крытычна заўважыў, што значная доля інвестыцый фарміруецца за кошт будаўніцтва сацыяльных, а не вытворчых аб'ектаў: "Усё ж такі інвестыцыі ў стварэнне вытворчасцей адстаюць ад жылля і іншых культурных і музейных".
У цэлым кіраўніку дзяржавы было даложана, што эканоміка сталіцы працуе стабільна. Забяспечана выкананне паказчыкаў па тэмпе росту валавога рэгіянальнага прадукту - 102,2%. Уклад мінскага ВРП у ВУП краіны - 32%.
"Значна", - ацаніў Прэзідэнт. І ў той жа час арыентаваў кіраўніка Мінгарвыканкама на далейшы эканамічны рост - не менш як 3,5% росту ВРП па выніках 2026 года.
Задачу выходзіць на больш высокі ўзровень кіраўнік дзяржавы ставіць таксама і для ўсёй эканомікі Беларусі. Паводле даных за студзень - ліпень гэтага года ВУП павялічыўся на 2,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прэзідэнт патрабуе да канца года нарасціць гэты паказчык да 3%: "Па краіне, дай бог, каб мы выйшлі на 3% (росту ВУП па выніках бягучага года. - Заўвага БЕЛТА) - я такую задачу стаўлю. Абавязкова па ВУП у Беларусі трэба 3% прыбаўляць. Трэба да канца года дацягваць да 3%. А табе (у Мінску. - Заўвага БЕЛТА) 3,5% пастарацца, трэба выйсці на гэта".
У час даклада таксама ішла размова аб выкананні ў сталіцы паказчыка па росце заработнай платы. Кіраўніку дзяржавы даложана, што сярэдняя намінальная зарплата па Мінску па выніках першага паўгоддзя складае 3878 рублёў.
"Уладзімір Яўгенавіч, утрымліваць трэба гэты ўзровень, але не фарсіраваць, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што зарплата, вялікія грошы рана ці позна прывядуць да інфляцыі. А інфляцыя ў Мінску - гэта па ўсёй краіне разыдзецца, мы будзем гэтыя грошы "з'ядаць" ростам цэн".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў неабходнасць звярнуць увагу на сферу вытворчасці. "Не павінна атрымацца так, што зарплата, даходы насельніцтва неймаверна растуць, а вытворчасць падае. Дзякуй богу, ні ў Мінску, ні па рэспубліцы гэтага няма. Але за гэтым трэба назіраць - каб прадукцыйнасць працы была высокая. І абавязкова дабаўляць за кошт прадпрыемстваў, якія слаба працуюць", - паставіў задачу Прэзідэнт.
"Галоўны прынцып - грошы павінны быць зароблены, - пагадзіўся Уладзімір Кухараў. - Мы каэфіцыент вытрымліваем (росту заработнай платы адносна росту прадукцыйнасці працы. - Заўвага БЕЛТА), каб не дапусціць нейкіх збояў на валютным рынку, таму што гэта прывядзе да інфляцыі".





Прэзідэнт таксама пацікавіўся работай будаўнічага комплексу сталіцы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Мінск у гэтым плане варушыцца: будуюцца дарогі, жыллё, культурныя ўстановы, у тым ліку рэканструкцыя Нацыянальнага мастацкага музея і будаўніцтва Нацыянальнага музея Беларусі.
"Гэта вісіць у асноўным на горадзе. Ну а як з іншымі пытаннямі будаўніцтва? Дапусцім, ты мне перадаў нарэшце схему будаўніцтва асноўных транспартных сувязей Мінска. Гэта вельмі важна для мінчан і не толькі. Для ўсёй краіны. Таму што ў Мінск шмат людзей прыязджае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў, ці хапае ў сферы будаўніцтва рабочых рук, што ў перспектыве плануецца будаваць у Мінску. "Канцэптуальна вызначана Прэзідэнтам - Мінск не павінен задыхнуцца, сцягваць людзей у Мінск нельга з рэгіёнаў", - нагадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву горада Мінска падумаць, як разгрузіць прыдамавыя тэрыторыі ад вялікай колькасці асабістага аўтатранспарту.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам навакольная абстаноўка ў Мінску стварае "жудаснае ўражанне". Размова аб перагружанасці прыдамавых тэрыторый асабістым аўтатранспартам. "Стаіць дом, перад ім сквер да праезнай часткі - добра, прыгожа. Але гэта рэдкасць. А ў іншых выпадках - гэта акіян аўтамабіляў. Брудныя недзе, замызганыя, - сказаў Прэзідэнт. - Ну не вельмі прыгожа, калі будынак патанае ў чарадзе гэтых аўтамабіляў. Нам трэба думаць, што нам рабіць. Нікуды не дзенемся ад аўтамабіляў. Але трэба думаць, што нам рабіць з гэтымі стаянкамі. Перад домам, каля дома ўсё ж такі людзі павінны дыхаць чыстай прыродай - (там павінны быць. - Заўвага БЕЛТА) дрэвы, кусты, кветкі, клумбы і гэтак далей".
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў падумаць, як дзейнічаць, каб на перспектыву разгрузіць тэрыторыі вакол дамоў і размясціць аўтатранспарт недзе далей. "Паступова, не заўтра, не забаронамі. А аднесці гэтыя стаянкі куды-небудзь далей. Каб людзі маглі, асабліва дзеткі, выйсці, старыя - пасядзець на лавачцы. Таму добраўпарадкаванне - пытанне для Мінска вельмі важнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пры неабходнасці абмеркаваць і кадравыя пытанні: "Як працуюць людзі, што трэба было б недзе дапрацаваць, паглядзець?"
Ён адзначыў, што Уладзімір Кухараў па характары дабрак, але тым не менш важна бачыць недахопы ў рабоце падначаленых. "Асабліва - кадры. Ёсць чалавек нармальны, кіраўнік - там ёсць рух наперад і вынік. Калі яго няма, значыць, руху не будзе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.