Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

1 Jun 2021

"Эканоміка - найважнейшае пытанне" - Лукашэнка раскрыў падрабязнасці перагавораў з Пуціным у Сочы


1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў сёння ў Палацы Незалежнасці нараду па пытаннях супрацоўніцтва з Расіяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У самым пачатку нарады кіраўнік дзяржавы зрабіў нечаканы ўступ, прапанаваўшы журналістам задаць пытанні па тэме мерапрыемства, калі ім неабходна будзе ўдакладніць нейкія моманты (спойлер: пытанні былі зададзены).

"Шуму мы, вядома, нарабілі шмат - і па форме, і па змесце, - так Прэзідэнт ахарактарызаваў абмеркаванне ў СМІ яго перагавораў з Уладзімірам Пуціным у Сочы. - Паколькі гэта выклікала ажыўленую размову і рэзананс (трэба сказаць, ва ўсім свеце) і было шмат розных размоў, я палічыў неабходным сёння сустрэцца з адказнымі асобамі і абмеркаваць пытанні, якія мы разглядалі на сустрэчы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што парадак дня яго перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным быў вызначаны даўно і гэта сустрэча стала прадаўжэннем папярэдніх кантактаў на розных узроўнях. Некаторыя тэмы перагавораў кіраўнік дзяржавы агучыў яшчэ на нядаўнім мерапрыемстве ў Доме ўрада. Тады Прэзідэнт растлумачыў, што ў час сустрэчы бакі перш за ўсё будуць абмяркоўваць гандлёва-эканамічныя адносіны. "Так і было", - заявіў ён.

Лідары дзвюх краін абмеркавалі пытанні, звязаныя з пастаўкай нафты і газу, у тым ліку кампенсацыю страт ад расійскага падатковага манеўру, супрацоўніцтва ў мытнай і падатковай сферах і развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Не абмінулі яны і тэмы апошніх дзён: процістаянне санкцыям, аднаўленне авіяпералётаў паміж краінамі, затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся з удзельнікамі нарады, што ўсё ж такі знаходзілася ў чамаданчыку, які ён узяў на сустрэчу са сваім расійскім калегам. Але аб усім па парадку.

Аб пастаўках нафты

Тэма пастаўкі расійскіх вуглевадародаў на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы набыла новае гучанне на фоне санкцый ЗША, якія прадпісваюць спыніць усе адносіны з Наваполацкім НПЗ.

"Урады вельмі сур'ёзна прапрацавалі гэта пытанне, і як мінімум мы дамовіліся, што ніякіх пытанняў з пастаўкамі нафты не будзе. Расіі гэта выгадна. Мы можам 22 мільёны тон нафты перапрацаваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Па пастаўках нафты для НПЗ Беларусі ніякіх праблем не будзе, так было сказана Прэзідэнтам Расіі. Як і з пастаўкамі нафтапрадуктаў і на рынак Расіі, і на знешні рынак".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пастаўкі будуць ажыццяўляцца ў запланаваных аб'ёмах. Таксама на сустрэчы была дасягнута прынцыповая дамоўленасць па мінімізацыі страт беларускіх НПЗ ад падатковага манеўру ў Расіі з 1 студзеня 2022 года. Урадам даручана канчаткова адпрацаваць гэту схему. "Па падатковым манеўры мы знайшлі развязкі. Нават не мы, а ўрады, мы проста гэта ўзгаднілі і зацвердзілі. Далей будзем весці дыялог і дамаўляцца", - сказаў Прэзідэнт.

Аб цане на газ

"Няма ніякіх праблем з пастаўкай прыроднага газу. Колькі трэба - столькі і трэба. Гэта пытанне канчаткова не закрыта. Не закрыта ў тым плане, што Прэзідэнт мне паабяцаў, што яны збяруцца і падумаюць, як у гэтай сітуацыі дапамагчы Беларусі з цаной на газ", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дасягнутыя дамоўленасці Беларусь і Расія маюць намер замацаваць у міжнародным пагадненні.

Аб мытным супрацоўніцтве

Краіны даўно абмяркоўваюць збліжэнне мытных сістэм і заканадаўстваў. На думку Прэзідэнта, гэта пытанне не самае вострае. "Мы вельмі сур'ёзна ў ЕАЭС папрацавалі над гэтым пытаннем, ды і ў нас, у Беларусі і Расіі, вельмі блізкае мытнае заканадаўства", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што ствараць наднацыянальныя органы ў гэтай сферы няма неабходнасці. Магчыма, лепш прапрацаваць заснаванне сумеснага цэнтра, які меў бы доступ як да беларускіх, так і да расійскіх працэсаў. Наколькі неабходны такі інстытут і ці мэтазгодна яго стварэнне, бакам яшчэ трэба будзе прапрацаваць.

Аб падатковай палітыцы

Зблізіць падатковае заканадаўства было прапановай расійскага боку. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі такое і адбудзецца, то ўсё будзе на роўных умовах. "Мы будзем бачыць усё, што ў Расіі, яны будуць бачыць усё, што ў нас. Каб быў давер, без гэтага мы нікуды не рушым", - дадаў ён.

Аб ваенна-палітычным супрацоўніцтве

Узаемаразуменне ў бакоў і па пытаннях работы ваенна-прамысловых комплексаў абедзвюх краін, развіцця кааперацыі, пастаўках узбраення. "Ніякіх абмеркаванняў у плане перакідкі на пастаяннай аснове Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, стварэння якіх-небудзь баз. Аб гэтым нават размовы не ішло, і гэта нам не патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Расія знаходзіцца побач з Беларуссю, і калі з боку НАТА будзе заўважана падазроная ваенная актыўнасць, саюзніцкія падраздзяленні на працягу сутак могуць быць перакінуты ў Беларусь. "У выпадку абвастрэння", - растлумачыў ён.

Аб сумесным адказе на санкцыі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта пытанне прэзідэнты абмяркоўвалі "вельмі доўга". Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся знайсці алгарытм адказу на абмежавальныя меры з боку Захаду. Ураду Прэзідэнт даручыў не зацягваць з вырашэннем гэтага пытання. "Гэта ўсё павінна быць разумна, не наскокам, не трэба страляць сабе ў нагу, у руку", - паставіў Аляксандр Лукашэнка задачу прэм'ер-міністру.

Аб "міжнародцы" і барацьбе з COVID-19

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмеркавалі маючую адбыцца сустрэчу Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, сітуацыю ва Украіне і палітыку яе кіраўніцтва. Даволі падрабязна абмеркавалі прэзідэнты і барацьбу з наступствамі пандэміі.

"Гэта асноўнае, што было прааналізавана на гэтай сустрэчы. Уражанне ў мяне адно, добрае ўражанне ад гэтых перагавораў", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі