10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўных узнагарод удастоены 68 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ падпісаў 10 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смеласць і рашучасць, праяўленыя пры ратаванні чалавека на вадзе, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, заслугі ў воінскай службе, ахове дзяржаўнай граніцы, прыродаахоўнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці, умацаванне правапарадку і барацьбу са злачыннасцю, ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый, развіццё аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, транспартнай галіны, выдатныя дасягненні ў сферах аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры і спорту.
Ордэнам Айчыны ІІ ступені ўзнагароджаны генеральны дырэктар Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А.У.Романа Аляксандр Ільюшчанка, ордэнам Пашаны - начальнік юрыдычнага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі Алена Лебедзева і старшыня Гродзенскага райвыканкама Валерый Хэлскі, ордэнам Францыска Скарыны - артыст-саліст-інструменталіст, вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармоніі Ігар Алоўнікаў.
Медаля "За выратаванае жыццё" ўдастоены пенсіянер Віталій Гаражанкін, "За адзнаку ў воінскай службе" - начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Вольга Чаргінец.
Прадстаўнікі розных сілавых структур узнагароджаны медалямі за адзнаку ў ахове грамадскага парадку і дзяржаўнай граніцы, у папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Вялікая група работнікаў удастоена медаля "За працоўныя заслугі". У іх ліку - рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш, генеральны дырэктар ААТ "ІНТЭГРАЛ" - кіруючая кампанія холдынга "ІНТЭГРАЛ" Андрэй Буйневіч.
Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны - артыст хору Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча Людміла Зямцова і дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь.
Званне "Заслужаны дзеяч навукі" прысвоена прафесару кафедры дзяржаўнага кіравання Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Станіславу Князеву, "Заслужаны работнік адукацыі" - дырэктару Ліцэя міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі "Беларуска-Расійскі ўніверсітэт" імя Л.Я.Маневіча Георгію Голікаву.
Звання заслужанага работніка прамысловасці ўдастоена вытворца цукерак ААТ "Камунарка" Алена Радзюк. Заслужаным лесаводам стаў дырэктар Клічаўскага лясгаса Уладзімір Касянкоў, заслужаным будаўніком - генеральны дырэктар ААТ "Будтрэст нумар 1" Уладзімір Бублік і кіраўнік праектаў па будаўніцтве і рамонце транспартных аб'ектаў ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст нумар 5" Уладзімір Колесень.
Спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту Анастасія Шкурдай і Ілья Шымановіч удастоены звання "Заслужаны майстар спорту".