VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Сак 2020

"Дзякуй за ўсё, што робіце для краіны і народа" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды і генеральскія пагоны


6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер, шматдзетным маці, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Бадай, самая прыемная прэзідэнцкая місія - уручаць узнагароды заслужаным людзям, быць сярод тых, хто штодзённай працай робіць Беларусь мацнейшай і прыгажэйшай, а жыццё беларусаў - бяспечней і багацей", - прызнаўся кіраўнік дзяржавы ў пачатку цырымоніі. Яна традыцыйна прайшла напярэдадні свята - Дня жанчын і вызначаецца асаблівай атмасферай урачыстасці і душэўнасці. "Яе ствараеце вы, жанчыны, сваімі ўсмешкамі, прыгажосцю, прывабнасцю. А бляск і раскошны выгляд Палацу Незалежнасці надаюць парадныя мундзіры нашых ваенных", - сказаў беларускі лідар.

Удзельнікамі цырымоніі сталі больш за 30 чалавек - прадстаўнікі арміі і сілавых структур, а таксама шматдзетныя маці і жанчыны, якія дасягнулі вялікіх прафесійных вышынь. "Такі гендарны баланс - гэта не перайманне заходніх трэндаў. Высокі статус людзей у пагонах у нашай краіне і паважлівае, беражлівае стаўленне да жанчыны - абсалютна базавыя каштоўнасці беларускага грамадства", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Міру не бывае без тых, хто служыць народу і ўмее яго абараняць. Мы добра помнім, хто захаваў нам свабоду 75 гадоў таму. Беларусы ўдзячныя ветэранам за іх подзвіг і шануюць гераічнае пакаленне нашых бацькаў і дзядоў. З упэўненасцю магу сказаць, што дзеці і ўнукі салдат-пераможцаў дастойныя іх", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў учынак супрацоўніка ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях капітана ўнутранай службы Алега Бойнічава. Ён разам з таварышамі, рызыкуючы жыццём, прадухіліў выбух на чыгунцы: калі з рэек сышлі некалькі цыстэрнаў з выбухованебяспечным газам, ён змог ліквідаваць уцечку. "Такія мужныя і смелыя людзі сёння берагуць мір і спакой беларусаў. Гонар ім і слава!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Словы асаблівай удзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці, якія выбралі для сябе цяжкую, але вельмі патрэбную для краіны місію. "Я сказаў бы: надзвычай важную і патрэбную, - удакладніў Прэзідэнт. - Вы клапоціцеся не толькі аб сваіх дзецях. Вы даяце жыццё новым пакаленням, дорыце надзею на паспяховую будучыню і працвітанне ўсёй нацыі. Бо якой яна будзе, шмат у чым залежыць ад вас, дарагія жанчыны. Ведаю, што большасць з вас не толькі шчаслівыя ў сям'і, але і адбыліся як спецыялісты на прафесійным полі дзейнасці. Гэта ўдвайне цудоўна".

Узнагароды і ганаровыя званні кіраўнік дзяржавы ўручыў таксама жанчынам, якія маюць высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва, навукі і педагогікі. "Ведаем і цэнім ваш уклад у выхаванне моладзі, захаванне духоўнай спадчыны і маральных каштоўнасцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў беларускіх спартсменак з бліскучымі перамогамі на чэмпіянатах свету і Еўропы, за якія яны ўдастоены высокага звання "Заслужаны майстар спорту".

"Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і нашага народа, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. - Напярэдадні цудоўнага вясенняга свята самыя цёплыя віншаванні хачу адрасаваць жанчынам нашай Беларусі. Прыміце мае шчырыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Жадаю вам галоўнага - міру і дабра".

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны кіраўнік вытворчай брыгады ў раслінаводстве сельгаспрадпрыемства "Гіркі" Воранаўскага раёна Марыя Козіч.

За выхаванне пяці і больш дзяцей Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны Маці. У ліку ўзнагароджаных мастак-грымёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Арашова-Каменская і выхавальнік у Сароцкіх яслях-садзе Любанскага раёна Наталля Мамайка.

Прысвоены таксама шэраг ганаровых званняў. Сярод узнагароджаных - салістка балета Кацярына Алейнік, якой прысвоена званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь", дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзіцянства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Ірына Камарова ўдастоена ганаровага звання "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".

Ганаровыя званні таксама прысвоены супрацоўнікам Акадэміі МУС: заслужанага работніка адукацыі Беларусі - прафесару кафедры беларускай і замежных моў Святлане Дзянісавай, заслужанага супрацоўніка органаў унутраных спраў - начальніку кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Вадзіму Паўлаву.

У ліку ўдастоеных ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" - спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды, міліцыянер атрада міліцыі асобага прызначэння галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Таццяна Мацко і спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды, трэнер спартыўнай каманды МУС Святлана Цімашэнка.

Генеральскія пагоны Прэзідэнт уручыў намесніку камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Беларусі Ігару Дземідзенку, начальніку факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл - намесніку начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі Сяргею Зайцаву, начальніку ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Сяргею Гладышаву, начальніку ўпраўлення ваеннай контрразведкі КДБ Канстанціну Кучынскаму, начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Ігару Шчарбачэні.

Традыцыйна для ўдзельнікаў урачыстасці была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці. Прадугледжаны таксама прыём ад імя кіраўніка дзяржавы ў форме фуршэту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход