Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

4 Жнв 2015

Дар'я Домрачава прапусціць будучы біятлонны сезон

Дар'я Домрачава прапусціць будучы біятлонны сезон

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка, уладальніца Вялікага хрустальнага глобуса сезона 2014/2015 Дар'я Домрачава прыняла рашэнне прапусціць будучы біятлонны сезон. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве спартсменкі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на яе прадстаўніцу Марту Скавінскую.

"Усё добра абдумаўшы і прааналізаваўшы, я прыняла рашэнне прапусціць спаборніцкі сезон 2015/2016. Першая думка аб такой магчымасці і жаданне аднавіць сілы з'явіліся ў мяне яшчэ пасля завяршэння мінулага кубкавага сезона. Маёй памылкай стала тое, што я недастаткова прыслухалася да патрэбнасцей арганізма ў той момант. З'ездзіўшы да мора, скінуўшы стомленасць сезона, як здавалася, адпачыўшы, вырашыла рыхтавацца да новага спаборніцкага года. План быў такі: прапусціць частку стартаў, каб знізіць менавіта спаборніцкую насычанасць сезона. Трэніроўкі пачала з вялікім энтузіязмам, як здавалася, усё ішло добра", - адзначыла спартсменка.

"Але арганізм не падманеш. І монануклеёз стаў своеасаблівым сігналам - вярнуў мяне да першапачатковага жадання. Можна, вядома, усё ж выступаць гэтай зімой, але, пракансультаваўшыся са спецыялістамі і прыслухаўшыся да сябе, прыйшла да высновы, што больш разумным рашэннем стане пропуск сезона. Упэўнена, гэта будзе на карысць мне, дасць магчымасць аднавіць сілы і матывавацца на год наступны", - заявіла Дар'я Домрачава.

У бліжэйшых планах знакамітай спартсменкі канчатковае выздараўленне без эмацыянальных і фізічных перагрузак.

"Наступны месяц, па рэкамендацыях урачоў, я правяду ў вельмі спакойным рэжыме. Далей буду паступова пачынаць базавыя трэніроўкі, зразумела, абапіраючыся на самаадчуванне і паказчыкі аналізаў. Зімой планую цесна заняцца тэсціраваннем і адборам сваіх лыж для наступнага сезона, у гэтым годзе ў мяне з'яўляецца цудоўная для гэтага магчымасць, - паведаміла ў сваёй заяве біятланістка. - Увогуле, буду трэніравацца па індывідуальным графіку. Каб разнастаіць і зрабіць работу яшчэ больш цікавай, планую ўключыць у трэніровачны план нестандартную для мяне фізічную нагрузку, пазаймацца са спецыялістамі з іншых відаў спорту. Увогуле, разглядаю гэты год для сябе як своеасаблівую перазагрузку".

"Пакуль я радуюся самым простым рэчам. Напрыклад, з'явіўся час пачытаць, сустрэцца з сябрамі, пагуляць па горадзе і схадзіць у тэатр. У жорсткім спартыўным рэжыме шмат чаго не паспяваеш. Сёння ў гэтым плане адчуваю сябе значна больш свабодна - няма пастаяннага націску і самаабмежаванняў у графіку. Я атрымліваю задавальненне ад жыцця. Вядома, у мяне ёсць вялікі запас сур'ёзных цікавых праектаў. З'яўляецца магчымасць абдумаць і ажыццявіць некаторыя з іх. Але ўсё роўна гэта адбудзецца толькі пасля таго, як фізічна і эмацыянальна папраўлюся канчаткова", - рэзюмавала Дар'я Домрачава.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі