Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Лют 2023

Дамоўленасці на гады наперад. Вынікі візітаў Лукашэнкі ў ААЭ і Зімбабвэ

Дамоўленасці на гады наперад. Вынікі візітаў Лукашэнкі ў ААЭ і Зімбабвэ
Аляксандр Лукашэнка і Мухамед Бен Заід аль-Нахаян

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Зімбабвэ дасягнуты дамоўленасці, якія ствараюць аснову для плённага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі на гады наперад. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, гаворачы аб асноўных выніках візіту кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Супрацоўніцтва з Афрыкай - чаму гэта важна

Прэзідэнт Беларусі ў сваіх публічных выступленнях у час знаходжання ў Зімбабвэ неаднаразова падкрэсліваў значэнне і ролю Афрыканскага кантынента для ўсяго свету. "Афрыка даўно прачнулася. Без Афрыкі не можа быць перспектывы ў свеце наогул. Тут рэсурсы, тут людзі з кожным годам становяцца ўсё больш адукаванымі, сюды ідуць найноўшыя тэхналогіі. Без Афрыкі свет развівацца не можа, - заявіў беларускі лідар. - Без яе не можа быць ніякага планетарнага развіцця. Таму тут усе ўладныя людзі: і ЗША, і Кітай, і Расія, і Вялікабрытанія, увесь Еўрапейскі саюз і гэтак далей. Будучыня за Афрыкай".

 Аляксандр Лукашэнка з  Эмерсанам Мнангагвам

Сяргей Алейнік поўнасцю падтрымаў гэты тэзіс кіраўніка беларускай дзяржавы. "Гэта абсалютная ісціна. Афрыка - другі пасля Еўразіі мацярык на планеце. Больш за паўтара мільярда насельніцтва. Шэраг краін гэтага рэгіёна вельмі дынамічна развіваюцца. Больш таго, згодна з прагнозамі дэмаграфічнага росту, хутчэй за ўсё колькасць насельніцтва будзе расці менавіта ў Афрыцы. Прычым доля моладзі ў складзе насельніцтва дасягне да 2050 года каля 60 працэнтаў. І ўсе гэтыя маладыя людзі маюць патрэбу ў харчаванні, адукацыі, працы, жыллі і ахове здароўя. Зразумела, урады афрыканскіх краін будуць рабіць усё, каб задаволіць гэтыя асноўныя сацыяльна-эканамічныя патрэбнасці. А ў нас дастаткова кампетэнцый, каб знайсці агульныя інтарэсы ў гэтых сферах і выбудаваць супрацоўніцтва", - падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Не сакрэт, што афрыканскі кантынент цяпер займае вядучыя пазіцыі ў свеце менавіта па тых сыравінных таварах, якія не маюць аналагаў і жыццёва неабходныя для развіцця інавацыйных тэхналогій XXI стагоддзя, заўважыў Сяргей Алейнік. Паводле існуючых прагнозаў, Афрыка ў 2030-я гады можа стаць адным з найважнейшых глабальных рэзерваў крыніц сыравіны ў рамках новай вытворчай рэвалюцыі, што пачынаецца. Акрамя таго, гэта дынамічна растучы рынак працоўнай сілы, тэхналогій. "Як мы ведаем, усе ўладныя людзі, асноўныя краіны, выдатна гэта ведаюць, усведамляюць і спрабуюць заняць свае нішы на Афрыканскім кантыненце. Тут не проста прысутнічаюць, а актыўна канкурыруюць ЗША, Кітай, Індыя, Расія, краіны Еўрапейскага саюза. Менавіта таму яны вельмі сур'ёзна назіраюць за пашырэннем беларускага супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента", - звярнуў увагу міністр.

"Гэты рэгіён няпросты, гэта таксама праўда, - прызнаў ён. - Не кожная краіна можа дазволіць сабе тут працаваць. І нам не заўсёды і не ўсё лёгка даецца ў Афрыцы. Але мы даўно і планамерна выбудоўваем свае адносіны з краінамі Афрыканскага кантынента".

Кіраўнік МЗС нагадаў, што Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 51 дзяржавай кантынента. У Афрыцы дзейнічаюць 5 загранустаноў нашай краіны: у Егіпце, Нігерыі, Кеніі, ПАР і Зімбабвэ. "Гэта нашы так званыя апорныя пункты, вакол якіх мы выбудоўваем супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі", - сказаў ён.

Пры гэтым беларуская мадэль работы з афрыканскімі партнёрамі ў корані адрозніваецца ад заходняй. Яны па-ранейшаму выцягваюць рэсурсы і спрабуюць усяляк не дапусціць ператварэння Афрыкі ў суб'екта сусветнай геапалітыкі. У адрозненне ад Захаду, Беларусь гатова ўсяляк гэтаму садзейнічаць. "Таму першапачаткова мы выбудоўвалі наша ўзаемадзеянне і адносіны з краінамі Афрыканскага кантынента на сучаснай парадыгме шматпалярнага свету. Мы ствараем сумленныя, раўнапраўныя, узаемавыгадныя, узаемапаважлівыя адносіны, нясём тэхналогіі, навучаем людзей, прызнаём разнастайнасць шляхоў развіцця, прапануем розныя кааперацыйныя і інвестыцыйныя праекты, пры гэтым не ставім ніякіх дадатковых умоў", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.

Ён перакананы, што праведзены дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Зімбабвэ якраз пацвердзіў перспектыву і правільнасць выбранай нашай краінай стратэгіі.

Дзеля міру і стварэння. Кіраўнік МЗС аб глабальным значэнні фундаментальнага візіту Прэзідэнта ў Зімбабвэ

Беларусь на працягу многіх гадоў планамерна выбудоўвае адносіны з шэрагам краін рэгіёна, у тым ліку з Зімбабвэ, і гатова прадаўжаць гэту работу, аб чым сведчыць і візіт на дзяржаўным узроўні. "Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна - Беларусь, якая заўсёды гатова падставіць вам плячо ў любой сітуацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час візіту.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Беларусь нацэлена працаваць разам з кіраўніцтвам Зімбабвэ на карысць народа гэтай краіны: "Мы з глыбокай павагай і ўдзячнасцю ставімся да народа Зімбабвэ. Мы, і гэта я хачу асобна падкрэсліць, ідзём у Афрыку не для таго, каб несці нейкія ілюзорныя дэмакратычныя каштоўнасці. А ідзём працаваць разам з вашымі кіраўнікамі на карысць народа Зімбабвэ".

Стваральны характар беларуска-зімбабвійскага ўзаемадзеяння падкрэсліў і Сяргей Алейнік. Паводле яго слоў, візіт Аляксандра Лукашэнкі трэба разглядаць як адзін са многіх канкрэтных крокаў у рамках так неабходнага сёння ўсім міру і стварэння, якім прысвечаны бягучы год у беларускай палітыцы - як унутранай, так і знешняй.

Дзяржаўны візіт у Зімбабвэ міністр лічыць "па-сапраўднаму фундаментальнай вяхой у беларуска-афрыканскіх адносінах", таму што гэта першы візіт такога ўзроўню ў краіны Афрыкі на поўдзень ад экватара. А сумарны эканамічны эфект ад яго, паводле падлікаў МЗС, складае прыкладна $200 млн.

З 2020 года Беларусь актыўна супрацоўнічае ў рамках праграмы па механізацыі, паставіла ў фермерскія гаспадаркі Зімбабвэ больш як 1,8 тыс. трактароў і амаль 80 збожжаўборачных камбайнаў, што дапамагло гарантаваць харчовую бяспеку краіны. "Але гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш як 3,7 тыс. адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу бліжэйшага паўтара года", - сказаў Прэзідэнт.

Для патрэб мясцовых муніцыпалітэтаў у Зімбабвэ пачаты пастаўкі пажарных аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Акрамя таго, у Зімбабвэ паспяхова ўжо эксплуатуецца кар'ерная тэхніка БЕЛАЗ. Бакі дамовіліся аб пастаўцы ў бліжэйшы час яшчэ звыш 30 самазвалаў, якія будуць працаваць у Зімбабвэ.

У Харарэ ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны восем двухбаковых дакументаў. У тым ліку пагадненні аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб стварэнні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве. Заключаны двухбаковы мемарандум аб узаемаразуменні, аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі. Падпісана міжурадавае пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць. Яшчэ адно пагадненне - аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі Мінск і Харарэ.

Бакі дамовіліся аб рэалізацыі інвестыцыйных і кааперацыйных праектаў у розных сферах, што стане асновай для прадаўжэння супрацоўніцтва. "У галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў. Мы таксама ўмовіліся, што гэтыя кантракты і нашы дамоўленасці, якіх мы дасягнулі, стануць асновай для прадаўжэння нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі зімбабвійскаму боку будзе цікава стварэнне сумесных вытворчасцей у Зімбабвэ і ў Беларусі, мы гатовы на гэта ісці. Атрымліваючы сыравіну з Зімбабвэ, мы будзем разам з вашымі спецыялістамі перапрацоўваць гэту сыравіну на прадпрыемствах у Беларусі. І дзяліць адпаведны прыбытак. Таксама мы вітаем уваходжанне зімбабвійскага капіталу ў капітал нашых прадпрыемстваў, - сказаў беларускі лідар. - Мы не выключылі з Прэзідэнтам работу па бартарных схемах. І для гэтага будзе створана спецыяльная група спецыялістаў, якая вызначыць адпаведныя тавары".

Пасольства Зімбабвэ адкрыецца ў Беларусі. Кіраўнік МЗС назваў прыблізныя тэрміны

Як падкрэсліў Сяргей Алейнік, супрацоўніцтва з Зімбабвэ прадоўжыцца не толькі ў эканамічнай плоскасці, але і па лініі знешнепалітычных ведамстваў. "Мы чакаем візіт міністра замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ ў Беларусь у канцы сакавіка (2023 года. - Заўвага БЕЛТА). Чакаем, што да гэтага моманту завершацца падрыхтоўчыя працэдуры па адкрыцці пасольства Зімбабвэ ў Беларусі. Такая дамоўленасць таксама была дасягнута ў час візіту, - сказаў ён. - Упэўнены, гэта дасць магчымасць больш поўна рэалізаваць існуючы патэнцыял узаемадзеяння і канверсаваць нашы даўнія дружалюбныя, узаемапаважлівыя адносіны ва ўзаемавыгадныя праекты з высокай дабаўленай вартасцю".

Трэцім будзеш, або Як на фундаменце супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ выбудаваць адносіны з Мазамбікам

Вопыт пазітыўнага ўзаемадзеяння з Зімбабвэ адкрывае перад Беларуссю дадатковыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва і з іншымі краінамі Афрыкі. У час візіту Прэзідэнта, у прыватнасці, ішла размова пра Мазамбік. "Буйнейшая краіна - побач, узбярэжжа - тысяча кіламетраў, аграрная краіна. Патрабуе велізарных укладанняў у сельскую гаспадарку. Мы ўжо маем вопыт. І Прэзідэнт (Зімбабвэ. - Заўвага БЕЛТА) гаворыць: "Гэта мой сябар - Прэзідэнт Мазамбіка". Мы ў бліжэйшы час абмяркуем, як наш вопыт - Зімбабвэ і Беларусі - перанесці на Мазамбік", - расказаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці аб ходзе перагавораў.

Наконт гэтага Сяргей Алейнік выказаўся так: "Вядома, мы ў гэтым зацікаўлены і ўжо ў бліжэйшы час плануем больш грунтоўна абмеркаваць перспектывы нашай сумеснай работы, у тым ліку і трохбаковай, на гэтым напрамку".

Што стане прыярытэтам у адносінах з краінамі Блізкага Усходу. ААЭ як адзін з паказальных прыкладаў

Інфармацыі пра наведванне Прэзідэнтам Беларусі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў не так многа ў параўнанні з узроўнем асвятлення яго дзяржаўнага візіту ў Зімбабвэ. Гэта можна растлумачыць у тым ліку і іншымі традыцыямі краін Блізкага Усходу, дзе грамадству не так уласціва адкрытасць і эмацыянальнасць, як у Афрыцы. Аднак аб вялікай рэзультатыўнасці наведвання ААЭ можна меркаваць хаця б па разнастайнасці напрамкаў супрацоўніцтва, якія былі абазначаны па выніках перагавораў двух лідараў.

У час візіту ў ААЭ кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам Бен Заідам аль-Нахаянам. Лідары дамовіліся аб супрацоўніцтве па больш як дзясятку напрамкаў: у сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Акцэнт быў зроблены і на гуманітарнай сферы. Згодна з дамоўленасцямі, у бліжэйшы час у Беларусь прыбудзе вялікая дэлегацыя спецыялістаў, якія на месцы адпрацуюць канкрэтныя пытанні па акрэсленых напрамках узаемадзеяння.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі